На Дзяды еўрапейскія дыпламаты наведалі Курапаты. Там іх чакаў дэсант дзяржаўнай прэсы
30 кастрычніка дыпламаты краін Еўрапейскага саюза, Вялікабрытаніі і Швейцарыі наведалі Курапаты. На іх зноў «спусцілі» прапагандыстаў з абразамі, хамствам і правакацыйнымі пытаннямі, піша «Наша Ніва».
«З нагоды Дзядоў, Дня памяці продкаў, паводле даўняй традыцыі дыпламаты краін Еўрапейскага саюза, Вялікабрытаніі ды Швейцарыі наведалі Курапаты, каб ушанаваць памяць пра незлічоныя жыцці і таленты, знішчаныя пошасцю таталітарызму. Народны мемарыял Курапаты — сведка нястомнай працы многіх адважных беларусаў, што ў любое ліхалецце дбалі пра абарону годнасці ахвяр і нацыянальнай гістарычнай памяці. Маем надзею, што ўрокі гісторыі будуць засвоеныя», — гаворыцца ў паведамленні дыпламатаў.
«Чарговай правакацый» ад «еўракрасельшчыкаў» назвалі ў сваіх паведамленнях гэта прапагандысты.
«Выконваючы брудныя заказы сваіх куратараў з‑за бугра, з маркотнымі тварамі і беднымі букецікамі, прадстаўнікі замежных дзяржаў працягваюць нахабна карыстацца сваім статусам. Палітычная акцыя, няйначай. Большасць з іх нават не разумелі, навошта яны там. На пытанні журналістаў — суцэльнае маўчанне і апушчаныя вочы», — распавядае СТБ.
Дыпламаты ў асноўным маўчалі ў адказ на правакацыі прапагандыстаў. Некаторыя з іх адкрыта казалі, што не хочуць з тымі размаўляць. «Ну, у вас жа ёсць язык? Вы можаце адказаць?» — удакладняў карэспандэнт СТБ.
«Патлумачце сваю пазіцыю! Ну раскажыце беларускім журналістам, навошта вы сюды прыехалі?» — чапляліся, спрабуючы злавіць хоць на чым прапагандысты.
Была там і супрацоўніца СБ Людміла Гладкая. Прапагандыстка традыцыйна накідвалася на дыпламатаў з патрабаваннямі: «Прадстаўцеся! Што вы тут робіце? Назавіце каго-небудзь з ахвяр сталінскага тэрору!»
Гладкая анансавала свой візіт у Курапаты так, што паглядзела ў акно — надвор’е кепскае. «Падумала: ну няўжо нейкая нечысць выпаўзе сёння ў Курапаты. І вы ведаеце, нечысць выпаўзла», — сказала Гладкая.
Чытайце яшчэ:
Анджэй Пачобут застаецца без неабходных яму лекаў і знаходзіцца ў ізаляцыі
«Я адрозніваю, дзе прапаганда, а дзе праўда. Тады мне варта паступаць на журфак БДУ?» На складанае пытанне адказвае Глафіра Жук
«Вся страна сейчас живет так, как годами жили пострадавшие от домашнего насилия». Большой разговор с Ольгой Горбуновой