На двух арыштаваных аўтараў «Рэгнума» завялі новыя крымінальныя справы (дапоўнена)
На двух арыштаваных аўтараў расійскага агенцтва «Рэгнум» — Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыпценкі — завялі новыя крымінальныя справы па артыкуле аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Гэтую інфармацыю паведаміў са спасылкай на свае крыніцы БелаПАН, і ў дачыненні да свайго мужа пацвердзіла TUT.BY Любоў Паўлавец.
Новая справа па ч. 1 артыкула 233 КК (да 3 гадоў пазбаўлення волі) заведзена яшчэ 6 мая. Любоў Паўлавец не ведае, у чым канкрэтна падазраюць яе мужа па гэтым артыкуле.
Таксама ў дачыненні да ўсіх трох арыштаваных аўтараў «Рэгнум» (двое згаданых плюс Дзмітрый Алімкін) працягваецца справа аб распальванні нацыянальнай варожасці за іх тэксты на сайтах расійскага агенцтва і яшчэ некалькіх анлайн-СМІ.
Па словах жонкі Паўлаўца, следчы запэўніў яе, што да канца чэрвеня будуць гатовыя вынікі экспертызы тэкстаў.
Паводле яе даных, следства па справе яе мужа падоўжана да 28 жніўня. Любоў Паўлавец таксама паведамляе пра шэраг працэсуальных парушэнняў. Паводле яе слоў, СК ужо два месяцы не рэагуе і не выдае адвакату яе мужа выпісаную Паўлаўцом даверанасць на прадстаўленне яго інтарэсаў у судах да Мінінфарма і газеце «СБ Беларусь сегодня» аб абароне гонару і годнасці.
- Пасля 3 месяцаў перапіскі з СК пракуратура горада Мінска прадпісала аддаць даверанасць адвакату. Ужо прайшло практычна два месяцы, даверанасць так і не аддалі.
Атрымаць каментар у Следчым камітэце пакуль не ўдалося.