• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На Алексіевіч напусьцілі «радыеактыўны попел»: на расейскай ТВ Кісялёў расказаў пра «чорта ў шэрсьці»

    Увечары 25 чэрвеня на тэлеканале «Россия 1» у чарговым выпуску штотыднёвай перадачы «Весткі тыдня зь Дзьмітрыем Кісялёвым» 5 адсоткаў эфірнага часу было прысьвечана беларускай нобэлеўскай ляўрэатцы Сьвятлане Алексіевіч.

    Перадача Кісялёва доўжыцца дзьве гадзіны, зь якіх каля 7 хвілін (пасьля 1 гадзіны і 8 хвілінаў навінаў пра Ўладзімера Пуціна, вайну ў Сырыі, праблемы Ўкраіны і жыцьцё ў так званай «ДНР») вядоўца адвёў на свой маналёг пра беларускую пісьменьніцу, ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі Сьвятлану Алексіевіч.

    Кісялёў абапіраецца на інтэрвію, якое Алексіевіч давала журналісту выданьня «Деловой Петербург» Сяргею Гуркіну, але праз тое, што ён паводзіў сябе, «як прапагандыст», забараніла друкаваць гэты тэкст. Інтэрвію ў выніку было апублікаванае са скарачэньнямі на расейскім прапагандысцкім рэсурсе Reg­num.

    Вядоўца заявіў, што інтэрвію Алексіевіч выклікала «грандыёзны скандал», а праца Гуркіна «бліскучая»: «голымі рукамі ўзяў языка», «паказаў чорта ў шэрсьці».

    Падкрэсьліваючы, што Алексіевіч толькі нядаўна «вярнулася з эміграцыі», Кісялёў так ацэньвае ейную кнігу «У вайны не жаночы твар»: агульнае ўражаньне — «беспрасьветнасьць савецкага рэжыму і Расеі». Ён адзначае, што калі Алексіевіч далі Нобэлеўскую прэмію, «мы праз тэлевізію ветліва даслалі свае віншаваньні паводле прынцыпу „на дзень народзінаў не хамяць“, бо ўсё ж „наша, па-руску піша, боль адчувае, жанчына зноў жа“».

    Ды Кісялёў заявіў, што Алексіевіч «у межах прыстойнасьці не ўтрымалася», а Нобэлеўская прэмія згуляла зь ёй злы жарт:

    «Сьвятлана ўспрыняла ўзнагароду як ахоўную грамату, што яна цяпер сэртыфікаваны заходні інтэлектуал і можа, не саромеючыся ў выразах, выкладаць нутраное стаўленьне да Расеі».

    У словах Алексіевіч Кісялёў пачуў шчыры расізм, русафобію, зьнявагу да правоў расейцаў на ўласную мову, культуру і жыцьцё. Як кажа Кісялёў, расейцы, паводле Алексіевіч, — «тупыя мілітарысты, неспалучальныя з Эўропай», што «ня маюць права на спачуваньне», якіх, як і тых, хто пабачыць у іх большае, «можна і трэба забіваць».

    Усе гэтыя высновы зробленыя на падставе дыялёгу пра забітага ў 2015 годзе ў Кіеве ўкраінскага прарасейскага журналіста Алеся Бузіну:

    Пасьля Кісялёў удакладняе: Алексіевіч усё ж не заклікае да забойстваў наўпрост (як ён казаў за хвіліну да таго), а «заахвочвае забойцаў сваім разуменьнем іхных матываў і поўным неасуджэньнем».

    Ён задаецца пытаньнем: «Што калі адказаць ёй узаемнасьцю? Што калі заб’юць Алексіевіч, то я „зразумею матывы“? Дзіка? Так. Але ж сучасная Эўропа, якую так „распранае“ ў сваіх пасажах Алексіевіч, ці не такая?».

    Кісялёў абураецца тым, што ніхто з эўрапейскіх палітыкаў не асудзіў «крывавы дзяржаўны пераварот», маючы на ўвазе, верагодна, падзеі Эўрамайдану. Расстрэл пратэстоўцаў супраць Януковіча у час Эўрамайдану неаднаразова асуджаўся эўрапейскімі палітыкамі, але ўцёкі Януковіча ў Расею пасьля таго расстрэлу ў Эўропе ня лічацца «дзяржаўным пераваротам».

    Затым Кісялёў сьцьвярджае, што, паводле Алексіевіч, ва Ўкраіне можна «часова скасаваць расейскую мову, каб сцэмэнтаваць нацыю». Алексіевіч сапраўды казала такія словы, але ў кантэксьце забароны навучаньня на расейскай мове: пасьля гэтых словаў, пра што Кісялёў не сказаў, Алексіевіч працягвала: «Калі ласка, размаўляйце па-расейску, але ўсе навучальныя ўстановы будуць, безумоўна, на ўкраінскай», спасылаючыся на тое, што расейцы тое ж рабілі з украінскай і беларускай мовамі ў адукацыі («Калі ў нас беларуская 2 гадзіны на тыдзень, ангельская 4, а астатняе — расейская», — разважала Алексіевіч).

    Урэшце Кісялёў задаецца пытаньнем, што рабіць з «такімі, як Алексіевіч». Ён прапануе такіх «зьберагаць, каб дакладна разумець рэальныя стандарты ва ўстаноўках Захаду ў дачыненьні Расеі». Кісялёў кажа, што «Нобэлеўка» на гэтым прыкладзе так дэградавала, што ўяўляе зусім іншыя эталёны, чым ад яе чакаюць«.

    Пасьля публікацыі інтэрвію на Reg­num з Алексіевіч пажартавалі пракрамлёўскія тэлефонныя пранкеры «Ваван і Лексус»: пісьменьніцы патэлефанавалі, прадставіўшыся міністрам культуры Ўкраіны Яўгенам Нішчуком.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці