• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    МЗС Польшчы: Белсат можа стаць інтэрнэт-парталам

    Запланаваныя змены будуць суправаджацца «скарачэннем, а не спыненнем фінансавання Белсату, праз неабходнасць ажыццяўлення іншых прыярытэтных праграм», — заявіла прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Ёанна Вайда. Яна дадала, што Белсат у выглядзе інтэрнэт-парталу ў будучыні мог бы стаць часткай канала TVP Zagranica, паведамляе polsatnews.pl.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/index1-xjed6.jpg

    Вайда падкрэсліла, што наконт будучыні тэлеканала Белсат «не было прынята рашэння», МЗС працягвае «падтрымку свабодных СМІ і дэмакратычных намаганняў у Беларусі».

    Па словах дырэктара тэлеканала Агнешкі Рамашэўскай-Гузы МЗС плануе скараціць бюджэт Белсата больш чым на дзве траціны — з 17 да 5 мільёнаў злотых. «Такое скарачэнне бюджэту амаль для любой установы азначае яе смерць, — сказала яна на мінулым тыдні. Дадала, што праз фінансавыя праблемы скарачэнне бюджэту таксама плануе польскае тэлебачанне, якое ўключае ў сябе Белсат. — З 26 мільёнаў злотых мы спускаемся да 9 мільёнаў злотых. Гэта дэ-факта ліквідацыя тэлебачання», — акцэнтавала Рамашэўская-Гузы.

    Вайда ў сваёй заяве падкрэсліла, што «намер Міністэрства замежных спраў — не ліквідацыя, а мадэрнізацыя і рэфармаванне тэлеканала Белсат». «Для Міністэрства замежных спраў ключавым пытаннем з’яўляецца эфектыўнасць, таму неабходна мадэрнізаваць і адаптаваць медыя-праекты, арыентаваныя на аўдыторыю за межамі Польшчы, якія ажыццяўляюцца Міністэрствам замежных спраў і TVP. Праграмы павінны мець сучасны і прывабны выгляд адначасова з высокаякасным кантэнтам. Гэта таксама патрэбна, каб дасягнуць максімальна шырокай аўдыторыі», — сказала прэс-сакратар МЗС.

    Як паведаміла Вайда, у сувязі з жаданнем мадэрнізаваць медыя-праекты МЗС вядзе перамовы з польскім тэлебачаннем S.A. «аб стварэнні канала TVP Zagrani­ca, часткай якога маглі б стаць TVP Polo­nia і Белсат у форме, напрыклад, інтэрнэт-парталу». Па словах прэс-сакратара, гэтыя змены могуць дазволіць «павялічыць доступ для беларускага грамадства да незалежнай інфармацыі».

    У заяве адзначаецца, што «агульныя выдаткі на Белсат» — ад моманту стварэння да 2015 года — «склалі каля 220 мільёнаў злотых, пераважна выдаткаваных з дзяржаўнага бюджэту». «Цяпер плануецца скараціць, а не спыніць фінансаванне, у сувязі з неабходнасцю ажыццяўлення іншых прыярытэтных праграм», — зазначыла прэс-сакратар МЗС.

    Вайда таксама заявіла, што стварэнне тэлебачання ў 2007 годзе па сумеснай ініцыятыве МЗС і TVP было «адказам на сітуацыю ў Беларусі». «Міністэрства замежных спраў падтрымлівала тэлеканал фінансава ад самага пачатку яго стварэння», — падкрэсліла яна.

    Па словах прэс-сакратара МЗС, нязменнай застаецца падтрымка польскай дыпламатыі «свабодных СМІ і дэмакратычных намаганняў у Беларусі». «Мы лічым, што свабода слова, свабода выказвання меркаванняў, памяркоўнасці і палітычнага плюралізму з’яўляюцца найлепшым шляхам развіцця беларускага грамадства. З радасцю адзначаем большую адкрытасць Беларусі да Польшчы і іншых краін ЕС у апошні час і спадзяемся на далейшую актывізацыю адносін, — дадала яна.

    Занепакоенасць з нагоды паведамленняў пра магчымыя змены, якія могуць закрануць Белсат, выказаў беларускі Рух «За свабоду», які збірае подпісы за захаванне тэлеканала ў яго цяперашнім фармаце. Зварот у абарону Белсата — накіраваны да прэзідэнта Анджэя Дуды і прэм’ер-міністра Беаты Шыдлы — падпісалі, сярод іншых, прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, грамадскія дзеячы і прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі: лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч, экс-кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч і Уладзімір Някляеў, кіраўнік Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс і вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі.

    Раней Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі ў інтэрв’ю wPolityce.pl сказаў, што змены з’яўляюцца часткай больш шырокага плана трансфармацыі TVP Polo­nia, які мае на мэце стварэнне «аднаго польскага тэлеканала для замежнікаў». «Акрамя таго, беларускі бок гатовы змясціць TVP у беларускіх сетках вяшчання, і яго можа будзе глядзець па ўсёй краіне, — сказаў міністр.

    Ёе таксама адзначыў, што ўплыў Белсата ў рэальнасці «сціплы», у тым ліку таму, што канал не ўключаны ў сетку вяшчання ў Беларусі. На яго думку, дзякуючы трансляцыі TVP Polo­nia на ўсёй тэрыторыі Беларусі сотні тысяч палякаў, і нават беларускае грамадства, бачылі б, як жывуць у суседняй краіне. Гэта таксама паказвала б пэўную палітычную альтэрнатыву. Міністр таксама зазначыў, што МЗС шукае магчымасці эканоміі ў розных напрамках, паколькі Польшча ўзяла на сябе абавязкі па ўзмацненні падтрымкі сірыйскіх бежанцаў».

    Са слоў міністра, рашэнне пра новую канцэпцыю павінны быць прынятае ў бліжэйшыя дні. Міністэрства будзе падтрымліваць фінансаванне, якое дазволіць пазбегнуць звальненняў на Белсаце. Беларуская рэдакцыя не будзе зачынена, а Агнешка Рамашэўская-Гузы «цяпер мае працу ў TVP Polo­nia на высокай пасадзе».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці