• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Мне зрабілі казачна хутка — літаральна за пару дзён». Як беларусу памяняць пашпарт за мяжой і якая ёсьць альтэрнатыва

    Як беларусу памяняць пашпарт за мяжой і якія ёсьць альтэрнатывы. Тлумачыць "Радыё Свабода"

    Пасьля 2020 году многія беларусы апынуліся за мяжой, але ня ўсе маглі памяняць пашпарт загадзя. Расказваем, як гэта зрабіць у Польшчы, Літве, Латвіі, Грузіі, ва Ўкраіне і ці ёсьць альтэрнатыва.

    Літва

    Як і ў іншых дзяржавах Эўразьвязу, памяняць пашпарт, тэрмін дзеяньня якога заканчваецца, можна ў консульствах Беларусі. Ідзецца пра пашпарты «звычайных» беларускіх сэрыяў. Уласьнікі пашпартоў сэрыі РР, якія выдаюць беларусам, што стала жывуць за мяжой (з дазволам на пастаяннае пражываньне на тэрыторыі краіны ЭЗ. — РС) маюць асобную працэдуру замены дакумэнтаў. Сьпіс неабходных дакумэнтаў на афіцыйным сайце.

    Трэба прынесьці стары пашпарт, чатыры каляровыя фатаздымкі 40 на 50 мілімэтраў і пасьведчаньне аб нараджэньні. На старонках консульстваў пазначана, што яго трэба паказваць «пры неабходнасьці», аднак на практыцы лепш мець пры сабе. Калі заяўнік у шлюбе альбо мае непаўналетніх дзяцей, то спатрэбяцца таксама пасьведчаньні аб шлюбе і аб нараджэньні дзіцяці. Калі чалавек, які хоча памяняць пашпарт, зьмяняў імя ці прозьвішча, трэба таксама падаваць пасьведчаньне аб зьмене імя ці прозьвішча. Акрамя гэтага, неабходна таксама паказаць консулу часовы дазвол на жыхарства ў Літве.

    На месцы вас таксама папросяць стаць на консульскі ўлік: запоўніць анкету з кантактнымі зьвесткамі — актуальным адрасам і тэлефонам. Асобна запаўняецца заява і анкета на замену пашпарту. Каштуе гэтая паслуга 100 эўра, аплаціць можна на месцы ў консульстве.

    Выдаць новы пашпарт замест старога беларускія дыпляматы абяцаюць цягам 1–3 месяцаў. Вашыя дакумэнты будуць перавозіць зь Літвы ў Беларусь і назад дыпляматычным транспартам. На практыцы, аднак, працэдура замены пашпарта ў Літве можа быць значна даўжэйшай.

    «Я ў чэрвені званіла ў консульства, свабодная дата для падачы была толькі ў лістападзе, — расказала Свабодзе беларуска, якая жыве ў Вільні. — Падала дакумэнты, абяцалі патэлефанаваць, як усё будзе гатова. Пакуль не званілі».

    Як стала вядома Свабодзе, у студзені 2022 году для падачы дакумэнтаў на абмен пашпарту ў беларускае консульства можна запісацца толькі на травень–чэрвень. Стары пашпарт пасьля падачы дакумэнтаў дыпляматы аддаюць уласьніку, яго забіраюць толькі пасьля выдачы новага. Калі ён вам неабходны для нейкіх прыватных мэтаў, можна папрасіць пакінуць.

    Таксама ў Літве беларус можа атрымаць пашпарт замежнага грамадзяніна ці так званы kelionės doku­men­tas, дакумэнт для падарожжаў. Зьвяртацца трэба ў Аддзел міграцыі. Пашпарт замежнага грамадзяніна выдаецца чалавеку, які мае часовы дазвол на жыхарства. Але толькі на пэрыяд яго дзеяньня. Такой магчымасьцю карыстаюцца, калі беларускі пашпарт заканчваецца, але зь нейкай прычыны яго немагчыма падоўжыць. Дакумэнт мае падобны да звычайнага пашпарту выгляд, туды можна ўклейваць візы.

    «Мне зрабілі казачна хутка — літаральна за пару дзён, прыкладна год таму, хоць у мяне была звычайная, а ня хуткая працэдура. Падазраю, таму, што маю не гуманітарны дазвол на жыхарства, а blue card (асобны від працоўнага дазволу на жыхарства. — РС).

    Праз гэта таксама ў мяне, апроч заявы і беларускага пашпарту (і часовага дазволу на жыхарства, вядома) было патрэбна даць разгорнутае тлумачэньне, чаму не магу памяняць свой пашпарт у Беларусі ці амбасадзе, дадаць розныя паперы. Тыя, у каго гуманітарны дазвол на жыхарства, такога, як я ведаю, не давалі. Хапала пашпарту плюс дазволу на жыхарства і заявы. Каштавала каля 40–60 эўра», — прыгадвае беларуска, якая жыве ў Літве.

    Польшча

    Працэдура замены старога беларускага пашпарту на новы ў Польшчы афіцыйна такая ж, як у Літве. Аднак на практыцы трапіць у консульства для гэтага складаней. Адразу некалькі чалавек расказалі Свабодзе, што запісацца на падачу дакумэнтаў у Варшаве амаль нерэальна. Тыя, хто змог дазваніцца консулу, альбо атрымліваюць адмову праз загружанасьць дыпляматычнай пляцоўкі, альбо маюць прапанову прыйсьці «праз паўгода».

    Некалькі беларусаў, якія спрабуюць памяняць старыя пашпарты на новыя, не выяжджаючы з Польшчы ў Беларусь, расказалі Свабодзе, што лепш спрабаваць рабіць гэта праз консульствы ў іншых гарадах.

    «Ведаю, што ў Варшаве гэта амаль нерэальна, людзі нават дазваніцца ня могуць, — кажа суразмоўца. — Мае знаёмыя ў выніку паспрабавалі запісацца ў консульства ў іншым горадзе, і там удалося адразу. Іх запрасілі прыехаць літаральна на наступным тыдні, падача дакумэнтаў прайшла без праблемаў. Паабяцалі за 2–3 месяцы выдаць новыя пашпарты».

    Як і ў Літве, у Польшчы беларусы могуць атрымаць пашпарт замежнага грамадзяніна. Для гэтага трэба зьвярнуцца ў мясцовы аддзел у справах іншаземцаў. Працэдура магчымая ў выпадку, калі беларус мае ў Польшчы легальны статус і дакумэнты, якія яго пацьвярджаюць: часовы дазвол на жыхарства альбо нацыянальную гуманітарную візу.

    Пры падачы дакумэнтаў на пашпарт замежнага грамадзяніна трэба мець заяву, два фатаздымкі 35 мілімэтраў на 45, дзейнае пасьведчаньне асобы і дакумэнты, якія пацьвярджаюць гуманітарныя прычыны знаходжаньня ў Польшчы. Альбо дакумэнты, якія пацьвярджаюць рашэньне аб наданьні дадатковай абароны.

    Латвія

    У Латвіі беларускія консульствы таксама прымаюць на замену беларускія пашпарты. Працэдура такая ж, як і ў Літве. Паводле сьведчаньняў тых беларусаў, хто ўжо спрабаваў памяняць стары пашпарт на новы ў Рызе альбо Даўгаўпілсе, чэргі там значна меншыя. Уся працэдура можа заняць ад 1 да 3 месяцаў.

    Як і ў Літве, вас папросяць стаць на консульскі ўлік, а таксама пакінуць сабе копію вашага часовага дазволу на жыхарства.

    Грузія

    У Грузіі, як і ў Польшчы і Літве, беларусы могуць памяняць пашпарт у беларускім консульстве. Для гэтага трэба прыехаць у Тбілісі. Чэргі на запіс таксама вялікія.

    «Я ў ліпені запісалася на канец лістапада, абяцалі за два месяцы зрабіць новы пашпарт, але чакаю дагэтуль», — расказала Свабодзе беларуска, якая жыве ў Грузіі з восені 2021 году.

    «Я запісалася ў студзені, але прымуць мяне толькі ў жніўні, яшчэ 3–4 месяцы трэба чакаць самога пашпарту; вынікае, амаль год», — кажа іншая суразмоўца.

    Украіна

    Ва Ўкраіне беларускія консульствы не працуюць з сакавіка 2022 году, таму стары беларускі пашпарт на новы там цяпер замяніць немагчыма.

    Ува ўсіх выпадках заяўку на замену старога пашпарту на новы, пададзеную ў беларускае консульства за мяжой, разглядаюць органы МУС у Беларусі. Свабодзе вядома як мінімум некалькі выпадкаў, калі яны адмаўлялі ў замене пашпарту і запрашалі для гэтага прыехаць у Беларусь. Прычыны адмовы заяўнікам у такіх выпадках не тлумачаць. Паводле правілаў, адмовіць у замене пашпарту могуць празь няправільна ўказаныя ў анкеце зьвесткі альбо крымінальны перасьлед у Беларусі.

    Акрамя пашпарту замежнага грамадзяніна, беларусы за мяжой могуць папрасіць міжнароднай абароны. Пасьля атрыманьня статусу ўцекача і міжнароднай абароны чалавек атрымлівае, апроч дазволу на жыхарства ў краіне падачы, асобны дакумэнт, зь якім можна падарожнічаць. Працэдура атрыманьня такога статусу моцна залежыць ад краіны. Чакаць неабходных дакумэнтаў можна як некалькі месяцаў, так і некалькі гадоў.

    Чытайце яшчэ: 

    Как уехавшим из Беларуси получить в Литве новый паспорт? Собрали пошаговую инструкцию

    Як выпісацца з кватэры, калі не можаш прыехаць у краіну, і ці трэба для гэтага перадаваць пашпарт?

    Што рабіць экстрэмістам з пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. І без яго

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці