• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    МУС адмовілася сустракацца з кіраўніцтвам ГА “БАЖ” адносна фатаграфавання адміністрацыйных будынкаў

    У Міністэрстве ўнутраных спраў гавораць, што не намераныя абмяркоўваць дадзенае пытанне з прадстаўнікамі журналісцкай супольнасці, “бо ўжо далі канчатковы адказ”.

    18 сакавіка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” атрымала  адказ з МУС адносна распараджэння намесніка міністра Мікалая Мельчанкі, пасля з’яўлення якой у Беларусі людзей пачалі затрымліваць за фатаграфаванне адміністрацыйных будынкаў і дзяржаўных устаноў.

    Паводле МУС, гаворка не ідзе пра забарону відэа- ці фотаздымкаў, але грамадзяне і прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі павінныя ведаць, што ў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія нясуць службу па ахове правапарадку, ёсць законнае права высветліць, з якой мэтай праводзяцца здымкі.

    У ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з такой фармулёўкай катэгарычна не пагадзіліся, бо дакумент наўпрост закранае правы грамадзян. Кіраўніцтва арганізацыі мела намер сустрэцца з аўтарам пастановы Мікалаем Мельчанкам у яго прыёмны дзень.

    Аднак у прыёме старшыні ГА “БАЖ” Жанне Літвіной і яе намесніку Андрэю Бастунцу было адмоўлена. У МУС паведамілі, што “ведамства ўжо дало афіцыйны адказ на зварот арганізацыі і болей дадзенае пытанне абмяркоўваць не бачыць патрэбы”.

    – Вельмі сумна, што кіраўнікі такіх ведамстваў і такога ўзроўню цалкам адмаўляюць у наладжванні дыялогу і ўзаемапаразуменні. На дадзены момант, думаю, ў нас няма іншага шляху як абскарджваць той унутраны дакумент, які парушае правы не толькі журналістаў, але і наогул усіх грамадзян нашай краіны, – адзначыла Жанна Літвіна прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці