• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Мінулі 23 гады ад знікнення журналіста Дзмітрыя Завадскага. Нядаўна не стала і яго маці

    7 ліпеня 2000 года пры нявысветленых абставінах каля мінскага аэрапорта знік Дзмітрый Завадскі — колішні відэааператар з «прэзідэнцкага пулу». Беларускія ўлады зрабілі ўсё дзеля таго, каб спусціць справу на тармазах, бо ў ліквідацыі «небяспечнага сведкі» не выключана якраз асабістая зацікаўленасць шэрагу высокапастаўленых асоб.

     

    У гэты дзень 23 гады таму Дзмітрый Завадскі выправіўся ў сталічны аэрапорт, дзе мусіў сустрэць свайго калегу Паўла Шарамета — незадоўга да таго відэааператар сышоў з пулу журналістаў, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі, і далучыўся да каманды «Общественного российского телевидения» (ОРТ). Аўтамабіль пасля знайшлі на паркоўцы, але журналіста ад таго часу ніхто не бачыў.

    Родныя і палечнікі перакананыя, што гісторыя стала працягам ранейшых драматычных знікненняў дэмакратычных палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, а таксама блізкага да іх бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Расследаванне знікнення палітыкаў таксама ні да чаго не прывяло.

    У 2019 годзе былы баец спецыяльнага атрада хуткага рэагавання Юрый Гараўскі, які эміграваў у Швейцарыю «праз страх расправы», зрабіў серыю рэзанансных прызнанняў адносна датычнасці вышэйшага кіраўніцтва да ліквідацыі палітычных апанентаў. Галоўнай падставай было тое, што ўсе яны нібыта «носьбіты сакрэтаў», якія рэжым не мог дазволіць апублічыць.

    На перакананне экс-сілавіка, спробы «павесіць» злачынствы на выпадковых людзей — толькі тактычная неабходнасць адвесці ўвагу ад сапраўдных змоўнікаў і выканаўцаў.  

    Трэба нагадаць, што 14 сакавіка 2002 года Мінскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданні Дзмітрыя Завадскага чатырох колішніх супрацоўнікаў спецатрада міліцыі «Алмаз»: Валерыю Ігнатовічу і Дзмітрыю Маліку суд прызначыў пажыццёвы тэрмін, Аляксею Гузу — 25 гадоў зняволення, Сяргею Савушкіну — 12 гадоў (ужо выйшаў на волю).

    Пасля таго, як Дзмітрый Завадскі пачаў супрацоўнічаць з папулярным на той час тэлевядоўцам Паўлам Шараметам (таго ў аўтамабіле падарвалі ў Кіеве ў 2016 годзе) яны шчыльна заняліся расследаваннямі адносна наяўнасці «беларускага следу» ў чачэнскіх войнах. У прыватнасці, цягам кастрычніка 1999-га – траўня 2000-га здымалі з выездам у месцы баявых дзеянняў дакументальны фільм «Чачэнскі дзённік».

    Паводле следства, матывам нібыта стала помста: маўляў, са стужкі вынікала, што Валерый Ігнатовіч з напарнікамі бралі ўдзел на баку «баевікоў». Пры гэтым на судзе самі фігуранты віны не прызналі ні па адным з эпізодаў.

    За некалькі дзён да канчатковага вердыкту на экстранай прэс-канферэнцыі ў Маскве Павел Шарамет заявіў, што нейтралізаваць Дзмітрыя Завадскага загадаў Віктар Шэйман — у 2000 годзе бліжэйшы паплечнік Аляксандра Лукашэнкі якраз займаў пасаду кіраўніка Савета бяспекі і быў зацікаўлены ліквідаваць «небяспечнага сведку».

    Ад першага дня знікнення сына да пошукаў далучылася і яго маці Вольга Завадская. На жаль, усе спробы дагрукацца да зацікаўленых інстанцый ігнараваліся, што толькі ўзмацняла падазрэнне ў невыпадковасці  паводзінаў людзей у пагонах — негалосны загад спусціць гісторыю на тармазах.

    Пасля таго, як 27 лістапада 2003 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прыняў рашэнне аб прызнанні зніклага журналіста памерлым, намаганні сваякоў вярнуцца да перагляду справы на падставе наноў адкрытых абставін заставаліся непачутымі.

    Да апошняга Вольгу Рыгораўну літаральна разрывала на часткі тое, што няма месца, куды можна было б прынесці кветкі і пасядзець ля партрэта любімага сына.

    Зусім нядаўна, 25 траўня 2023 года, пасля працяглага змагання з анкалагічнай хваробай гераічная жанчына адышла ў іншы свет. Апошнія гады яна была фактычна прыкаваная да вазка.

    Сваякі не сумняюцца, што анкалагічны дыягназ — цалкам на сумленні ўладаў, якія прымусілі забітую горам маці больш за два дзясяткі гадоў пакутваць ад невядомасці.

    Чытайце яшчэ: 

    Верх цинизма. Экскурсию по ИК-17 пропагандистам с «Беларусь 1» проводил экс-журналист телеканала, отбывающий там срок

    «Если бы удалось поговорить с кем-то из окружения Лукашенко, это был бы крутой вызов». Почему важно оставаться в контакте с властью

    Журналіст Караль Гусеніца: Падзеі ў Беларусі ў 2020-ым былі важныя для палякаў праз агульнага ворага — Расію

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці