«Мы палякі, але наш абавязак — служыць Беларусі». Што гавораць бацькі журналіста Пачобута, які сядзіць у «польскай справе»
Станіслаў і Ванда Пачобуты, бацькі вядомага журналіста Анджэя Пачобута, расказалі, як сын прыходзіў да польскай мовы, як моцна схуднеў у турме 10 гадоў таму і як яны ставяцца да выказваньняў, што Польшча хоча сабе забраць частку Беларусі.
Хто такі Анджэй Пачобут?
Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка. Ён у менскім СІЗА‑1 на «Валадарцы». Праходзіць у «польскай справе» аб «апраўданьні і рэабілітацыі нацызму» (частка 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу). Яму пагражае ад 5 да 12 гадоў зьняволеньня. У гэтай справе затрымалі яшчэ 4 сяброў незарэгістраванага Саюзу палякаў на Беларусі, у тым ліку старшыню Анжаліку Борыс.
Анджэю Пачобуту 48 гадоў. Жыве ў Горадні. Родам зь Вялікай Бераставіцы. Вызнае сябе палякам, які жыве ў Беларусі. Жанаты, выхоўвае дваіх дзяцей. Супрацоўнічае з буйнымі польскімі выданьнямі як журналіст.
У 2011–2012 годзе Пачобута двойчы судзілі за нібыта абразу Лукашэнкі і паклёп. Тады некалькі месяцаў ён правёў пад вартай, галадаў.
«Адчуваю сябе графам Монтэ-Крыста»
Ягоныя бацькі Станіслаў і Ванда таксама жывуць у Горадні. За месяц яны атрымалі ад сына адзін ліст. Анджэй перажывае перадусім за жонку, дзяцей, бацькоў. На ўмовы ўтрыманьня ня скардзіцца.
«Сяджу ў Пішчалаўскім замку і адчуваю сябе графам Монтэ-Крыста. Нягледзячы на тое, што зь першага арышту прайшло ўжо 10 гадоў, хутка ўспомніў рэжым. Хутка адаптаваўся», — піша Анджэй.
Ён запэўнівае, што ежы хапае. Кажа, што посная турэмная ежа добра ўплывае на ягоны хворы страўнік.
Перад днём народзінаў 16 красавіка Анджэй прасіў перадаць прысмакаў, каб пачаставаць сукамэрнікаў. Ён сядзеў у камэры на 15 чалавек, а потым яго перавялі туды, дзе сядзяць трое. Настрой у яго нармальны, ня скардзіцца.
«Мы ведаем, што ён моцны хлопец маральна, фізычна — не. У яго хворае сэрца, страўнік. Ён жа столькі сядзеў, трымаў сухую галадоўку тры дні. Ён напісаў, што Горадня ў параўнаньні здаецца курортам», — плача маці Анджэя.
Апошні год бацькі рэдка бачыліся з сынам праз эпідэмію каранавірусу. Анджэй вельмі баяўся іх заразіць, таму прыходзіў у госьці толькі пад вакно або пад дзьверы.
«Думалі, ужо на ягоны дзень народзінаў (16 красавіка. — РС) мы ўсе сустрэнемся», — тлумачыць маці.
«Ён жа ніколі не пісаў у падтрымку Лукашэнкі»
Маці ўзгадвае, як затрымалі Анджэя. Малодшы сын пайшоў зранку ў школу і не замкнуў на замок дзьверы. Міліцыянты зайшлі фактычна ў адчыненую кватэру і засьпелі Анджэя з жонкай яшчэ ў начной бялізьне. Падчас ператрусу забралі кампутары, тэлефоны, у тым ліку дзіцячыя, грошы і банкаўскія карткі.
Анджэй не чакаў, што да яго прыйдуць.
«Ён пісаў увесь час пра ўсё. Дык што вы хочаце? Ён жа ніколі не пісаў у падтрымку Лукашэнкі. Ён заўжды пісаў супраць. Тым больш ён зьвязаны з Саюзам палякаў», — тлумачыць спадарыня Ванда.
Дзесяць гадоў пасьля апошняга вызваленьня прайшлі адносна спакойна.
«А дагэтуль быў кашмар. Я думала, што на старасьць гадоў будзе спакойна… І тады было цяжка, і цяпер цяжка. Але ж цяпер ж мы старыя», — параўноўвае два арышты маці.
Журналісты Анджэй Пачобут, Андрэй Мялешка, Вітаўт Руднік стаяць каля горадзенскага аблвыканкаму ў падтрымку Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі, якіх пасадзілі па «справе журналістаў», 2002 год
Пасьля затрыманьня 10 год назад Пачобут абвясьціў сухую галадоўку на знак пратэсту. Ён вельмі моцна схуднеў.
«Раней ён любіў есьці салодкае, булачкі, піць салодкую ваду. Потым ён казаў мне: „Ведаеш, я зразумеў, што магу спакойна абыходзіцца бяз гэтага ўсяго“. Ён памяняў свой густ. Раней жыў для таго, каб есьці, а цяпер есьць для таго, каб падтрымліваць сябе. Ён узяўся за сябе, шмат хадзіў», — расказвае маці.
Бацькі перакананыя, што гэтая адседка яго «ня зьменіць маральна ні кропелькі», як і папярэдняя.
«Ён будзе паміраць, але будзе трымацца свайго… Я кожны ранак прачынаюся і бягу да кампутара. Я магу чытаць агромістымі літарамі, хоць ужо амаль нічога ня бачу. Баюся нешта кепскае ўбачыць. Галоўнае, каб у яго здароўе вытрымала, — перажывае Станіслаў Пачобут.
«Анджэй вельмі баіцца некага пакрыўдзіць»
Анджэй нарадзіўся ў Вялікай Бераставіцы, адтуль жа родам і маці журналіста. Гэта блізка ад мяжы з Польшчай. Бацька Станіслаў — зь вёскі Пачобуты Бераставіцкага раёну. Абое бацькі — палякі. У Бераставіцы хлопец пайшоў у школу. Неўзабаве сям’я пераехала ў Горадню.
Спадар Станіслаў у дзяцінстве і маладосьці шмат паезьдзіў па сьвеце. Восем клясаў ён заканчваў у Адэсе, сярэднюю школу — на Сахаліне. Потым жыў на Камчатцы, служыў там у войску. Працаваў літаратурным супрацоўнікам у газэтах на Сахаліне і ва Ўладзімірскай вобласьці. Пасьля 11 гадоў падарожжаў вярнуўся на радзіму. Маці Анджэя выкладала ў школе хімію.
«Ён вельмі працаздольны чалавек яшчэ зь дзяцінства. Ніколі праблемаў не было ў школе», — кажа пра сына спадар Станіслаў.
«Ён ніколі не хлусіў. Калі нешта здарыцца ў школе, ён адразу бег і казаў мне, каб я пачула гэта ад яго. Пра малодшага я даведвалася ад настаўнікаў», — успамінае спадарыня Ванда.
Бацька мяркуе, што сыну ў дзяцінстве цяжка было знайсьці сяброў, бо ўсе ганялі ў футбол, а ён чытаў кнігі.
«На яго вялікі ўплыў аказвала ягоная любімая бабуля Марыя Аляксандраўна, па маці, яна была беларуска. У іх было такое зайздроснае сяброўства. Гэта аказалася добрым для яго. Ён стаў спагадлівым чалавекам», — успамінае спадар Станіслаў.
«Анджэй вельмі баіцца некага пакрыўдзіць», — дадае маці.
«Ён вельмі далікатны зь людзьмі. Вельмі ня любіць хамаў, нахабнікаў. Ён адразу бунтуецца і не гатовы дыскутаваць з такімі… Я ніколі зь ім не спрачаўся. Ён даводзіў мне сваю думку, я яму сваю. Але мы заўжды пакідалі адзін аднаму дзейнічаць так, як лічылі патрэбным», — кажа спадар Станіслаў.
У маладосьці Анджэй граў разам з малодшым братам Стасам у панк-гурце Deviation. У іхніх песень была палітычная афарбоўка анархічнага зьместу, у тэкстах крытыкавалі фашызм, таталітарызм.
«На якой ён граў гітары? Хутчэй на бубне. У яго слыху няма», — усьміхаецца маці.
«Ён марыў стаць адвакатам»
Анджэй вучыўся на юрыдычным факультэце горадзенскага ўнівэрсытэту на выдатна, аднак перад выпускам атрымаў адну «чацьвёрку» і праз гэта не атрымаў чырвоны дыплём.
«Ён марыў стаць адвакатам, але ня стаў. Ён ужо тады быў заўважны. Ягоная думка часта разыходзілася з думкай іншых. Мяркую, таму ён атрымаў гэтую адзнаку», — кажа спадар Станіслаў.
Спачатку Анджэй выкладаў права ў каледжы, зарабляў мала. Спрабаваў уладкавацца на працу на мясакамбінат — не ўзялі. Потым стаў пісаць артыкулы ў газэты: «Пагоня», «Дзень», «Местное время», Głos z‑nad Niemna. Бацька захоўвае ўсе газэты з артыкуламі сына. Мяркуе, што той пайшоў у журналістыку па ягоных сьлядах.
Газэта «Дзень» выходзіла зусім нядоўга і закрылася. Пасьля гэтага Анджэй на іншых месцах працы жартаваў: «Вы не баіцеся мяне браць? Калі я прыходжу ў газэту, дык яна закрываецца».
«Мы жывем на зямлі сваіх дзядоў-прадзедаў»
Калі дзеці былі малыя, спадар Станіслаў хацеў, каб яны вучылі польскую мову, але Анджэй ня меў ніякага жаданьня. Тады бацька размаўляў зь ім па-расейску.
«Потым у яго зьявілася жаданьне вучыць польскую мову. А я яму заўжды назло пры паляках гаварыў па-расейску. Яму ж хацелася паказаць, што ён нармальны паляк. Я бачыў, як яму гэта ўсё не падабаецца», — успамінае бацька.
Цяпер Анджэй гаворыць на расейскай, польскай, беларускай і ангельскай мовах.
«Потым у яго прачнулася польскасьць, асабліва калі я пачаў яму паказваць дакумэнты», — кажа бацька.
Спадар Станіслаў займаецца гісторыяй сваёй сям’і. Самы далёкі вядомы продак роду — Мікалай Пачобут-Адляніцкі, які нарадзіўся ў 1536 годзе. Прозьвішча «Адляніцкі» — ад ракі Одлы, на беразе якой стаіць вёска Пачобуты.
«У нас на Одле некалькі родаў, якія вызначаюцца мянушкамі. Наш род — Каросікаў. Караль, Карусь, Каросік, разумееце? Ад Марціяша, напрыклад, ёсьць род Марціяшавых», — тлумачыць суразмоўца.
У родзе Пачобутаў ёсьць знакаміты сваяк — астраном караля Рэчы Паспалітай, рэктар Віленскай акадэміі Марцін Адляніцкі (1728–1810).
«Мы ўсе Адляніцкія спакон вякоў, ад дзеда-прадзеда. Усе ляжаць на могілках у Макараўцах. Мы жывём на зямлі сваіх дзядоў-прадзедаў. Нашыя продкі абралі Польшчу, некаторыя беларусы абралі Расею. Але мы — грамадзяне Беларусі», — кажа спадар Станіслаў, якому неўзабаве будзе 80 гадоў.
У спадара Станіслава ўсяго каля 500 старых дакумэнтаў ягонай сям’і.
«Так, мы палякі, і мы застанёмся палякамі. Але мы грамадзяне Беларусі. Наш абавязак — служыць гэтай дзяржаве. Тут вельмі важна, каб мы не затаіліся, а маглі выказваць сваю думку. Важна, каб нам не заткнулі рот. Мы думаем так, як думаюць многія беларусы», — кажа бацька Анджэя.
Спадар Станіслаў перакананы, што любая мова будзе жыць, калі на ёй будуць гаварыць дома. Да яго ўнукі зьвяртаюцца толькі па-польску.
«Ва ўнукаў нават думкі няма, каб са мной гаварыць не па-польску. Не таму, што мы не шануем расейскую ці беларускую мову, а таму, што дома мы стараемся захаваць польскую», — тлумачыць суразмоўца.
«Анджэй ніколі не падымаў пытаньняў нацыяналізму»
«Абвінавачваць Анджэя ў нацыяналізьме — сьмех. Бабулю (беларуску. — РС) ён любіў, як ніхто. Яму было цалкам усё роўна, рускі ты, паляк ці беларус… Чаму ў нас, палякаў, такая цяга да Польшчы, гонар за яе? Гісторыя Польшчы вельмі трагічная. Калі гора шмат, калі часта акупацыя, тады зусім па-іншаму глядзіш на сваю нацыянальнасьць», — горача кажа бацька.
«Анджэй ніколі не падымаў пытаньняў нацыяналізму. Ягоная дачка здала тэст па беларускай мове на „9“, была ўдзельніцай алімпіяд па беларускай мове», — кажа спадарыня Ванда.
Сужэнцы перакананыя, што думкі, нібыта Польшча хоча забраць сабе Горадзеншчыну, — толькі нечыя фантазіі.
«Навошта Польшчы грузіць Горадзенскую вобласьць? Што ў нас тут, нафта ёсьць, багацьце такое, залатыя прыіскі?» — пытаецца спадар Станіслаў.
Ён мяркуе, што выказваньні пра варожую Польшчу зьяўляюцца тады, калі праблемы ўнутры беларускай дзяржавы трэба зьвязаць з вонкавым ворагам.
«Палякі вельмі адчувальныя да таго, што трэба жыць мірна. Гэтае нагнятаньне цяпер — самая вялікая шкода. На тэрыторыі Польшчы жывуць беларусы. Мы, палякі, жывём тут. Таму мы вельмі далікатна павінны ставіцца да праблем, больш размаўляць, больш корпацца ў архівах», — упэўнены Станіслаў Пачобут.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.