МУС прапанавала блакаваць «экстрэмісцкі кантэнт» яшчэ на этапе даследчай праверкі
Пра гэта заявіў намеснік Міністра ўнутраных спраў, начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч.
Паводле словаў Казакевіча, «злачыннасць сышла ў «лічбу», з’яўляюцца новыя формы і метады здзяйснення злачынстваў», але цяперашнія заканадаўчыя магчымасці адстаюць ад рэалій сённяшняга дня.
«Таму МУС выступае з ініцыятывай адносна магчымасцяў яшчэ на стадыі даследчай праверкі блакаваць або спыняць паслугі электрасувязі ў тым выпадку, калі будзе ўстаноўлена, што кантэнт спрыяе здзяйсненню злачынства», — цытуе словы намесніка Міністра Telegram-канал «Совет Республики Национального собрания Республики Беларусь».
Прапанова тычыцца найперш блакавання «экстрэмісцкага» кантэнту, а таксама кантэнту, звязанага з распаўсюджваннем наркотыкаў. Яна ўключана ў законапраект «Аб змене кодэксаў», які 5 верасня абмяркоўвала экспэртная рада пры Савеце Рэспублікі.
Прэс-служба ведамства паведамляе, што новы законапраект «у асноўным падтрыманы чальцамі экспертнай рады».