• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Містыка? На сайце дзяржаўнай газеты з фатаграфіі знікла ікона Хрыста

    Савецкага саюза даўно няма і царква жыве свабодна, але ў Гродне адбылася «містычная» сітуацыя ў духу самых цёмных гадоў ваяўнічага атэізму. З фатаграфіі на сайце абласной газеты «Гродзенская праўда» знікла ікона Хрыста, пры гэтым на іншых фота ў гэтым жа матэрыяле ікону відаць. Хтосьці добра папрацаваў у фоташопе, вось толькі для чаго?

    Фота зроблена 6 траўня падчас пасадкі алеі «Сирень Победы» недалёка ад Каложскай царквы. У акцыі ўдзельнічалі старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой, ветэраны, школьнікі і прадстаўнікі царквы.

    Усё праходзіла побач з парафіяльным цэнтрам, дзе над уваходам пастаянна вісіць ікона Хрыста. Удзельнікі фатаграфаваліся на фоне будынка і ў матэрыялах Hrodna.life і «Гродзенскай праўды» ікону добра відаць.

    Акрамя адной загалоўнай фатаграфіі «ГП». На ёй ікона знікла, і гэта выклікала абурэнне ў вернікаў, прадстаўнікоў царквы і савета ветэранаў. Адрэдагаваны здымак перадрукавалі раённыя газеты.

    «Мы, удзельнікі ўрачыстага мітынгу ў Каложскім парку, былі вельмі абураныя, здзіўлены і заклапочаныя тым, што на фота, апублікаваным на сайце газеты «Гродзенская Праўда» ад 06.05.2017 года, адсутнічае ікона Хрыста. Падобныя скажэнні рэчаіснасці падрываюць аўтарытэт СМІ», — напісаў у газету старшыня ветэранскай арганізацыі пры ЖЭС‑5 Пісараў В.А.

    «Адышлі ў нябыт года, калі гэта практыкавалася. Сучасная праваслаўная царква актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці краіны, клапоціцца аб патрыятычным выхаванні моладзі, прывiваючы людзям любоў і павагу адзін да аднаго, нясе словы Праўды. Хацелася б ведаць ад каго зыходзіла ініцыятыва замаляваць на фота ікону і ў імя чаго?» — пытаецца ветэран.

    Настаяцель Каложскай царквы Аляксандр Балоннікаў таксама здзіўлены: чаму такое адбылося, бо ён, як і ўсе, удзельнічаў у пасадцы алеі і нічога прадузятага не назіраў. «Калі мне пра гэта сказалі людзі, якія чытаюць «Гродзенскую праўду», я быў здзіўлены. Хочацца верыць, што гэта непаразуменне. І калі гэта сапраўды так, то мы спадзяемся, што рэдакцыя «ГП» выправіць гэтую тэхнічную недакладнасць».

    У матэрыяле Hrodna.life iкона выразна бачная

    Навіну з фотаздымкамі перадрукавалі некалькі раённых газет і сайт Гродзенскага гарвыканкама. Так па сетцы распаўсюдзілася «Гродзенская няпраўда».

    Пасля шматлікіх скаргаў у рэдакцыю газеты, галоўную фатаграфію памянялі. Зараз на ёй прысутнічае ікона. Але на сайтах, што зрабілі перадрукі, фатаграфія застаецца старой.

     
    Руслан Кулевіч, hrodna.life
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці