Міністр: «Белсат» у цяперашнім выглядзе знікне, грошы пойдуць сірыйскім бежанцам
Міністр замежных спраў Польшчы Вітольд Вашчыкоўскі расказаў у інтэрв'ю сайту Wpolityce.pl пра далейшыя перспектывы тэлеканала «Белсат».
Вашчыкоўскі падкрэсліў, што пытанне не толькі ў сітуацыі з «Белсатам», паўстала пытанне рэформы TVP Polonia і эфектыўнасці замежнага вяшчання. Акрамя новага тэлепраекту, накіраванага на Беларусь, палякі таксама плануюць запусціць на англійскай мове канал, які будзе асвятляць падзеі ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе.
Вашчыкоўскі патлумачыў, што беларускія ўлады гатовыя дадаць тэлеканал TVP Polonia ў кабельныя сеткі: «Белсат транслюецца на працягу 10 гадоў, і яго ўплыў на рэальнасць сціплы. Альтэрнатыва ў тым, каб дазволіць перадаваць TVP Polonia для ўсёй тэрыторыі Беларусі».
Новы праект будзе накіраваны на палякаў, якія жывуць у Беларусі, і тых, «хто хацеў бы валодаць польскай». З інтэрв’ю вынікае, што новы тэлеканал не будзе настолькі «апазіцыйным», але затое дасць беларусам магчымасць паглядзець як жыве сучасная Польшчы. «Малюнак варты тысячы словаў, — патлумачыў Вашчыкоўскі. — І беларусы будуць глядзець на Польшчу так, як палякі пры камунізме глядзелі на Захад».
Канчатковае рашэнне аб стварэнні новай рэдакцыі будзе прынята ў бліжэйшыя дні. Але ж беларускую рэдакцыю звальняць пакуль ніхто не збіраецца — Агнешка Рымашэўская ўжо атрымала прапанову высокай пасады ў TVP Polonia, журналісты «Белсату» змогуць працягнуць працу на інтэрнэт-партале альбо рабіць сюжэты для новага канала.
Вашчыкоўскі падкрэсліў, што Польшча мусіць ашчаджаць грошы, каб павялічваць дапамогу сірыйскіх бежанцаў, а таксама краінам Афрыкі і Азіі.