“Мы важней New York Times” — польскія рэгіянальныя рэдакцыі і падзяліліся досведам працы
Удзельнікі курса “Менеджары інфармацыі” наведалі рэдакцыі польскіх рэгіянальных СМІ.
Што першачаргова — газета ці сайт? У чым асаблівасць рэгіянальных выданняў? Як развіваць працу ў сацсетках? Гэтыя і іншыя тэмы абмеркавалі журналісты беларусскіх СМІ і іх польскія калегі.
У межах спецыяльнага курса “Менеджары інфармацыі”, арганізаванага ГА “БАЖ” у партнёрстве са шведскім медыяінстытутам FOJO, прадстаўнікі беларускіх выданняў наведалі две польскія рэдакцыі Tygodnik przelom і Tygodnik Co Tydzien.
— Час зараз для нашага выдання няпросты. Тыраж газеты змяншаецца, сайт, канешне, пакрыху набірае абароты, колькасць наведвальнікаў расце, але мы разумеем, што ёсць мяжа. Бо наш чытач хоча бачыць мясцовыя навіны, яму больш цікава, што адбываецца побач з ім, а не тое, што здараецца, напрыклад, у Кракаве, — распавяла спадарыня Алісія Маленда, выдавец Tygodnik przelom.
Па яе словах, цяжкасці ёсць і з тым, што не ўсе журналісты рэдакцыі “сябруюць з тэхналогіямі”, таму развіваць сайт, сацсеткі і манетызаваць іх не вельмі ўдаецца. Пакуль што іх “корміць” газета: каля 90% даходу дае папяровы варыянт.
Для розных платформ, кажа Алісія Маленда, яны падыходзяць па-рознаму: для Facebook — фота і відэа, для сайта — больш кароткі змест навіны, для газеты — з каментарыямі, інфаграфікай, каб даць чытачу поўную інфармацыю. Да прыкладу, навіна пра бурмістра, які сеў пьяным за руль, паехаў на чырвоны, вылілася ў газеце ў цэлы спецвыпуск на некалькі старонак: тут былі і яго маршрут, і апытанне мясцовых палітыкаў, і даведкі пра пакаранне за такое здарэнне ў іншых краінах.
А вось у рэдакцыі Co Tydzien, якая з’яўляецца пракладам сямейнага бізнесу, праца пабудавана крыху інакш. Бацькі заснавалі мясцовыя газету і ТВ. Падрос сын Францішак, які лічыць, што сёння трэба ў першую чаргу развіваць сайт, сацсеткі і выступае за тэхнічны прагрэс.
— У людзей няма грошай, каб паесці і выпіць, затое ёсць грошы на мабільны тэлефон з інтэрнэтам, дзе яны шукаюць інфармацыю, — з гумарам тлумачыць сваю пазіцыю Францішак Матысік.
Што датычыцца тэм, то тут Францішак і яго бацькі салідарны з Алісіяй — людзям цікава тое, што побач.
— Мы важней New York Times, таму што ў New York Times нашы чытачы не прачытаюць, колькі дзірак на нашых мясцовых дарогах, — гаворыць Францішак Матысік.
А яшчэ ў Францішка ёсць любімае слова — “хутка”. Хутчэй за канкурэнтаў трэба паспець патрапіць на месца здарэння, хутчэй зрабіць відэа і фота, атрымаць інфармацыю і першымі выставіць у сацсеткі і на сайт.
— Я не адгаворваю вас ад якаснай журналістыкі, але гэта не адмяняе кароткага відэа з эмоцыямі, — тлумачыць ён. — А ў газету патрэбна не навіна, а тэма, якой людзі будуць жыць яшчэ некалькі тыдняў, праблема, якая хвалюе.