«Мы вымушаныя звольніць фактычна ўсіх». Гутарка з адным з уласьнікаў Tut.by
У інтэрвію Свабодзе адзін з заснавальнікаў і ўласьнікаў Tut.by Кірыл Валошын расказвае пра арыштаваных калег, становішча парталу, ліст з Парку высокіх тэхналёгій і будучыню найбуйнейшага парталу Беларусі, які ўлады спрабуюць зьнішчыць.
Усяго ў справе TUT.BY затрымалі 15 чалавек, у тым ліку і супрацоўнікаў рэдакцыі, якія ў сваёй працы не зьвязаныя з эканамічнай дзейнасьцю кампаніі, выплатай падаткаў і юрыдычнымі аспэктамі. Паводле Валошына, двое затрыманых да Tut. by увогуле ня мелі дачыненьня — гэта дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская, якае мае акцыі гостынгавай кампаніі, але з парталам Tut.by ніяк не зьвязаная.
Што адбылося з Tut.by:
-
Офіс рэдакцыі Tut.by 18 траўня быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР.
-
Пазьней у ДФР паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
-
На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў. Нібыта гэта зьвязана з выкарыстаньнем вонкавага праграмнага забесьпячэньня, што недапушчальна для рэзыдэнтаў ПВТ.
«ПВТ прафэсійна маўчыць»
Сам Парк высокіх тэхналёгій, нягледзячы на абавязак бараніць сваіх рэзыдэнтаў, «прафэсійна маўчыць», кажа Валошын.
«У папяровай пошце мы ўбачылі нават ня копію пастановы, а копію рашэньня ПВТ, маўляў, бывайце, да пабачэньня. Але справа нават не ў лістах, хоць яны яшчэ адзін доказ, што ў рэзыдэнта ПВТ можа быць колькі заўгодна чужога „софту“. У дэкрэце аб парку, у яго другой частцы, так званым ПВТ 2.0, увогуле няма акрэсьленьня, што такое праграмнае забесьпячэньне, што такое распрацоўка. Там напісана, што праграмнае забесьпячэньне мусіць быць распрацавана з удзелам рэзыдэнтаў ПВТ. Думаю, што ўсім відавочна, што абвінавачаньне высмакталі з пальца або з чагосьці іншага. Замежнае праграмнае забесьпячэньне там ёсьць ва ўсіх: Linux, Apache, Window, PHP. Ствараецца прэцэдэнт, хоць ясна, што ў нас непрэцэдэнтнае права. Умоўна кажучы, ты ня ў тым месцы перайшоў дарогу — і ты адлічаны з ПВТ. Але гэты дэкрэт пісаўся з разьлікам на тое, што ў краіне будзе дэмакратыя, што ніхто ня будзе чапляцца да фармулёвак».
Паводле Валошына, ён ня бачыць сэнсу дамагацца ад ПВТ, каб заступіўся за Tut.by. Атаку на партал ён называе скаардынаванай і сплянаванай акцыяй, у тым ліку з ПВТ.
«Дзіўна яшчэ прасіць у акулы, каб яна падвезла да берага. У лістах, якія апублікаваныя зь перапіскі Tut.by і ПВТ, кіраўнік парку Янчэўскі нідзе не адказваў. Мы пісалі на яго імя, адказваў нейкі намесьнік. ПВТ бароніць уладу, якая дала ход дэкрэту. Лёгіка зразумелая. Відаць, усе хочуць застацца на сваіх месцах. Я не выключаю, што дзесьці пад дываном яны спрабавалі спыніць уладу ад разбуральных дзеяньняў. Забіць СМІ, якое чыталі дзьве траціны карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі, гэта трэба пастарацца», — гаворыць Валошын.
Чаму ўсё гэта адбываецца
«Мяркуючы па тым, што сядзіць галоўны рэдактар Марына Золатава, яе намесьніца Вольга Лойка і яскравая журналістка Алена Талкачова, усё зроблена дзеля таго, каб не было ніякіх „Медуз“ (расейскі партал, які працуе з Латвіі, складзены з былой каманды lenta. ru). Журналісты lenta.ru спакойна зьехалі і працягваюць працаваць, нягледзячы нават на статус замежнага агента. Я ўпэўнены, што стаяла задача забіць Tut. by. А паколькі сярод затрыманых Павалішаў і Чарняўская, не зьвязаныя з ПВТ і Tut.by, стаіць задача захапіць Hoster.by».
Што зь іншымі сэрвісамі
«У нас іх было два дзясяткі, і краіна іх пасьпяхова забіла. Напрыклад, Help blog зьбіраў да 60–70% грошай хворым дзецям, падлеткам. Мы яго аднавілі пад новым адрасам. Рэшта, амаль два дзясяткі разьдзелаў, пакуль ідуць у адпачынак, таму што, іранічна кажучы, няма настрою пісаць нешта забаўляльнае і няма фінансавых магчымасьцяў, бо на іх працуе звыш 200 чалавек. Напэўна, улады працягнуць блякаду і ўсіх іншых адрасоў, якія мы б выкарыстоўвалі, таму няма сэнсу весьці гэтыя разьдзелы. Іх наведвальнасьць упадзе драматычна, бо неабходна карыстацца VPN. Пошта пакуль працуе, яна дзейнічае праз „Яндэкс“; спадзяёмся, што зь ёй будзе ўсё ў парадку».
Што з рэклямадаўцамі
«У нас няма варыянтаў. Калі разблякуюць рахунак, будзем вяртаць грошы. Тыя, хто захоча карыстацца альтэрнатыўнымі каналамі для разьмяшчэньня сваёй рэклямнай інфармацыі, праз сацыяльныя сеткі, тэлеграм-каналы, мы будзем удзячныя. Аддзел рэклямы ўжо гэтым займаецца. Але рынак інтэрнэт-рэклямы ў Беларусі мізэрны ў параўнаньні з Польшчай ці Літвой. Ковід і так падкасіў рынак. Забойства Tut.by косіць гэты рынак на траціну або чвэрць. Не забывайце, што тысячы, і гэта не перабольшваньне, тысячы кампаній страчваюць адзін з асноўных, найбуйнейшых каналаў прыцягненьня кліентаў. То бок тысячы прадпрыемстваў Беларусі не атрымаюць кліентаў, атрымаюць меншы прыбытак і заплоцяць менш падаткаў».
Што з праўладным парталам, які, па чутках, прыйдзе замест Tut.by
«Такія ідэі былі яшчэ ў часы Паўла Якубовіча ў „Советской Белоруссии“, калі яна яшчэ не была сьмецьцевым, хамскім і жудасным выданьнем. Тады была задача ў дзяржавы зрабіць нешта ў супрацьвагу нам, нешта забаўляльнае і сацыяльна значнае, але з ухілам усхваленьня ўлады і як мы цудоўна жывём».
Што будзе з парталам Tut.by?
«Мы вымушаныя звольніць фактычна ўсіх, паколькі нашыя рахункі заблякаваныя. Тыя былыя супрацоўнікі, якія захочуць удзельнічаць у аднаўленьні парталу недзе ў бясьпецы, у дэмакратычнай краіне, яны змогуць гэта зрабіць».
Чым могуць дапамагчы чытачы
«Мы ўдзячныя за падтрымку, аватаркі, выхад на вуліцу. Гэта прыемна. Але гэта не канвэртуецца ў павелічэньне дэмакратыі ў краіне. Калі ласка, заставайцеся з намі, падпісвайцеся на нашыя сацыяльныя сеткі, усталёўвайце нашыя мабільныя аплікацыі. Падпісвайце сваякоў, паказвайце рэальныя навіны. Нясіце праўду ў масы».