Мінінфармацыі заблакавала доступ у Беларусі да расійскага інтэрнэт-кінатэатра Okko
Афіцыйна паведамляецца, што нагодай для «часовага прыпынення» доступу стала парушэнне нормаў артыкула 38 Закона аб СМІ ў частцы «размяшчэння на дадзеным рэсурсе забароненай інфармацыі, скіраванай на прапаганду гвалту і жорсткасці».
Рашэнне прынятае Міністэрствам інфармацыі Беларусі 30 верасня.
Правайдар РУП «Белтэлекам», які прадастаўляў доступ кліентам да кантэнту okko.tv, абяцае не браць грошы за паслугу «на перыяд дзеяння абмежавання».
Сутнасць сваіх прэтэнзій Мінінфармацыі не раскрывае.
Okko займае чацвёртае месца сярод расійскіх анлайн-кінатэатраў па колькасці падпісчыкаў. Сэрвіс створаны ў 2009 годзе. Ён змяшчае каля 90 тысяч фільмаў і серыялаў. Пасля пачатку расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны шэраг сусветных кінавытворцаў — Disney, Marvel, ABC Studios, Fox — забаранілі Okko дэманстраваць сваю прадукцыю.
28 верасня Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) абнавіў спіс вяшчальнікаў Лігі чэмпіёнаў, Лігі Еўропы і Лігі канферэнцый. У Беларусі ў прамым эфіры гульні гэтых ліг мусіў паказаць якраз расійскі рэсурс Okko.