“Мы кожны раз думаем, што памерлі, але штораз адраджаемся”. Як існуюць малыя медыя пры грамадскіх арганізацыях
За буйнымі СМІ і палітычнымі структурамі пад удар рэпрэсій трапілі дробныя грамадскія арганізацыі і ініцыятывы. Пра невялікую аўдыторыю, адсутнасць профільнай адукацыі і балансаванне між актывізмам і журналістыкай БАЖ пагутарыла з сябрамі арганізацыі "Задзіночанне беларускіх студэнтаў", якія адказваюць за медыйную частку, а таксама з незалежным выданнем "Студэнцкая думка".
«Недахоп камунікацыі са СМІ адчувальны»
Надзея Седун — студэнцкая актывістка, сакратарка ЗБС, каардынуе працу сацыяльных сетак і сайта «Задзіночання». Дзяўчына зазначае, што, як і большая частка цяперашняга складу каманды, яна — актывістка новай хвалі. Пачала актыўна займацца грамадскай дзейнасцю пасля 2020 года.
На сёння, паводле дзяўчыны, у медыякамандзе ЗБС задзейнічана сем чалавек. Але гэта не з’яўляецца для іх асноўным заняткам, таму паралельна медыйшчыкі працуюць, нехта яшчэ і вучыцца.
Каманда пакрывае ўсе сацыяльныя сеткі, асноўныя — інстаграм і твітар. Лаканічны фармат апошняга дапамагае даносіць навіны пра беларускае студэнцтва і рэпрэсіі ў гэтай галіне нават да замежных англамоўных чытачоў.
— Брак досведу, акадэмічных ведаў — наша праблема на сёння. Тое, што прафесіяналы робяць хутка і проста, у нас вымагае больш часу і сілаў для распрацоўкі і фактчэкінгу, — кажа Надзея. — Цяпер мы спрабуем перафарматаваць нашу працу. Шмат актывістаў — а ў нас усё адбываецца на валанцёрскіх пачатках — проста выгараюць. На жаль, не ўсе могуць працягваць сталую дзейнасць доўгі час без дадатковай матывацыі. Шукаем шляхі для аптымізацыі працы. Мы ўсе маладыя, ні ў кога няма профільнай адукацыі ў журналістыцы ці СММ, вучымся на хаду, — распавядае Надзея.
Сярэдні ахоп аднаго твіта Надзея ацэньвае ў 400–500 праглядаў:
— Але некаторыя больш кранальныя тэмы збіраюць значна шырэйшую аўдыторыю. З інстаграмам складана: весці даводзіцца яго з‑за мяжы. Таму, з улікам алгарытмаў сеткі, не так проста патрапіць у нашу мэтавую аўдыторыю — наша студэнцтва. Але стараемся арыентавацца менавіта на беларускую аўдыторыю. Таксама працягваем рабіць кантэнт “Вконтакте”. На нашу думку, там мае быць хоць нешта беларускамоўнае. Таму намагаемся нешта там прасоўваць: пішам у тым ліку пра нашу культуру і літаратуру, каб заняць нішу. Але ахопы ўсё адно адносна невялікія.
— Ці звяртаецеся вы да прафесійных журналістаў, каб яны публікавалі артыкулы па вашых тэмах?
— У гэтым сэнсе вельмі складана камунікаваць з журналістамі . З майго досведу, нас часцей за ўсё не ўспрымаюць за палітычных суб’ектаў.
Праблема ў тым, што мы не ведаем да каго звяртацца: маем кантакты рэдакцый, але нейкіх шчыльных стасункаў з прадстаўнікамі СМІ пакуль не выбудоўваецца.
— Чаго менавіта не хапае, каб наладзіць супрацу з медыя?
— Паразумення і зацікаўленасці. Мабыць, з абодвух бакоў. Я была на сустрэчы НДА і медыя, у тых і іншых аднолькавы запыт. Рэдакцыі гавораць: “Пішыце нам”, а НДА просяць у адказ: “Звяртайцеся да нас”. Аднак дагэтуль няма канкрэтнай формулы, на якіх умовах мы маем працаваць разам.
Напрыклад, мы не да канца разумеем, што можам прапанаваць СМІ, каб трапіць у іх стужку навін. З іншага боку, журналісты не заўсёды ўдакладняюць у нас інфармацыю, забываюць, што ў нас можна папрасіць, напрыклад, здымкі. У выніку пра нас выходзіў матэрыял з проста жудаснымі ілюстрацыямі.
Вось і атрымліваецца, які попыт, такая і прапанова. А хочацца змяніць гэтую сітуацыю.
“Складана жыць у свеце, дзе небяспечна быць падпісаным на сацсеткі”
— Калі працуеце з аўдыторыяй у сацсетках, свой занятак вы ўспрымаеце толькі як актывізм ці як журналісцкую працу?
— Калі шчыра, падаецца, нам не хапае экспертнасці і досведу, каб называцца журналістамі. Максімум — медыяменеджары ці СММшчыкі. То бок я б не назвала гэта журналістыкай, гэта больш пра данясенне інфармацыі пра нашу дзейнасць, саму арганізацыю.
— Як выглядае ваш працоўны працэс?
— У нас ненармаваны працоўны дзень. Але заўсёды пачынаем з планёркі, ладзім іх не радзей за раз на тыдзень. Па-першае, каб адрэфлексаваць: што адбылося, вынік нашай працы, фідбэк. Намагаемся планаваць, шукаць новыя ідэі. Не заўсёды хапае нам чалавечага рэсурсу. Зараз усе крыху выгарэлі, таму працаваць цяжка, тым больш з такімі навінамі, як ёсць зараз.
Заўсёды абмяркоўваем ідэю разам, знаходзім чалавека, які будзе адказваць за напісанне канкрэтнага паста, потым тэкст праходзіць пэўную рэдактуру. Пасля пішам тэхнічнае заданне для дызайнера — не менш чым за адзін дзень да таго, як посцім. Калі пост гатовы, то трэба вырашыць, у якія сацсеткі ён пойдзе і ў якім выглядзе. Мы абгаворваем, на якую мэтавую аўдыторыю гэтая інфармацыя накіраваная, бо ва ўсіх сетках яна розная.
Не заўсёды хапае моцы на ўнікальны кантэнт для ўсіх сацсетак, пры тым асаблівую ўвагу надаем тэме рэпрэсій у дачыненні да студэнтаў: судам, выракам, арыштам.
Да таго ж, падбіраючы і публікуючы матэрыялы, мы мусім улічваць і меркаванні чальцоў нашай арганізацыі. Таксама важна дбаць пра бяспеку: каб ніводны пост не мог патэнцыйна нашкодзіць камусьці. Складана жыць у свеце, дзе небяспечна быць падпісаным на сацсеткі, у якіх проста распавядаюць пра правы і беларускую культуру.
— А ці прыносіць вынік гэтая праца?
— Калі шчыра, не заўсёды атрымліваецца. Праз абставіны мэты часта не зусім дакладныя, часам — недасяжныя: бяром на сябе больш, чым можам зрабіць. Але ёсць матэрыялы, што падабаюцца аўдыторыі — у першую чаргу беларускаму студэнцтву і беларусам, якіх цікавяць пытанні вышэйшай адукацыі ў Беларусі.
— За апошні час які матэрыял ці пост вы лічыце найбольш важным і прадуктыўным для сябе?
— Гэта гутарка з музыкам і кампазітарам Пятром Клюевым. Цікавы досвед для нас, да таго ж папулярныя беларусы могуць падзяліцца сваім досведам, распавесці нешта карыснае чытачу, фармаваць думку.
— Наконт аўдыторыі: якія бачыце шляхі для пошуку патэнцыйнага чытача?
— Тут мне здаецца, што людзям не хапае твараў і бачання асобы, з якой ідзе гутарка праз матэрыял. На жаль, зараз такія часы, калі далёка не ўсе жадаюць быць публічнымі. Спадзяюся, з цягам часу людзі будуць паказваць свае твары. Бо ананімнасць, хоць і гарантуе бяспеку, але змяншае давер чытача, размывае асобу.
Зараз папулярны відэафармат, хочацца, каб гэта больш развівалася: тэкст складаней успрымаецца. Ён павінен быць суперунікальны і экспертны, каб яго чыталі.
“Мы кожны раз думаем, што памерлі, але штораз адраджаемся”
У 2017 годзе паўстала незалежнае выданне “Студэнцкая думка”. Газета самвыдатам друкавалася і ў папяровым варыянце, распаўсюджвалася па ўніверсітэтах. Мэтай выдання было абараняць і прасоўваць каштоўнасці Балонскага працэсу і Еўрапейскай агульнаадукацыйнай прасторы.
Вольга Беламутава ў камандзе “Думкі” з 2021 года. Яна адзначае, што пік папулярнасці выдання прыйшоўся на час студэнцкіх пратэстаў у Беларусі, калі моладзі важна было дазнацца ў першую чаргу пра сітуацыю ва ўніверсітэтах, актыўнасць і праекты сваіх аднадумцаў. Сёння ж выданне працягвае існаваць у анлайн-фармаце з‑за мяжы, але мэтай ставіць інфармаванне аўдыторыі менавіта ў Беларусі.
— Вольга, ці функцыянуе выданне на дадзены момант? Апошнімі месяцамі новых публікацый не было.
— Мы кожны раз думаем, што памерлі, але штораз адраджаемся. Так, зараз узялі паўзу, але афіцыйна не закансерваваліся.
— Якая ў вас асноўная платформа?
— Наш сайт, інстаграм і тэлеграм. На сайце публікуюцца вялікія артыкулы, над якімі працуем усёй камандай, у тэлеграме ў асноўным навіны. У сучасных рэаліях — гэта крымінальныя зводкі атрымліваюцца. Але такое жыццё. У інстаграме больш разважальны кантэнт, карацейшы, чым на сайце. Умоўныя спісы: куды схадзіць, што паглядзець.
— На колькі вялікая цяпер каманда?
— У нас пастаянна плывучы калектыў. Зараз гэта чатыры чалавекі. Мы заўсёды шукаем новых людзей: нават не журналістаў, а проста актыўных студэнтаў, якім ёсць што распавесці.
— Асабіста вы сваю дзейнасць у «СД» разглядаеце як актывізм ці як журналісцкую працу?
— Мне падаецца, гэта ўсё ж журналістыка, хоць я ніколі не мела ні адукацыі, ні досведу. Бо актывізм — іншае. Мы ж займаемся акурат інфармацыяй, ствараем уласны парадак дня.
— Якія тэмы ў прыярытэце? Як шмат атрымліваецца выдаваць уласнага кантэнту?
— Апошнім часам складана пра гэта казаць: зараз усе тэмы — вайна. Раней, у лепшыя для нас часы, калі было больш журналістаў у камандзе, — амаль усе матэрыялы былі ўласнымі. Пісалі пра ўсе, што цікавіла чальцоў нашай каманды (кранальныя гісторыі, карысная юрыдычная інфармацыя, агляды навін універсітэтаў і г. д.), часам рабілі пераклады артыкулаў з іншых моваў, што падаваліся нам цікавымі і важнымі.
“Часта нашы людзі сыходзяць у вялікія сур’ёзныя медыя”
— Як выбудоўваеце працу?
— У нас у камандзе нехта адказны за напісанне тэкстаў, нехта — за кароткія хуткія навіны, нехта робіць карцінкі.
Разам усе мы вучымся навыку менеджменту.
Калі з’яўляецца ідэя — абмяркоўваем у чаце, кожны выконвае сваю функцыю. Вялікіх прафесіяналаў у нас няма. Часта нашы людзі сыходзяць у вялікія сур’ёзныя медыя, і мы застаемся ўжо без іх.
— Гэта больш валанцёрства, чым асноўны занятак?
— Так, безумоўна.
– Недарэмна?
— Дакладна не, асабліва ўлічваючы цяперашні стан. Тэлеграм-канал “Студэнцкая думка” — гэта літаральна канспект рэпрэсій у дачыненні беларускай моладзі, значных падзей у гісторыі студэнцтва.
На сайце ў нас маецца вельмі важная храналогія судоў. Гэта трэба фіксаваць і распавядаць. Каму як не “СД” рабіць гэта зараз?
— Ад чытачоў атрымліваеце фідбэк: каментары, прапановы?
— Так, да нас даходзяць каментары. Самае прыемнае — атрымліваць нешта ад студэнтаў, якія цяпер у Беларусі. Яны распавядаюць пра тое, што адбываецца ва ўніверсітэтах, пра настроі.
— Якія перспектывы для такога малога выдання?
— Мы кіраваліся прынцыпам: “Рабіць тое, што ўмеем і як атрымліваецца — і будзе тое, што будзе”. Гэта працуе. Калі мы актыўна працуем — прыходзіць вынік, расце колькасць праглядаў і падпісчыкаў. Трэба рабіць!
— Як вы бачыце надалей дзейнасць?
Журналісты патроху сыходзілі ад нас, і аказалася, што засталіся тыя, хто можа вычытваць матэрыял, і хто можа рабіць ілюстрацыі, а аўтараў вобмаль: усе вельмі занятыя. Потым пачалася вайна, шмат валанцёрства, цяжка асвятляць падзеі. Рукі ва ўсіх апушчаныя.
Але мы заўсёды застаемся адкрытымі, верым, што людзі з’явяцца, што “Студэнцкая думка” працягнецца.
Чытайце яшчэ:
Дзе мяжа? Разбіраемся, што дазволена фіксеру, а што не
“Мне страшна ацэніць гэтыя страты колькасна”: паспрабавалі высветліць, чаму «Белсат» выдаляе праграмы Сяргея Будкіна
«Абсолютный фарс»: что говорят в ФРГ и РБ о приговоре журналистке Славниковой