• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міністру інфармацыі не пасуюць заходнія культурныя каштоўнасці. Толькі «духоўнасць» саюзнай дзяржавы

    У рамках фестывалю «Славянскі базар» у Віцебску арганізатары зладзілі круглы стол пад прапагадысцкім лозунгам «Саюзная дзяржава агульная духоўнасць і прастора магчымасцяў». Прамоўцы пракліналі калектыўны Захад і заклікалі яднацца вакол Масквы ды Мінска. 

    Фронтмэнтам дыскусіі — дзеля справядлівасці, абышлося без спрэчак, усе згодна ківалі прызначаным выступоўцам — стаў міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў. Адметна, што сярод прысутных былі заўважаныя не толькі функцыянеры так званай «саюзнай дзяржавы», але і артысты з «базарнай» шоў-праграмы. 

    На пачатку свайго дакладу міністр інфармацыі адназначна расставіў акцэнты не зусім профільнага мерапрыемства: культурныя каштоўнасці заходняга свету не пасуюць ні беларусам, ні расіянам.

    «Яшчэ нядаўна мы капіявалі заходнюю культурную прастору. Здавалася, і ў нас было нешта добрае, але заўсёды імкнуліся падцягвацца да іх. Дык вось гэтая схема зараз перастае працаваць. Таму што тыя культурныя каштоўнасці, якія актыўна культывуюцца ў заходнім свеце, яны нам у прынцыпе не падыходзяць — ні па хрысціянскіх, ні па гуманітарных, ні па чалавечых, ні па прыродных складніках», — цытуе сайт ведамства свайго кіраўніка.  

    Паводле чыноўніка, галоўнымі памагатымі ў навязванні чужага славянскаму свету ладу жыцця застаюцца заходнія медыя, якія, у адпаведнасці з замовамі сваіх «лялькаводаў», імкнуцца знішчыць усё добрае пра «нашу цывілізацыю». 

    «У нас зараз гістарычны перыяд такі, бо ўсё сціскаецца пад уздзеяннем цяперашніх залішне вострых працэсаў. Але шмат чаго праяўляецца: як і людзі, так і міжнародныя адносіны. І што мы павінны зрабіць у нашай сферы дзеля таго, каб працэсы, якія зараз адбываюцца, выбудаваць у правільным рэчышчы, пазітыўным, канструктыўным напрамку па выхаванні, уздзеянні на нашых людзей, нашы народы ў эпоху, калі наша адзіная агульная прастора ўсё больш і больш знаходзіцца ў канфлікце з заходняй? — задаўся занадта мудрагелістым пытаннем Уладзімір Пярцоў.

    Пакуль вісела паўза, кіраўнік міністэрства паспяшыўся канстатаваць, што «мы (беларуска-расійскія саюзнікі) супраць гэтага». Бо хто не сляпы, мусіць пабачыць: сапраўдны твар, які цяпер паказвае заходні свет у дачыненні да «нашай цывілізацыі», — гэта палітыка адмены, адабрання, расчалавечвання.

    «Гэткая калька мінулага стагоддзя — стварэнне унтэрменш з нашых народаў», — бліснуў паліталагічнымі здольнасцямі з літаратурнымі ўкрапленнямі кіраўнік беларускага Мінінфарма. 

    Згадаўшы пра падкантрольную яму дзялянку, Уладзімір Пярцоў зноў абрынуўся на «прадажныя» заходнія СМІ. За межамі дабра і зла, — вынес ён прысуд замежных калегам. 

    «Тыя, хто рэгулярна судатыкаецца з заходнімі медыямі — не толькі СМІ, а і новымі сродкамі масавай камунікацыі, сацыяльнымі сеткамі, месенджарамі — разумеюць, як выціраецца ўсё праўдзівае і як замяшчаецца альтэрнатыўнымі публікацыямі. Што рабіць у такі перыяд трансфармацыі? Напэўна, варта звярнуцца ў першую чаргу да сваіх вытокаў, сваёй гісторыі, свайго культурнага гена. Да таго, што ў нас закладзена. Нам ёсць чым ганарыцца. Культура — гэта шлях да сэрца і душы гледача, слухача, чытача. І нам трэба намацаць гэты правільны шлях».

    Пафасна паносячы еўрапейскія каштоўнасці, да якіх Беларусь мае прынамсі як гістарычнае, так і геаграфічнае дачыненне, Уладзімір Пярцоў звыкла абышоў увагай, што менавіта яго ведамства апошнім часам стала  лакаматывам цывілізацыйнага падзелу беларусаў.

    Дзякуючы высілкам акурат Міністэрства інфармацыі, медыйная і культурная прастора штучна размежаваная на шматлікіх «экстрэмістаў», якім месца хіба ў падполлі, і лаяльных прапагандыстаў, якія ідуць у фарватары ідэалагічнай вертыкалі. Фактычна дадзены старт татальнай зачыстцы ад любых праяваў іншадумства.          

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці