«Місія Onliner — асвятленне жыцця “маленькага чалавека”, з яго перамогамі і бедамі»
У дзясятку самых наведвальных сайтаў Беларусі ўваходзяць толькі два медыя: Tut.by і Onliner.by (праўда, па статыстыцы разам з каталогам). Гэтыя два парталы канкуруюць за беларускіх чытачоў і рэкламадаўцаў.
Інфармацыйную частку Onliner робяць менш за 30 чалавек. Як у рэдакцыі атрымліваецца быць на высокіх рэтынгавых пазіцыях, чаму ў штаце так мала жанчын і каго гатовыя прыняць на працу?
Пра гэта распавялі галоўны рэдактар кантэнтнай часткі Onliner Мікалай Казловіч, відэарэдактар Аляксей Носаў і рэдактар сацсетак Мікіта Ляшкевіч падчас сустрэчы ў Прэс-клубе.
Адразу прагучала, што “партал”, як мы звыкліся зваць Onliner, — гэта тэрміналогія 1990‑х гадоў . Ды і словам “сайт” акрэсліць медыя сёння складана. СМІ варта разглядаць у сукупнасці ўсіх каналаў, праз якія ён даносіць інфармацыю да чытачоў.
“Мы жывем у эпоху медыятурбулентнасці — адзначыў Мікалай Казловіч. — Трэнды мяняюцца кожныя паўгода”.
Для Onliner сёння статыстыка такая:
Публікацый на тыдзень: каля 300, з іх 7–8 відэа;
Унікальных карыстальнікаў: больш за 450 тысяч штодня (70 % мужчыны, 60 % ва ўзросце ад 25 да 34 гадоў, 57 % з мабільных прылад);
Падпісчыкаў:
Twitter — 300 тысяч;
ВКонтакте — 210 тысяч;
YouTube — 118 тысяч;
Instagram — 32 тысячы;
Viber — 30 тысяч;
Facebook — 29 тысяч;
Telegram — 5 тысяч;
Калі з падпісантамі ў сацсетках усё больш-менш зразумела (хаця для падліку іх уцягнутасці існуюць розныя методыкі — рэд.), то наконт наведвання сайта розныя сервісы даюць розныя паказчыкі. Мікалай Казловіч кажа, што скептычна ставіцца да абсалютных лічбаў і рознага роду рэйтынгаў, а ўвагу звяртае хутчэй на дынаміку. Варта глядзець, што “працуе”, а што — не, і думаць чаму так.
Цікавая практыка, якую можна было б пераняць у Onliner — міні-праекты ў вялікім. Некаторыя супрацоўнікі могуць весці ўласныя старонкі ў сацсетках ці каналы ў мэсэнджэрах, такім чынам ствараючы мікрамедыя. СМІ раней разглядалі сацсеткі пераважна як сродак павялічыць трафік на сайт. А цяпер яны становяцца для аўдыторыі асноўнай крыніцай інфармацыі, людзі не хочуць нікуды пераходзіць. Таму трэба працаваць з тым, што ёсць, хаця не заўсёды зразумела, як гэта рабіць. Кожны акаўнт мусіць стаць асобным медыя.
Журналіст павінны быць асобай, разбірацца ў сваёй тэме, гарэць ёю. Менавіта такія супрацоўнікі трэба рэдакцыі Onliner.
Яшчэ сярод патрабаванняў — уменне шмат працаваць, гатоўнасць засвойваць новыя фарматы і ў той жа час рабіць не тое, што модна, а тое, што сапраўды цікава. Троху супярэчліва? Ну, можа быць. Таму і выходзіць што, напрыклад, са 150 заявак у відэааддзел адабралі толькі дваіх супрацоўнікаў, хаця яшчэ ёсць рэзерв для пашырэння.
На пытанне “Як вы змагаецеся з прафесійным выгараннем супрацоўнікаў?” відэарэдактар Аляксей Носаў адказаў, што робіць некалькі відэа, якія, меркавана, добра паглядзяцца, а потым — адно для душы. Самыя папулярныя пасты ў сацсетках Onliner — тыя, што утрымліваюць відэакантэнт.
Галоўны рэдактар Мікалай Казловіч паведаміў, што імкнецца накіроўваць журналістаў у камандзіроўкі, у тым ліку замежныя. Такім чынам яны не сядзяць доўга ў офісе і не сумуюць. Але галоўнае — гэта місія выдання, якая важная найперш для журналістаў.
Місія Onliner — гэта асвятленне жыцця “маленькага чалавека”, з яго перамогамі і бедамі. У ідэале — спрыянне публікацыямі вырашэнню яго праблем.
Прагучала і пытанне, колькі ў рэдакцыі жанчын і чаму так мала? Аказалася, што восем, чатыры з іх у штаце. Агулам рэдакцыя Onliner гэта:
-
20 журналістаў;
-
4 фатографы ў штаце і 1 пазаштатнік;
-
3 чалавекі ў відэаадзеле;
-
5 карэктараў (2 з іх у штаце);
-
2 асобы займаюцца сацсеткамі;
-
3 асобы займаюцца спецпраектамі.
Наконт жанчын прадстаўнікі рэдакцыі адказалі, што будуць толькі радыя, калі іх будзе больш, і што ацэньваюць супрацоўнікаў паводле іх прафесійных якасцяў, а не па гендэрнай прыналежнасці.
Працы ў рэдакцыі Onliner багата і бывалі выпадкі, калі жанчын бралі ў штат, але праз высокую нагрузку тыя пераходзілі ў пазаштатніцы.
Цяпер у рэдакцыі бракуе людзей, здольных ствараць відэа “пад ключ” (ад ідэі да мантажу), карэктараў і… беларускамоўных журналістаў.
Матэрыялаў па-беларуску на Onliner выходзіць 1–2 на месяц. Прынятае рашэнне, што колькасць такіх матэрыялаў будзе павялічвацца. Яшчэ рэдакцыя не перакладае словы тых, хто размаўляе з журналістамі па-беларуску.
Onliner шукае падыход да аўдыторыі ва ўзросце да 25 год, змагаючыся з эфектам “выданне старыцца разам са сваімі чытачамі”. Таму журналісты, якія разумеюць патрэбы гэтай катэгорыі, напэўна, таксама прыдадуцца.
Як трапіць на працу ў рэдакцыю Onliner?
Шлях першы: выслаць рэзюмэ. Каб “чапляла”. Напрыклад, цяперашні відэарэдактар Аляксей Носаў запісаў відэарэзюмэ на фоне будынка, дзе мясціўся офіс Onliner. У роліку, выразна жэстыкулюючы, Аляксей патлумачыў, чаму хоча працаваць у кампаніі і што можа прапанаваць. Праўда, памыліўся вакном, паказваючы на офіс. Але гэта дробязі. Ужо праз 10 хвілін пасля таго, як рэзюмэ было адасланае, Аляксею патэлефанавалі з прапановай прыйсці на сумоўе.
Шлях другі: напісаць галоўнаму рэдактару Мікалаю Казловічу на nak@onliner.by і прапанаваць 5 тэмаў для артыкулаў.
Рэдакцыя Onliner не гатовая вучыць працаваць, але гатовая падтрымаць тых, хто ўжо нешта ўмее. Мабыць, таму практыканты тут затрымліваюцца рэдка.
У межах кампаніі можна расці, пашыраючы кола сваіх навыкаў, ці мяняць сферу дзейнасці. Калі ўзнікае вакансія, то на яе разглядаюць у першую чаргу таго, з кім ужо супрацоўнічалі. Напрыклад, Максім Тарналіцкі раней напаўняў каталог апісаннямі тавараў, а цяпер працуе фатографам. Рэдактар сацсетак Мікіта Ляшкевіч таксама спачатку прыйшоў на іншую вакансію.
На сёння інфармацыйная частка Onliner (каталог жыве асобным жыццём) улучае раздзелы “Людзі”, “Меркаванні”, “Аўто”, “Тэхналогіі”, “Нерухомасць”, пашырэння не плануецца.
На пытанне з залы “Чаму вы не пішаце пра палітыку?” прагучаў адказ, што ёсць выданні, якія робяць гэта на высокім узроўні, і кожнае СМІ павінна займацца тым, што ў яго добра атрымліваецца: “Калі пісаць, то пісаць добра”. Onliner робіць стаўку на ўнікальны кантэнт.
Прагучала таксама пытанне пра выдаленне з сайта матэрыялаў пра арышт Віктара Пракапені. Аказваецца, рашэнне прымала юрыдычная служба Onliner, пасля таго, як да яе звярнулася юрыдычная служба бізнэсоўца. Юрысты апелявалі правам на забыццё.
Пасля лятучкі засталося ўражанне, што працаваць на Onliner весела і цікава, затрымацца ў прафесійным росце ці засумаваць там журналісту папросту не дадуць. А каб разумець аўдыторыю, медыяработніку трэба і самому быць крыху хіпстэрам, крыху працаголікам, не баяцца новага і досыць прагматычна глядзець на свет.