На АНТ не ведаюць, калі пакажуць скандальнае ток-шоу «Час пакажа» пра Беларусь
24 лістапада ў праграме "Час пакажа" ("Время покажет") на расійскім Першым канале абмяркоўвалі гісторыю Беларусі. Вядучы Арцём Шэйнін увесь час спрабаваў правесці паралелі паміж сітуацыяй у Беларусі і ва Украіне. А запрошаны ў студыю журналіст Сяргей Строкань заявіў, што абедзьве краіны "спрабуюць выкарыстоўваць гісторыю як кубік Рубіка, складаючы той пазл, які патрэбны".
«Час пакажа» выходзіць на Першым канале штодня з панядзелка па пятніцу. Таксама шоу паказваюць па беларускім тэлеканале АНТ, але не дзень у дзень, а з затрымкай. З якой — не ведаюць нават самі тэлевізіёншчыкі. «С затрымкай, так, але з якой — у нас інфармацыі няма. Таму, калі ў эфіры будзе ўчорашні выпуск — мы не падкажам. Што ў эфіры ёсць — то і ёсць, што пойдзе — то і паставім», — распавялі Еўрарадыё ў праграмнай дырэкцыі АНТ.
Сёння трансляцыя шоу «Час пакажа» запланаваная ў праграме АНТ на 14:10.