На БТ 25 снежня замест паслання ад каталіцкага іерарха выступіць… праваслаўны мітрапаліт Веніямін
25 снежня Раство Хрыстовае адзначаюць каталікі, пратэстанты, уніяты і частка праваслаўных. Традыцыйна ў ноч на 25 снежня на тэлеканале «Беларусь-1» транслюецца святочная імша з аднаго з касцёлаў, а раніцай да вернікаў звяртаецца мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архідыяцэзіі Тадэвуш Кандрусевіч.
Аднак сёлета гледачы заўважылі ў праграме перадач змены. Ранкам да вернікаў звернецца праваслаўны іерарх, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. Афіцыйная нагода — дзень памяці свяціцеля Спірыдона.
Прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юрый Санько нават усміхнуўся, калі пачуў пытанне.
«А вы не ведаеце чаму? Няма мітрапаліта — няма звароту», — кажа ён.
Тадэвуш Кандрусевіч ад верасня не можа вярнуцца ў Беларусь. Улады адмаўляюць яму ва ўездзе ў краіну, нібыта праз тое, што ў святара ёсць другое грамадзянства, праўда, доказаў гэтаму прадстаўлена так і не было. Многія звязваюць ціск на Кандрусевіча з тым, што ён у дні пасля выбараў не хаваў сваю пазіцыю.
«НН» пацікавілася, чаму да вернікаў у такім выпадку не звернецца дапаможны біскуп Юрый Касабуцкі? «Калі рыхтавалася трансляцыя святочнай імшы, то нам было даведзена, што яе можа праводзіць хто заўгодна, але не біскуп Касабуцкі».
Святочная імша сёлета будзе транслявацца з Магілёва, а праводзіць яе будзе біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Атрымаць каментар прэс-службы «Беларусь‑1» з гэтай нагоды пакуль не атрымалася.