«Мы выпісваем тое, што выдае дзяржава» — навошта мінскія школы выпісваюць партыйную газету «Камуніст Беларусі»?
Як высветлілася, мінскія ўстановы адукацыі масава падпісваюцца на партыйнае выданне камуністаў, каб «усебакова валодаць інфармацыяй».
За спіс «рэкамендаванай» прэсы адказваюць у галоўным упраўленні ідэалагічнай і выхаваўчай работы Мінгарвыканкама. Праўда, там паведамілі, што «Камуніст Беларусі» сярод рэкамендаваных выданняў адсутнічае.
Але ж газету мінскія школы сапраўды выпісваюць.
«Гэта мы выпісваем за школьныя грошы, там шэраг выданняў. Яны патрэбныя нам для агульнага развіцця. Мы выпісваем выданні, каб валодаць інфармацыяй з розных бакоў. І гэтыя выданні ні класных, ні дзяцей не датычныя. Гэта метадычная падборка, але ні якім чынам не прапаганда», — распавяла Анжаліка Казлоўская, завуч па выхаваўчай працы мінскай школы №162.
Прыкладна тое ж самае адказалі і ў адной са сталічных гімназій.
«Гэтыя выданні наш асабісты выбар. Мы — гімназія, у нас фінансавая незалежнасць ад упраўлення адукацыі. І выданні, у тым ліку і «Камуніст Беларусі», мы выпісваем за грошы школы, якія зарабілі платнымі паслугамі, — паведаміла «Нашай Ніве» Наталля Шурдзякова, завуч па выхаваўчай працы.
Але ж навошта ў школе выданне беларускіх камуністаў?
«А як вы думаеце? Дзеці якія рыхтуюцца стаць у будучым высокаадукаванымі людзьмі і вельмі добра арыентавацца ў палітыцы — яны могуць ведаць, хто такі камуніст у Беларусі? Адкуль ім гэта ведаць? — задалася пытаннем Шурдзякова. — Калі ў нас апазіцыйныя структуры праводзяць свае гэтыя сходкі, гуляюць па ўсім Мінску, то ім можна, а выпісаць дзяржаўны сродак масавай інфармацыі, то ў некага трэба спытаць дазволу?».
Праўда, на пытанне, ці выпісвае гімназія іншыя партыйныя выданні, завуч не адказала.
«Мы выпісваем тое, што выдае дзяржава, разумееце? Мы дзяржаўная ўстанова адукацыі і выпісваем дзяржаўныя срокі масавай інфармацыі!», — паведаміла яна.
Нагадаем, заснавальнік газеты — Камуністычная партыя Беларусі, а ніяк не дзяржава.