• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «На Ігара, мяне і нашу Паўліну іх было чалавек 15». Як два гады таму затрымлівалі Ігара Лосіка

    Журналіст «Свабоды» Ігар Лосік за кратамі роўна два гады, яго арыштавалі ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году.

    22 чэрвеня Ігар Лосік «знайшоўся» ў Наваполацкай калёніі ўзмоцненага рэжыму, куды палітвязьня і журналіста Свабоды накіравалі адбываць пакараньне зь СІЗА‑3 Гомля. Па словах Дар’і Лосік, лістоў з новага месца Ігар пакуль не дасылаў. Бліжэйшым часам яна паспрабуе трапіць у Наваполацак і даведацца больш пра стан мужа і ўмовы яго ўтрыманьня. І пра тое, калі яму можна будзе зрабіць перадачу.

    25 чэрвеня споўнілася роўна два гады з моманту затрыманьня. Дар’я Лосік узгадвае падзеі таго дня, а таксама некалькіх папярэдніх.

    «Быў адзін суворы грамадзянін, пагражаў узарваць дзьверы»

    «На самой справе той дзень пачынаўся звычайна, — расказвае Дар’я Лосік. — Звычайны сямейны сьняданак, звычайныя зборы на шпацыр з дачкой у вазочку. Паўліна яшчэ была маленькая, паўтара года. Мы, як звычайна, выйшлі прагуляцца на паветра, было добрае надвор’е, цёпла. А калі вярнуліся дадому і выйшлі зь ліфта на пляцоўку, там было вельмі шмат людзей. Мы зразумелі, што яны тут ня проста так».

    Дар’я кажа, што пасьля гэтага ўсе мужчыны зь лесьвічнай пляцоўкі зайшлі ў іх кватэру, пачаўся ператрус, які скончыўся тым, што Ігара невядомыя мужчыны павезьлі з сабой.

    Некаторыя зь іх пры гэтым пераконвалі Дар’ю, што Ігар хутка вернецца дадому і яму спатрэбяцца грошы на грамадзкі транспарт, каб гэта зрабіць.

    Ніхто зь сілавікоў не называў уцямна сваіх імёнаў і прозьвішчаў, толькі разгортвалі на кароткі час свае пасьведчаньні. Дар’я Лосік прызнаецца, што нават не пасьпявала там штосьці пабачыць.

    «Былі людзі ў масках таксама і ля пад’езду, калі мы заходзілі ў дом, — узгадвае Дар’я. — Але я на іх тады чамусьці не зьвярнула ўвагі. Агулам іх было даволі шмат. На Ігара, мяне і нашу Паўліну іх было чалавек 15. Паводзілі сябе як блазны. Ужо пасьля ператрусу сказалі мне, што Ігар пад’едзе хутка дадому, казалі яму ўзяць грошы на талёнчык. Усе былі ў масках і балаклавах. Але быў адзін суворы грамадзянін. Калі я спрабавала не пускаць іх у кватэру, якая належыць майму бацьку і тэарэтычна безь яго прысутнасьці нельга там праводзіць ператрус, ён пагражаў узарваць дзьверы».

    Дар’я кажа, што ў канцы чэрвеня 2020 году была яшчэ вельмі недасьведчаная.

    Прызнаецца, што не заўважала, каб за іхнай зь Ігарам сям’ёй сачылі, ня бачыла нейкіх іншых пагрозаў. Для яе асабіста ўсё было як звычайна, зьявілася толькі нейкае незразумелае пачуцьцё трывогі.

    «Штосьці мяне насьцярожвала ўсё ж, недзе за тыдзень да затрыманьня ўзьнікла такое пачуцьце, — узгадвае Дар’я. — Мне стала страшна яго адпускаць некуды аднаго. У краму або ў шпіталь. Ігар захварэў крыху тады і хадзіў адзін да лекара. Сам Ігар мне нічога не расказваў. Мяркую, што ён калі і адчуваў нешта, то баяўся мяне напалохаць».

    «Я ня памятаю першыя два месяцы пасьля арышту Ігара»

    У першы вечар пасьля ператрусу і затрыманьня Ігара да Дар’і прыехала яе маці. Сама Дар’я не магла заснуць. У той жа дзень 25 чэрвеня яна даведалася, што талёнчык на аўтобус у Баранавічах яе мужу не спатрэбіцца, а сам ён амаль адразу трапіў на Акрэсьціна і застанецца там, пакуль не прад’явяць абвінавачаньні.

    «Першыя два месяцы пасьля затрыманьня Ігара я амаль не разумела, што адбываецца навокал, — расказвае Дар’я. — Магла толькі перадаваць перадачы. Гэта быў настолькі глыбокі стан дэпрэсіі, што я нават нічога ня памятаю. Ні таго, што рабілі мае родныя, ні таго, што з Паўлінай было ў той час. Толькі паездкі на Валадарскага зь перадачамі. Памятаю, што хадзіла два разы на допыты. Але больш нічога, зусім не засталося нічога ў памяці. Памятаю пытаньні, якія мне задавалі падчас допытаў. Я пад падпіскай, не магу іх цытаваць, але там былі такія пытаньні, што сьледчы мог бы з такім самым посьпехам і пра пачвару возера Лох-Нэс спытаць».

    Ігара Лосіка няма дома ўжо два гады, яго дачка Паўліна даўно гуляе без вазка. Дар’я кажа, што і сама яна за гэты час моцна зьмянілася.

    «Ува мне адбыліся вялікія перамены, гэта факт, — кажа Дар’я. — Таму што калі цяпер здараецца нейкая страшная ці ня вельмі прыемная сытуацыя зь Ігарам, то я ня плачу, як рабіла гэта напачатку. Я не дэпрэсую. Ува мне ўключаецца шал. Я думаю, куды пайсьці, да якога бліжэйшага адказнага. Альбо як зрабіць так, каб пра ўсё даведалася як мага больш людзей».

    Дар’я таксама расказвае, што Ігар за гэтыя два гады ня вельмі моцна зьмяніўся. Яна напачатку перажывала, што ён пачне карыстацца нейкімі непрыемнымі словамі, стане падобны да зьняволенага. Аднак гэтага не адбылося.

    «Калі ў нас было першае спатканьне 27 траўня 2021 году, я зьдзівілася, што ён застаўся такі ж мяккі і рамантычны, нягледзячы на ўмовы, у якіх знаходзіцца, — кажа Дар’я Лосік пра мужа. — Ён кажа, што цяпер яму ўжо стала ўсё адно, у якіх умовах яго ўтрымліваюць. Бо за час знаходжаньня ў Жодзіне ў падвальным памяшканьні прызвычаіўся да ўсяго. Ігар стаў больш жорсткі да таго, дзе ён знаходзіцца. У гэтым Ігар зьмяніўся».

    • 14 сьнежня 2021 году журналіст Свабоды Ігар Лосік быў асуджаны на 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Вярхоўны суд пакінуў прысуд бязь зьменаў. Паводле яго рашэньня Ігар павінен знаходзіцца за кратамі яшчэ 13 гадоў. Напісаць Ігару можна па адрасе ПК № 1, 211440, г. Наваполацак, вул. Тэхнічная, 8, Ігару Аляксандравічу Лосіку (на лістах пазначайце «карантын»).

    Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

    На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

    Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

    Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

    15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

    11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

    Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачаньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.

    Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка. Жонка прыяжджала да месца закрытага суду і дзяжурыла каля будынку, нават ня маючы шанцаў зайсьці і пабыць на працэсе.

    14 сьнежня ў будынку СІЗА‑3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:

    • Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня,

    • Арцёму Сакаву — 16 гадоў,

    • Міколу Статкевічу — 14 гадоў,

    • Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў,

    • Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў,

    • Уладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў зьняволеньня.

    Чытайце яшчэ:

    «Для ТГ и «экстремистских» сайтов завел отдельный телефон, с которым никуда не хожу»

    Не хватает доказательств? Судебный процесс по «делу БелаПАН» приостановлен

    «Скончыўся каранцін, мяне перавялі ў атрад»: новы ліст ад нашаніўца Андрэя Скурко

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці