• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На АНТ закрылі ток-шоу Вадзіма Гігіна «Справа прынцыпу»

    Ад новага тэлевізійнага сезона на канале АНТ перастае выходзіць штотыднёвае шоу Вадзіма Гігіна «Справа прынцыпу». Перадача цягам апошніх гадоў выходзіла ў эфір па панядзелках а 21 гадзіне пасля вечаровага выпуску «Нашых навін».

    «Справа прынцыпу» прыцягвала да сябе ўвагу тым, што Вадзім Гігін запрашаў на праграму людзей розных палітычных поглядаў. Нярэдка гасцямі там былі апазіцыйныя палітыкі, незалежныя палітолагі і эканамісты, журналісты недзяржаўных СМІ. Аднак абавязкова ў перадачах удзельнічалі прарасійскія актывісты, як казацкі «атаман» Пятро Шапко, публіцысты Аляксей Дзерман, Пятро Пятроўскі, заходнерусісты Зелянкоўскі і Бендзін. Гэта выклікала абурэнне шмат у каго.

    Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Вадзіму Гігіну кіраўніцтвам АНТ было прапанавана не артыкуляваць настолькі выразна прарасійскую пазіцыю падчас перадач. У выпадку ж нязгоды, знайсці больш адпаведную ягоным поглядам пляцоўку. Ёсць імавернасць, што ток-шоу з вядучым Вадзімам Гігіным хутка з’явіцца на тэлеканале «Мір».

    «Усе пытанні адносна АНТ накіроўвайце ў прэс-службу АНТ», — адказаў «НН» Вадзім Гігін. Болей размаўляць ён не захацеў.

    Прэс-сакратар АНТ да панядзелка знаходзіцца ў адпачынку, а больш на тэлеканале ніхто не дае каментароў.

    Вадзім Гігін адначасова з’яўляецца дэканам філасофскага факультэта БДУ. Раней ён быў рэдактарам часопіса «Беларуская думка».

    Цяпер на АНТ па панядзелках будзе выходзіць новае шоу — «Наша жыццё». Яго вядучым стане Дзмітрый Бачкоў, які да нядаўняга часу вёў аналагічнае шоу на тэлеканале «Беларусь‑1» «Форум». Не так даўно Бачкоў абвесціў аб сваім рашэнні сысці з БТ. Замену на «Беларусь‑1» Бачкову пакуль не знайшлі.

    Першы запіс новай перадачы прайшоў 8 верасня. Выпуск будзе прысвечаны тэме тэрарызму. З недзяржаўнага сектара прысутнічаў толькі лідар кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.

    «Бачкоў менш жорсткі вядоўца за Гігіна, больш далікатны. Але было б файна, каб на АНТ было два ток-шоу, а не адно. Яны вельмі розныя людзі, але ў кожнага ёсць свае перавагі», — кажа Дзмітрыеў.

    Адрозненні ад «Справы прынцыпу» ў тым, што перадача Гігіна запісвалася каля 1 гадзіны 5 хвілін, таму з яе амаль нічога не выразалася, толькі тэхнічныя агрэхі. Што тычыцца «Нашага жыцця», то яе запіс ішоў каля 2,5 гадзін, у эфір жа пойдуць стандартныя 45—50 хвілін.

    Андрэй Дзмітрыеў адзначае, што для «Нашага жыцця» зрабілі досыць якасную новую студыю. «Паставілі ўтульныя крэслы, бо ў «Справе прынцыпу» ты адразу ў іх тапіўся, было нязручна сядзець».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці