“Мы не думалі, што скачок у 37‑ы год будзе імгненным”. Размова з мужам журналісткі Кацярыны Андрэевай, якую чакае суд “за здраду дзяржаве”
Журналістцы “Белсата” Кацярыне Андрэевай заставалася сядзець крыху менш за год, калі родныя і калегі даведаліся, што супраць яе пачалі новую крымінальную справу. Гэтым разам — па артыкуле “Здрада дзяржаве”. Пра тое, як цяпер справы ў Каці і дзе знайсці сілы і сэнс жыцця, калі каханая за кратамі, мы пагутарылі з яе мужам, журналістам Ігарам Ільяшом.
— Якія навіны цяпер у Каці? Як пачуваецца?
— Каця рыхтуецца да суда. Напачатку мінулага тыдня мы даведаліся, што справу па 356 артыкуле “Здрада дзяржаве” перадалі ў Гомельскі суд. Першае пасяджэнне, па нашых падліках, будзе ў другой палове траўня. Суд, хутчэй за ўсё, будзе закрытым, а гэта значыць, што на пачатку пасяджэння нас не пусцяць паглядзець на Кацю. Сваякоў, напэўна, змогуць пусціць на рэзалютыўную частку. Натуральна, пасля выраку можна будзе разлічваць на спатканне. Гэта стандартная практыка. Тут нікому не адмаўляюць.
Адчувае сябе Каця нядрэнна. Вядома, пачатак новай справы быў для яе шокам, як і для ўсіх нас. І я не магу зразумець усёй глыбіні перажыванняў, якія яна адчула. Па лістах было бачна, што адразу жонка была ў глыбокай псіхалагічнай яме. Але Каця — моцная. Яна вылезла з гэтай ямы і неяк знайшла эмацыйны баланс. Цяпер я б ахарактарызаваў яе настрой як роўны спакой.
На здароўе Каця не скардзіцца. У яе нармальны стан, канешне, з улікам той шкоды, якую наносіць турма ў прынцыпе.
— Чым займаецца Каця ў СІЗА?
— Вырашыла заняць вольны час вывучэннем нямецкай мовы. Замовіла сабе падручнік і ўжо пачала вывучаць.
— Цікава, чаму раптам нямецкую?
— Дакладна сам не ведаю. Хіба таму, што ёй спадабаліся ў калоніі творы нямецкага пісьменніка Бёля. Асабліва ўразіў раман “Більярд а палове дзясятай”. Вось, натхнілася і, відаць, вырашыла заняцца нямецкай. Англійскую і іспанскую яна ўжо ведае.
— Калі вы бачыліся з жонкай апошні раз? Раскажыце пра тую сустрэчу.
— Бачыліся амаль за тыдзень да яе пераводу ў СІЗА. Гэта было кароткатэрміновае спатканне ў калоніі на чатыры гадзіны праз шыбу і трубку. Тады не было ніякіх сігналаў пра новую крымінальную справу. Адзінае, што было: нядобрае прадчуванне, кепскія сны перад спатканнем. Канешне, магла паўплываць агульная абстаноўка ў свеце, прадчуванне вайны ва Украіне.
Спатканне прайшло добра. Я б сказаў, звычайна. Цалкам гарманічна ўліліся ў размову. Як заўсёды, было адчуванне таго, што свет, створаны нашым каханнем, — непарушны. Гэта надае сіл і Каці, і мне.
— Лісты даходзяць? Пра што пішаце, калі не сакрэт?
— Ад сваякоў лісты даходзяць хутка, грэх скардзіцца. Нават не памятаю, каб за той час, пакуль яна ў СІЗА, не дайшоў хоць адзін ліст. Але ад іншых адрасатаў яна чамусьці нічога не атрымлівае.
Пішам пра рознае. Напрыклад, абмяркоўваем падзеі ў свеце. Праўда, без канкрэтыкі. Калі пачалася вайна ва Украіне, Каця даведалася пра гэта ад свайго адваката на наступны дзень. Канешне, мы не маглі не закрануць гэтую тэму. Безумоўна, без згадвання нейкіх канкрэтных асоб. Хутчэй гэта была філасофская рэфлексія. Каця пісала, што баіцца за нас, заклікала з’язджаць. Аб’ектыўнай інфармацыі пра падзеі ў яе не было. Там жа толькі дзяржаўнае радыё. Да таго ж над СІЗА увесь час ляталі самалёты. Яна ведала, што ідзе вайна. І ўсё. Без канкрэтыкі. Але мы яе супакоілі. Цяпер Каця разумее, што ўсё не настолькі трагічна ў плане развіцця вайны на беларускай тэрыторыі.
Яшчэ ў лістах шмат разважаем пра наша мінулае. Прыгадваем, куды ездзілі раней, нейкія важныя падзеі ў нашым жыцці. Безумоўна, марым пра будучыню, пра сям’ю, пра дзяцей, пра тое, куды паедзем адпачываць, калі будзем разам.
— Можа, колькі слоў пра ўмовы?
— Шмат не ведаю. На ўмовы Каця не скардзіцца. Яны дакладна лепшыя, чым у калоніі. У СІЗА больш вольнага часу, тут вязень часта прадастаўлены сам сабе. Чытай кнігі, пішы лісты. А ў калоніі жонка працавала швачкай амаль без выходных. Пасля былі розныя гаспадарчыя заданні: прыбраць, перабраць, начысціць бульбы.
— Ці былі ў вас ілюзіі адносна першага суда? І ці ёсць яны адносна таго суда, які чакае Кацю ў траўні?
— Ілюзіі наконт першага суда былі. Гэта ж быў па сутнасці першы прысуд з рэальным тэрмінам для журналістаў за іх працу. Паколькі такіх прэцэдэнтаў мы не мелі, быў спадзеў, што гэта будзе хатняя хімія, умоўны тэрмін. Але калі падчас судовых спрэчак пракурорка запрасіла два гады зняволення, я зразумеў, што столькі і дадуць. Зразумела гэта і Каця. А вось пакуль ішоў сам працэс, мы, канешне, спадзяваліся на больш лагодны варыянт. Што да другога суда, ілюзій няма, бо ёсць вельмі кепская перадгісторыя.
— А адкуль, увогуле, узяўся такі артыкул?
— Цудоўнае пытанне, на якое ў мяне няма адказу. Мы, Каціна сям’я, да сёння не ведаем, з чым гэта звязана. 16 месяцаў Каця — у зняволенні. За гэты час “здрадзіць дзяржаве” яна не магла. Значыць, гэта адсылка да ранейшых падзей. У мяне няма сумневаў, што справа звязаная з журналісцкай дзейнасцю. Я ж ведаю, што да арышту Каця цалкам жыла журналістыкай. У яе нават кола знаёмых абмяжоўвалася журналісцкімі кантактамі. Не было ні грамадскіх, ні валанцёрскіх праектаў — нічога таго, што магло быць расцэнена і выкарыстана супраць яе. Толькі журналістыка — тое, што ва ўсіх навідавоку.
Адразу падумаў, што новая справа неяк звязаная з украінскай тэмай, з нашай сумеснай кнігай пра Данбас. Цяпер я лічу такую версію памылковай. Калі б гэтую тэму сапраўды паклалі ў аснову крымінальнай справы, то і я б там фігураваў. А я нават не праходжу як сведка.
Дзіўна і тое, што справай займаўся менавіта КДБ Гомеля. Чаму? Не так шмат у Каці сувязяў з тым рэгіёнам.
— Прыгадайце лета 2020. Ці былі ў вашай сям’і спрэчкі адносна журналісцкай працы? Магчыма, вы не хацелі, каб каханая рызыкавала сабой?
— Паміж намі ніколі не было падобных спрэчак адносна журналістыкі. Тым больш, што нашы стасункі выраслі з гэтай працы. Апрыёры было зразумела, што для нас абодвух журналістыка вельмі важная. Значнасць гэтай катэгорыі для нас нават не абмяркоўвалася.
Калі надышоў 2020‑ы, мы разумелі, што павінны працаваць наколькі гэта будзе магчыма. Гэта не значыць, што мы заставаліся б у Беларусі ў жахлівых умовах. Мы абмяркоўвалі ад’езд у тых выпадках, калі тэхнічна немагчыма стане працаваць або будзе рэальны сігнал, што заўтра прыйдуць і забяруць нас не па адміністрацыйнай, а па крымінальнай справе. Мы пра гэта гаварылі, але не думалі, што настолькі хутка ўсё будзе пагаршацца.
Я прадбачыў, што можа быць тэрор, толькі не думаў, што скачок у 1937‑ы будзе настолькі імгненным. Думалася: раней у рэпрэсіях была задзейнічана мізэрная частка сілавых структур. А каб гэта было маштабна, падавалася, трэба сур’ёзна перабудоўваць саму сістэму. Для гэтага, на маю думку, быў патрэбны час. Але я памыляўся.
Калі спачатку Кацю за стрым з масавага мерапрыемства затрымлівалі на пару гадзін і адпускалі часам нават без пратакола, то праз некалькі месяцаў за тое ж самае ёй ужо далі два гады калоніі.
Мы пасля шмат абмяркоўвалі ў лістах, як маглі б паступіць. Але прыходзілі да высновы, што бессэнсоўна рэфлексаваць. Мы засталіся ў 2020 годзе, працавалі ў ім і не маглі паступіць інакш.
— Сёння ў Беларусі вас трымае толькі Каця?
— Неяк мы абмяркоўвалі з жонкай гэтую тэму. Тады я сказаў, што з аднаго боку застаюся тут дзеля Каці, а з другога — толькі б дзеля яе я з’ехаў адсюль. Калі б я не ведаў Кацю, не быў жанаты, то я б застаўся тут. Але калі б сёння Каця была на волі, то ва ўмовах масавых рэпрэсій, я б настойваў на тым, каб мы з’ехалі.
У сённяшняй сітуацыі з’язджаць немагчыма. Мая жонка — у лагеры. І ад’езд я лічу здрадай. Але немагчыма заставацца і маўчаць. Таму і не маўчу.
— Мы з вамі гаварылі пра Кацю. А цяпер раскажыце, як вы. Чым жывяце? Як знаходзіце сілы і сэнс у жыцці, калі жонка за кратамі?
— Я бачу пэўную місію, адказ на выклікі часу ў тым, каб казаць праўду пра сітуацыю ў Беларусі і пра гісторыю Каці, пра тое, што двойчы два роўна чатыры. Наколькі магчыма ў цяперашніх умовах, займаюся журналістыкай. Амаль ніколі не адмаўляюся ад інтэрв’ю. Стараюся рабіць больш, каб падтрымаць жонку ў турме. Пішу шмат лістоў, дасылаю тэлеграмы, пасылкі, каб ёй хоць неяк дапамагчы. Кантралюю ўсе арганізацыйныя моманты, вырашаю пытанні з адвакатамі, падтрымліваю родных Каці. Таму мой графік даволі напружаны.
— І няўжо не здараецца роспачы, калі апускаюцца рукі і нічога не хочацца?
— Такога, каб нічога не хацелася, дакладна не бывае. Бо мне заўсёды хочацца дачакацца Кацю і ўбачыць яе. А крызісныя хвіліны, безумоўна, здараюцца, калі не бачу святла ў канцы тунэля, надзеі, перспектывы на бліжэйшы час. Гэта цяжка, але я ні на хвіліну не страчваю ўпэўненасці ў тым, што ўсё скончыцца добра. Прымушае сумаваць толькі то, што гэты шлях можа быць больш працяглым, чым мы думалі.