На гомельскую журналістку Драбышэўскую склалі адразу два пратаколы
Адразу два адміністрацыйныя пратаколы склаў участковы інспектар Чыгуначнага РАУС Гомеля Юрый Град у дачыненні да журналісткі-фрылансеркі Марыны Драбышэўскай за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканалу “Белсат” – на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.
У ліпені гэта былі відэасюжэты пра вулічную музыку ў Гомелі, а таксама пра пастаноўку ў лялечным тэатры спектакля паводле рамана Іллі Эрэнбурга “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца”.
“Участковы інспектар напісаў, што я не толькі падрыхтавала відэасюжэты, але і, як сказана ў пратаколе, “апублікавала ў праграме “Аб’ектыў” польскага тэлеканала “Белсат”. Нікога ўжо не цікавіць, што я з’яўляюся карэспандэнтам газеты “Новы час”, маю права па Канстытуцыі збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, у тым ліку і ў інтэрнэце. Такія акалічнасці ўжо пад увагу не бяруцца. Вінаватая – і ўсё тут. Галоўнае пакараць штрафам”, – сказала службе маніторынгу ГА «БАЖ» Марына Драбышэўская на прэтэнзіі міліцыі.