На блогера Эдуарда Пальчыса завялі крымінальную справу
Ён застаецца пад вартай.
Эдуарда Пальчыса мусілі сёння выпусціць пасля 30 сутак на Акрэсціна. Тэлеграм-канал Антона Матолькі паведаміў, што на Эдуарда заведзена крымінальная справа цэнтральным апаратам СК.
Ён застаецца пад вартай.
Эдуард Пальчыс быў затрыманы 27 верасня. Эдуард не жыў у сваім доме ў Лідзе з 15 чэрвеня, калі быў асуджаны да 15 сутак арышту за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў, які праводзіў Сяргей Ціханоўскі ў Мінску на Камароўскім рынку 24 мая. Паводле слоў яго родных, Пальчыс планаваў з’ехаць з Беларусі, але не прыйшоў у дамоўлены час на сустрэчу з кіроўцам, які павінен быў давезці яго да мяжы. Потым Эдуард знайшоўся ў ізалятары.
Падчас правядзення выбарчай кампаніі ўладамі мэтанакіравана пераследаваліся блогеры папулярных анлайн-рэсурсаў, некаторыя з якіх да гэтага часу знаходзяцца пад вартай і прызнаныя палітвязнямі. Ім прад’яўленыя абвінавачванні па арт.342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Цяпер пад вартай знаходзяцца дзесяць блогераў.
Эдуард Пальчыс: Трэба менш чытаць расійскі кантэнт, дудзей, “Эхо Москвы”