МУС прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» медыяпраект «Это Минск, детка»
Медыяпраект «Это Минск, детка» і афіляваныя з ім сацсеткі і месенджары абвешчаныя ў Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Паводле дакумента на сайце Міністэрства ўнутраных спраў РБ, датычнымі да іх стварэння і адміністравання пералічаныя: Усяслаў Пашкевіч, Святлана Чабатар, Генадзь Паршуткін і Антон Дзеручэнка. Таксама «экстрэмісцкімі» абвешчаныя сацыяльныя сеткі блогера Усяслава Пашкевіча, вядомага як «Тутэйшы Шляхціч».
Адпаведнае рашэнне прыняло 4 сакавіка 2024 года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. І ў гэты ж дзень яно ўступіла ў законную сілу.
Паводле дзеючага беларускага заканадаўства, асобы, прызнаныя ўдзельнікамі экстрэмісцкага фарміравання, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па артыкулах «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» (артыкул 361–1 Крымінальнага кодекса) ці за «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361–4 Крымінальнага кодэкса). Санкцыі гэтых артыкулаў прадугледжваюць да 10 гадоў пазбаўлення волі.
У «Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», які вядзецца на сайце МУС РБ, уключылі інтэрнэт-рэсурсы:
- Сайт «Это Минск, детка» — www.thisminsk.org,
- Telegram-бот @thisminskbot (ID: 301029204),
- Instagram-акаўнт «Это Минск, детка | Гэта Менск, дзетка», размешчаны па адрасе instagram.com/thisminsk,
- старонку ў Threads «Это Минск, детка | Гэта Менск, дзетка», размешчаную па адрасе threads.net/@thisminsk,
- старонку ў «X» пад назвай «Гэта Менск, дзетка | Это Минск, детка», размешчаную па адрасе www.twitter.com/thisminsk,
- Facebook-акаўнт «Это Минск, детка» з адрасам www.facebook.com/ thisminsk,
- старонку «ВКонтакте» пад назвай «Это Минск, детка» (vk.com/public50426077),
- старонку ў «Одноклассниках» з назвай «Это Минск, детка» (ok.ru/thisminsk).
- TikTok-акаўнт @thisminsk,
- YouTube-канал «Это Минск, детка» (youtube.com/@thisminsk).
Экстрэмісцкім прызнаны і лагатып медыяпраекта, апісаны ў дакуменце МУС як «выкананы на чорным фоне, у выглядзе абрэвіятуры «ЭМD» з упісанай літарай «М» у стылістычную выяву сімвала «геалакацыя».
У пераліку сярод інтэрнэт-рэсурсаў «Это Минск, детка» згадваюцца як датычныя да дзейнасці гэтага «экстрэмісцкага фарміравання» старонкі блогера Усяслава Пашкевіча. Ён вядомы чытачам і гледачам пад нікам «Тутэйшы Шляхціч».
У дакумент МУС уключаныя: Telegram-канал «Тутэйшы Шляхціч» з адрасам t.me/tutejsyja_bel, YouTube-канал «Тутэйшы Шляхціч» (youtube.com/@TutejszySzlachcicz), асабістыя старонкі
у Instagram (instagram.com/usiaslau_paszkievicz), «ВКонтакте» (vk.com/lis.rokin), Twitter (twitter.com/Usiaslau_P).
У інтэрв’ю «Радыё Свабода» Усяслаў Пашкевіч прызнаваўся, што да 2018 года не цікавіўся беларускай гісторыяй, не ведаў яе, але цяпер менавіта яна стала адным з галоўных ягоных захапленняў. Блогер, які пасля вымушанага ад’езду з Беларусі, цяпер жыве ў Кракаве, распавёў, што ў праекце «Тутэйшы Шляхціч» займаецца папулярызацыяй беларускай гісторыі, культуры.