• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На Магілёўшчыне правялі ў апошні шлях пісьменніка Фелікса Шкірманкова

    У Слаўгарадзе 6 студзеня развіталіся з пісьменнікам, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, даўнім сябрам бажаўцаў Магілёўшчыны Феліксам Уладзіміравічам Шкірманковым. Ён памёр 4 студзеня ў бальніцы пасля цяжкой хваробы.

    Фелікс Шкірманкоў

    Фелікс Уладзіміравіч адыйшоў у іншы свет на 95-ым годзе жыцця, ён захварэў на каранавірусную інфекцыю. Нягледзячы на сталы ўзрост, пісьменнік да апошніх дзён захоўваў светлы розум, працягваў працаваць над новымі творамі.

    Пахавалі Фелікса Шкірманкова на могілках у родным Слаўгарадзе побач з бацькамі і каханай жонкай Верай Васільеўнай. Правесці яго ў апошні шлях сабралася паўтара дзясятка чалавек — родныя і блізкія пісьменніка, паплечнікі з Партыі БНФ, сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

    Фелікс Шкірманкоў на працягу многіх гадоў сябраваў з бажаўцамі Магілёўшчыны, яго артыкулы, вершы і ўспаміны рэгулярна друкаваліся ў крычаўскай газеце “Вольны горад”, іншых незалежных выданнях Магілёўшчыны.

    Падчас развітання на могілках праваслаўны святар адслужыў памінальную паніхіду, пасля чаго з кароткімі прамовамі выступілі аднапартыйцы і сябры Фелікса Уладзіміравіча: старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Руху “За свабоду” Пётр Мігурскі, рэдактар крычаўскай газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны, старшыня магілёўскай суполкі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Барыс Вырвіч.

    На адрас ветэрана, пісьменніка і проста вельмі годнага чалавека прагучала шмат цёплых слоў. Добрая памяць пра Фелікса Уладзіміравіча засталася ў яго творах і ў сэрцах яго сяброў…

    Фелікс Шкірманкоў нарадзіўся 27 траўня 1926 года ў Прапойску, сённяшнім Слаўгарадзе. Ён быў ветэранам вайны, сябрам партыі БНФ, Саюза беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. На працягу многіх гадоў Фелікс Уладзіміравіч падтрымліваў сяброўскія стасункі з магілёўскімі і крычаўскімі бажаўцамі, рэгулярна прымаў удзел у сумесных мерапрыемствах.

    З ліпеня 1941 г. Шкірманкоў актыўна ўдзельнічаў у партызанскім руху. У лістападзе 1943 года быў цяжка паранены. Пасля закачэння ваенна-інжынернай вучэльні ў званні малодшага лейтэнанта накіраваны на 4‑ы Украінскі фронт камандзірам сапёрнага ўзводу. Вайну скончыў пад Прагай. Падчас вайны чатыры разы паранены, узнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны першай ступені, медалямі “За адвагу”, “Партызану Айчыннай вайны” першай ступені, “За Перамогу над Германіяй”. Пасля вайны служыў у органах дзяржбяспекі, працаваў у геалагічнай выведцы на Далёкім Усходзе, быў старшынёй Слаўгарадскага савета дэпутатаў.

    Фелікс Шкірманкоў выдаў шмат кніг рознага літаратурнага жанру. Сярод яго твораў — успаміны, замалёўкі, абразкі, ваенныя і геалагічныя апавяданні, паэтычная кніга на рускай мове, кнігі вершаў па-беларуску.

    На знак прызнання заслуг у нацыянальным дэмакратычным руху Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў 2019 годзе ўзнагародзіла ветэрана вайны, літаратара і аднаго са старэйшых сябраў Партыі БНФ Фелікса Шкірманкова медалём да 100-годдзя БНР.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці