«Мы гаварылі пра дзьве розныя Беларусі». Журналіст ВВС пра свае ўражаньні ад размовы з Лукашэнкам
У падкасьце Рускай службы ВВС «Што гэта было» журналіст Сьціў Розэнбэрг раскрывае дэталі свайго інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам.
Першы запыт на інтэрвію з Лукашэнкам маскоўскі карэспандэнт ВВС Стыў Розэнбэрг зрабіў яшчэ ў 1999 годзе, але атрымалася пагаварыць з кіраўніком Беларусі толькі праз 22 гады.
«Ён зайшоў, мы селі і адразу пачалі. Ён хацеў зьбіць мяне з толку. Ён пераскокваў з «вы» на «ты», што для мяне было даволі дзіўна: я ня ведаю, ці гэта знак непавагі, ці ён проста такі чалавек. Але наогул я чакаў усяго. Самае цікавае было пасьля інтэрвію: я пагадзіўся адказаць на адно пытаньне дзяржаўнага тэлебачаньня Беларусі — пра свае ўражаньні. Мяне павялі ў іншае крыло будынка — я думаў, будзе адзін апэратар і карэспандэнт, але там падрыхтавалі цэлы «прэс-падыход». І пайшлі пытаньні: «Ці вы лічыце сябе ахвярай польскіх сілавікоў?», «Якога чысла вы летась прыехалі ў Менск?»
Падчас самога інтэрвію журналіст Стыў Розэнбэрг стаў для Аляксандра Лукашэнкі ўвасабленьнем калектыўнага Захаду і ўсе прэтэнзіі адрасаваліся непасрэдна журналісту.
«Ён працаваў на ўнутраную аўдыторыю, хацеў, каб тэлегледачы бачылі ў маёй асобе „сапраўднае аблічча Захаду“ — што я пагражаю нацыянальнай бясьпецы Беларусі. Гэта было чакана. Я проста спрабаваў быць спакойным і рэагаваць у адказ. Было адчуваньне, што ён спрабаваў адцягнуць увагу ад таго, што адбываецца ў Беларусі, і стварыць карціну таго, што Беларусь аточаная ворагамі».
Інтэрвію плянавалася на 40–45 хвілінаў, і пасьля таго, як запіс скончыўся, журналіст думаў, што кіраўнік краіны адразу сыдзе, але Стыва Розэнбэрга чакаў сюрпрыз.
«Мы скончылі, а ён працягваў гаварыць. І неяк нечакана пачалося другое інтэрвію, я нават не адразу гэта зразумеў. Запісалі яшчэ 10 хвілінаў, скончылі — зноў не сыходзіць. Я думаю, што ён гатовы быў размаўляць яшчэ некалькі гадзінаў. Але дзяржаўныя СМІ спрабавалі выкарыстаць кожнае ягонае слова, каб паказаць, якія ён магутны, а я — маўклівы. Дыялёгу, які быў — не паказалі, паказалі ягоны маналёг».
Гледачоў захапіла вытрымка журналіста, якога суразмоўца пастаянна ў нечым абвінавачваў, пагражаў скончыць заўчасна інтэрвію і сысьці.
«Гэта таксама было чакана, проста трэба спакойна сябе паводзіць, задаць свае пытаньні і ня даць сабе раздражняцца ці эмацыйна рэагаваць», — кажа Стыў Розэнбэрг. Ён адзначыў, што Лукашэнка раздражняўся, калі чуў пытаньні пра Расею: «Яўна тэма адносінаў з Расеяй крыху датклівая для яго: саюз і што будзе далей. Ён вельмі хутка разьвярнуў размову да пагрозаў з боку Захаду і пачаў гаварыць пра Другую сусьветную вайну. Я ня вельмі разумеў, пры чым тут гэта, калі размова ідзе пра крытычную сытуацыю ў Беларусі».
Пры гэтым калі Лукашэнку задалі пытаньне пра перамовы з апазыцыяй і ён згадаў Навальнага з Пуціным («Калі Пуцін сядзе за стол перамоваў з Навальным — я сяду са Сьветай»), журналісту здалося, што гэта вырвалася ў яго ненаўмысна:
«Мне здаецца, што ён неспадзявана гэта сказаў, бо адразу дадаў, што «ня думаю, што гэта здарыцца, бо Навальны прадажны».
У дзень сутыкненьняў мігрантаў з польскімі памежнікамі на мяжы Беларусі і Польшчы Стыў Розэнбэрг быў на мяжы, і таму меў магчымасьць задаваць Лукашэнку пытаньні пра мігранцкі крызіс як відавочца.
«За дзень да гэтага мы бачылі, як мігранты ўсталі і арганізавана пайшлі ў бок КПП, і іх беларускія памежнікі прапусьцілі. Яны ўкленчылі перад калючым дротам, а з польскага боку мяжы былі вадамёты і паліцыя. Адчуваньне было, што ўсё гэта арганізавана, каб паказаць, што з аднаго боку мяжы кепскі Захад, а зь іншага мігранты, якія просяцца, каб іх прапусьцілі ў Эўропу. Калі мы прыйшлі на наступны дзень, мы ўжо пабачылі, што група мужчын-мігрантаў кідае камяні, пліткі, цэглу, палкі ў бок польскіх сілавікоў, спрабавалі ламаць плот. Было адчуваньне, што гэта была спроба справакаваць адказ з боку Польшчу. Беларускія салдаты стаялі, глядзелі і нічога не рабілі, каб спыніць мігрантаў, якія штурмавалі мяжу. Я спытаўся ў аднаго з афіцэраў: „Чаму вы ня ўмешваецеся?“ Ён адказаў: „Я не камэнтую“. Жанчыны і дзеці сядзелі ззаду, але натуральна, сьлезацечны газ праз паветра дайшоў і да іх. Аднак відавочна, што адказ з боку Польшчы быў справакаваны дзеяньнямі мігрантаў.
Я спытаўся ў Лукашэнкі: гэта нармальна — штурмаваць мяжу? Ён адказаў: так, але я, маўляў, вырваў гэта з кантэксту, і пачаў расказваць, што гэта Польшча вінаватая, бо нейкі польскі афіцэр даў зразумець мігрантам, што калі яны пройдуць да КПП, то яны змогуць падаць заяву, што яны хочуць у Эўропу. Але калі я паразмаўляў зь мігрантамі, аказалася, што ніхто ім такога не казаў.
Мы мелі магчымасьць гаварыць у лягеры зь мігрантам, і адзін расказаў, як беларускі жаўнер сам разразаў для іх дрот на плоце. Ужо пасьля інтэрвію Лукашэнка сказаў, што цалкам дапускае, што такое было, і што гэта нармальна — бо беларусы гэта славяне, з душой, сэрцам, і ён ня будзе разьбірацца».
Стыў Розэнбэрг быў у Беларусі адразу пасьля леташніх выбараў і заўважыў, як краіна зьмянілася за гэты год.
«Летась, адразу пасьля выбараў, усе вельмі ахвотна размаўлялі з намі, адчувалі сябе вольна. Цяпер людзі не хацелі і баяліся з намі размаўляць. Атмасфэра іншая зусім. Хаця ў інтэрвію Лукашэнка сказаў, што ўзровень ягонай падтрымкі ўжо ня 80%, а нават 87–90%. Але гэта неяк не адпавядала той карціне, якую мы бачылі».
У інтэрвію Аляксандар Лукашэнка не адмаўляў, што рэпрэсіі былі, але цьвердзіў, што «абараняў сваю краіну». Стыў Розэнбэрг спытаўся тады: «Можа, сябе?» Праўда ён падкрэсьлівае, што «адна справа быць брытанскім журналістам, а іншая — беларускім, які крытыкуе ўладу».
Стыў Розэнбэрг не бярэцца рабіць прагноз, як падзеі ў Беларусі будуць разьвівацца далей.
«Але мне здалося, што ў гэтым інтэрвію мы з Лукашэнкам гаварылі пра дзьве розныя Беларусі. У ягоным уяўленьні — гэта краіна, дзе яго ўсе любяць, усё нармальна, усе ворагі і здраднікі за кратамі альбо ўцяклі. Калі ён у гэта сапраўды верыць — гэта ня вельмі адпавядае рэчаіснасьці, і я ня ведаю, да чаго гэта можа прывесьці», — кажа ён.