Мо і хоча, ды не можа. Чаму Лукашэнка не вызваляе Пачобута
Лукашэнка не раз заяўляў, што хоча наладзіць адносіны з Польшчай. Маўляў, суседзяў не выбіраюць. З боку Варшавы звычайна гучыць у адказ: вызваленне Пачобута для нас — прыярытэт. Але Пачобут застаецца ў турме. Чаму? І галоўнае, пра што сведчыць гэтая гісторыя?
Анджэй Пачобут — унікальны сярод тысяч палітвязьняў, бо ад аднаго яго так залежаць дачыненьні дзьвюх суседніх краін, якім, здавалася б, жыцьцёва неабходна мець добрыя адносіны. Пра гэта гавораць абодва бакі, але словы не ператвараюцца ў справы.
Ужо да чаго прадметныя прапановы палякаў: выпускаеце Пачобута — заўтра адкрываем другі памежны пераход. А ў адказ – цішыня. Ніхто нічога не патрабуе наўзамен, кудысьці зьнік „другі бок“…
За што сядзіць Пачобут?
Анджэй Пачобут — прафэсійны журналіст, карэспандэнт польскага выданьня Gazeta Wyborcza ў Беларусі. У прынцыпе, гэтым ягоная „віна“ і вычэрпваецца.
Чаму ён у турме? Магчыма, прычыну трэба шукаць у славутай помсьлівасьці Лукашэнкі. Бо гэта адзіны матыў, паводле якога за краты трапляюць амаль усе ягоныя канкурэнты на прэзыдэнцкіх выбарах. І нейкай лёгікай помсты гэта, відаць, можна патлумачыць. Але АнджэйПачобут яму не канкурэнт. Чаго б тут помсьціць?
За кратамі цяпер усе незалежныя журналісты, хто ня здолеў пакінуць Беларусь. Іх „віна“ ў тым, што пісалі праўду і тым самым „баламуцілі“ беларускую аўдыторыю.
Гэта таксама неяк патлумачыць (не апраўдаць, вядома) можна. Але і тут нібыта неадпаведнасьць: Пачобут меў справу з польскай аўдыторыяй.
Матыў асабістай нянавісьці або непрыязі? Але гэтае пачуцьцё аднаго чалавека, якім бы моцным яно ні было, размазаўшыся на тысячы апанэнтаў, напэўна, цалкам страчвае сваю сілу.
Значыць, няма ніякай прычыны, дзеля якой Лукашэнка (які хоча наладзіць дачыненьні з Польшчай) адмовіўся б ад такой несувымернай „драбніцы“, як выпусьціць Андрэя Пачобута з турмы.
Мо і хацеў бы, але ня можа
Калі хоча і няма прычыны гэтага не зрабіць, значыць, ня можа. Лукашэнка ня можа выпусьціць Пачобута з турмы? Чаму? Бо ня мае на тое ні сілы, ні ўлады, ні волі. Дакладна так, як “ну ня мог я яму (Пуціну) адмовіць (Лукашэнкавы словы) праз тэрыторыю Беларусі наступаць на Кіеў”.
Але што ўсё гэта значыць? Выбудоўваючы лягічную лінію, мы бачым, што, пачынаючы з 2020 году, самаабвешчаны прэзыдэнт Беларусі дэ факта ў „сваёй краіне“ сам нічога вырашыць ня можа. Нічога, што не супадала б зь лініяй Крамля…
У ранейшыя гады ён „змагаўся“, пярэчыў, цэлыя войны пачыналіся з Крамлём — то “малочныя”, то “нафтавыя”, то яшчэ якія. А ў 2020‑м — стоп машына, і кожны месяц — „на ковёр“. Адзінае, хіба, што пасьля гэтага прагучала насуперак палітыцы Масквы, якраз гэта: пра наладжваньне адносінаў з Польшчай.
Пуціну наўрад ці спадабаліся гэтыя словы. Бо Польшча для яго як чырвоная ануча для быка. Якія тут могуць быць дачыненьні, калі ўсё часьцей гавораць пра напад Расеі на Польшчу. Яна, нібыта, пасьля Ўкраіны можа стаць наступнай.
Гэта мы, беларусы, чухаем патыліцу: навошта было закрываць польскія школы і суполкі, навошта зьнішчаць польскія пахаваньні, навошта ўчыняць гэты дзікі міграцыйны гон на мяжы… Але мы думаем так сваім беларускім розумам і сваім беларускім маштабам. Мабыць жа, і Лукашэнка нешта такое думаў, бо мусіў лічыцца з аргумэнтам „народ не зразумее“ — першым, пра які думае чалавек на прэзыдэнцкай пасадзе. Але тут раптам зусім абваліўся наш маштаб і нашае „навошта“ засталося пад заваламі без адказу.
“Вагнэр”, якога калісьці Лукашэнка арыштоўваў і выганяў з краіны, цяпер інструктуе „беларускіх“ сілавікоў, урачыста нашывае ім свае шаўроны і ўжо за крок ад таго, каб арыштаваць самога Лукашэнку. А што Лукашэнка? Ня можа адмовіць…
Страчаная ўлада
Ня можа, значыць, ня мае ўлады? Дзе праміргаў, а дзе і сам паднёс на сподачку з блакітным беражком. Ягоныя падначаленыя сілавікі ўжо не ягоныя, бо ў кабінэтах вешаюць партрэты Пуціна. Ядравую зброю ў Беларусь далі, але не яму. Усё міма яго. Ён быццам і не заўважыў, як ягонае „жэстачайша“ паблякла перад бязьлітаснай зьнішчальнасьцю тыранічных практык, якія, абцякаючы яго, займаюць прастору рэальнае ўлады.
Немагчыма ўявіць, каб людзей татальна садзілі ў турму ўжо толькі за лісты палітвязьням ці за прадуктовую дапамогу і спаганялі штрафы і грошы, за якія купляліся прадукты. Які б ты ня быў адстойны беларус, але мэнтальна адчуеш, што гэта занадта.
Прычым гэтае „занадта“ яўна не беларускага паходжаньня, як, зрэшты, і выпальваньне напалмам грамадзянскай супольнасьці, і тысячы палітычных у турмах, і сотні тысяч выгнаных за мяжу, як і патрабаваньне да іх, каб вярнуліся — у турму. Гэта ўсё на звычайнае беларускае ўяўленьне мала што не па-гаспадарску – не па-прэзыдэнцку. Але адмовіць ён ня можа. Бо абясточаны, паралізаваны, узяты „старэйшым братам“ загрудкі.
Выглядае, што ўлада папросту выцякае зь ягоных рук. Усё адбываецца амаль будзённа і амаль непрыкметна, каб у выніку ўсе раптам апынуліся перад фактам. Як такое магло быць? Ну неяк так атрымалася, цяпер ужо што абмяркоўваць. Цяпер ужо як ёсьць.
Мяне тут неяк спыталі: а якая пазыцыя „Беларусі па Ўкраіне“? Кажу: такая самая, як „па Беларусі“. Прапаганда ў Беларусі расейская, таму заходзіцца нянавісьцю. Калі ж глядзець на аб’ектыўныя факты: дзесьці за песьню ўкраінскую пасадзілі ў турму, недзе за стужку жоўта-блакітную, дзесьці — за словы супраць вайны… А так, каб была пазыцыя ад „першай асобы“, дык і няма ніякай пазыцыі. Не фармулявалася.
Лукашэнка страчвае ўладу. Ён яшчэ валадарыць у тэлевізары, над пацешнымі выбарамі ці разносячы падручнік філязофіі… Але вызваліць Пачобута ня можа. І наладзіць дачыненьні з Польшчай таксама. Гэта ўжо не ягоная сфэра.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Чытайце яшчэ:
«Спадзяюся, ў яе атрымаецца». Ксеніі Луцкіной за кратамі споўнілася 40
«Яны баяцца і разумеюць, што нас думаць па-іншаму не прымусіш». Інтэрв’ю з Вольгай Такарчук
Віцебскі відэаблогер Віталь Усціновіч паведаміў, што ідзе ў суд і знік. Верагодна, яго пакаралі «суткамі»