• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Мова нянавісці: новы выклік дэмакратыі і свабодзе слова

    Як нараджаецца hate speech і які механізм выкарыстоўваецца дзеля распаўсюду лексікі нянавісці? Як змагацца з ёй сродкамі права і закону? Як знізіць узровень недапушчальнай лексікі ў СМІ і ў Інтэрнэце? Як спалучыць барацьбу з тэрарызмам з прынцыпам свабоды слова?

    У Страсбургу 13-14 кастрычніка адбылася канферэнцыя Савета Еўропы “Свабода выказвання: усё яшчэ перадумова дэмакратыі?”

    Аўтарка матэрыялу Марыя Савушкіна на канферэнцыі

    Форум прайшоў у будынку Еўрапейскага Парламента і сабраў кіраўнікоў структур Еўрапейскага Саюза і адмыслоўцаў у забеспячэнні свабоды выказвання і медыяў, суддзяў Еўрапейскага суда па правах чалавека, прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый і журналістаў больш чым з 20 краін.

    Беларусь на канферэнцыі прадставілі журналісты незалежных СМІ: “Нашай Нівы”, незалежнага тэлебачання “Белсат”, парталу TUT.by, а таксама ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

    Канферэнцыю адкрыў Торб’ёрн Ягланд (Tor­b­jorn Jagland), генеральны сакратар Савета Еўропы. Таксама перад прысутнымі  выступілі Ніл Муйжніекс (Nils Muiznieks), камісар па правах чалавека Савета Еўропы, Анжэліка Нюссбергер (Ange­li­ka Nuss­berg­er) cуддзя Еўрапейскага суда па правах чалавека і ішыя суддзі Еўрапейскага Суда па правах чалавека, Дуня Міятавіч, спецыяльны прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ, Крыстоф Страссер (Christoph Sträss­er) федэральны ўрадавы камісар па правах чалавека і гуманітарнай падтрымцы, парламентар Германіі, і інш.

    Мадэратарам першай часткі канферэнцыі выступіў брытанскі журналіст, эксперт у галіне прававых пытанняў працы СМІ Джошуа Розенберг (Joshua Rozen­berg).

    Выступы спікераў канферэнцыі суправаджаліся працамі карыкатурыста Нікаля Вадота, які ў рэжыме рэальнага часу каментаваў сваімі малюнкамі і вострымі каментарамі думкі выступоўцаў. Карыкатуры дэманструаваліся ўсім удзльнікам канферэнцыі на вялікіх экранах залы Еўрапейскага Парламента. Пасля трагедыі ў «Шарлі Эбдо» мастацтва палітычнай карыткатуры ў Францыі перажывае ўздым і становіцца ўсё больш папулярным. Трапныя малюнкі на палітычныя тэмы з гумарам  і нават сарказмам сталі сімвалам свабоды слова і свабоды выказвання.

    Што такое “лексіка нянавісці” (hate speech)?

    Павышэнне ўзроўню экстрэмізму і ўплыву ідэй, звязаных з гвалтам, злоўжываннем інфармацыяй і знявагай асобы –  праблема, якая нарастае як снежны ком. СМІ і сацыяльныя медыя – інструмент, які робіць гэтыя ідэі ўплывовымі і дасяжнымі для вялікай колькасці людзей. Медыяпрастора ЕС, Турцыі і інш. краін заражаная хваробай hate speech. А лекаў – легальных механізмаў з шырокай практыкай ужывання, якія б абмяжоўвалі лексіку нянавісці ў СМІ і спалучаліся б з прынцыпамі свабоды слова – няма. Што рабіць?

    Спачатку трэба вызначыць, што ж з’яўляецца hate speech, а што – не. Гэта кантэнт, які проста камусьці не падабаецца, прапаганда, ці нешта іншае? Дзе мяжа, якая адрознівае лексіку цярпімасці ад лексікі нянавісці?

    “На мой погляд, мяжа – гэта гвалт,” – лічыць Дуня Міятавіч. На яе думку, як толькі кантэнт заклікае да любой формы гвалту ў адносінах да каго заўгодна, – такая інфармацыя можа быць класіфікаваная як hate speech.

    Аднак на дадзены момант прававымі інструментамі адназначна вырашыць гэтую калізію і стварыць жорсткія крытэры, рамкі ці класіфікацыю немагчыма.

    Прычынай асабліва вострай дыскусіі на дадзеную тэму з’яўляецца Турцыя, дзе бягучая палітычная сітуацыя і іншыя асаблівасці краіны абумоўліваюць прысутнасць hate speech як у СМІ, так і ў прамовах публічных асобаў.

    Фэйсбук: ні слова нянавісці

    Сацыяльныя медыі – неверагодна свабодная пляцоўка для выказвання і распаўсюду інфармацыі. Часта самыя папулярныя сацыяльныя сеткі становіцца крыніцай так званага “экстрэмізму анлайн”. Як абараніць карыстальнікаў сацыяльных медыя ад такіх ідэй?

    Перад удзельнікамі канферэнцыі “Свабода выказвання: усё яшчэ перадумова дэмакратыі?” выступіла прадстаўніца кампаніі Фэйсбук Сёбан Каміскі (Siob­han Сum­miskey). Пра стаўленне кампаніі да лексікі нянавісці спн. Каміскі запэўніла: “Мы не прадастаўляем прасторы для ідэй тэрарызму і людзей, якія гэтыя ідэі падтрымліваюць. Мы прадастаўляем прастору для выказвання ідэяў, якія падабаюцца людзям, для стварэння асацыяцый аднадумцаў. Фэйсбук быў створаны для камунікацыі праз межы”.

    Сёбан Каміскі паведаміла, што яе кампанія актыўна супрацоўнічае з урадамі амаль усіх краін і ўплывовымі НДА.  Мэта гэтага супрацоўніцтва – падзяліцца метадамі, якія эфектыўна спрыяюць свабодзе слова ў тых межах, якія падтрымлівае Фэйсбук і зашкодзіць распаўсюду экстрэмізму анлайн. “Фэйсбук мае свайго прадстаўніка (coun­try man­ag­er)  ў кожнай краіне, які, як правіла,  жыве ў гэтай краіне”, – сказала Сёбан Каміскі.

    Удзeльнікі канферэнцыі “Свабода выказвання: усё яшчэ перадумова дэмакратыі?” у Страсбургу абмяркавалі патэнцыял Інтэрнэту для распаўсюду дэмакратыі, – як выкарыстаць сеціва найбольш эфектыўна? Даследавалі, як і з чаго нараджаецца hate speech і які механізм выкарыстоўваецца дзеля распаўсюду лексікі нянавісці? Як змагацца з ёй сродкамі права і закону? Якую ролю павінны адыграць у гэтым працэсе Еўрапейскі суд па правах чалавека, нацыянальныя суды, праваабаронцы і юрысты? Як знізіць узровень недапушчальнай лексікі ў СМІ і ў Інтэрнэце? Як спалучыць барацьбу з тэрарызмам з прынцыпам свабоды слова?

    Усе гэтыя пытанні чакаюць свайго адказу. Іх актуальнасць з цягам часам толькі павялічваецца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці