• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Мінінфарм “распаўсюджвае” экстрэмісцкія матэрыялы… законна?

    На сайце Міністэрства інфармацыі размешчаны Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод значкоў, посуду ды іншай прадукцыі з выявамі фашысцкай сімволікі знаходзяцца спасылкі на розныя сайты, суполкі ў сацыяльных сетках, відэа, якія суды таксама прызналі экстрэмісцкімі. У дужках побач з назвай ці апісаннем даюцца неактыўныя спасылкі. Іх дастаткова скапіяваць, уставіць у камандны радок браўзера, і вы ўжо праглядаеце забаронены матэрыял.

    “Па законе, Мінінфарм мусіць публікаваць спіс матэрыялаў, якія прызнаныя судом экстрэмісцкімі, — кажа юрыст і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. — Але, калі гэтыя спасылкі па сёння працуюць, то гэта цікава і мусіць выклікаць… здзіўленне”.

    Здзіўленне выклікаюць і самі матэрыялы. Напрыклад, відэа, дзе моладзь скача пад крычалку “Хто не скача, той маскаль” падчас дазволенага мітынгу 2015 года ў Мінску, і сюжэт расійскага СМІ з тымі ж кадрамі, але падпісанымі “Бандэраўцы ўжо ў Мінску”, наўрад ці можна сур’ёзна лічыць экстрэмісцкімі. Але ёсць пастанова суда, і будзем яе прытрымлівацца. У гэтым выпадку атрымліваецца, што Міністэрства інфармацыі пасіўна распаўсюджвае “экстрэмісцкія матэрыялы”. Бо кожны ахвочы можа зайсці на сайт і перайсці па спасылках.

    “Я б не казаў, што гэта распаўсюджванне, — кажа Андрэй Бастунец. — Але тое, што гэта з боку Мінінфарма неахайнасць, мякка кажучы, — факт. Тут мусіла быць такая логіка: суд прымае рашэнне, што гэта экстрэмісцкія матэрыялы, на падставе судовага рашэння Міністэрства інфармацыі прымае сваё рашэнне аб уключэнні гэтых сайтаў у, так бы мовіць, чорны спіс, а на падставе гэтага спісу ўсе правайдары закрываюць доступ з тэрыторыі Беларусі да гэтых сайтаў”.

    Прадстаўнік самага буйнога інтэрнэт-правайдара Беларусі “Белтэлекам” дадае, што спіс забароненых сайтаў ён атрымлівае не ад Міністэрства інфармацыі, а ад Беларускай дзяржаўнай інспекцыі па электрасувязі (БелДІЭ). Прычым, база забароненых матэрыялаў БелДІЭ даволі часта аднаўляецца, бо некаторыя старонкі ўносяць у спіс, некаторыя выдаляюць забаронены кантэнт і наадварот выкрэсліваюцца з “чорнага спісу”. Таму супрацоўнікі “Белтэлекам” правяраюць базу кожны дзень. На думку правайдара, калі старонкі з Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкай літаратуры адкрываюцца, то гэта сведчыць толькі пра тое, што Мінінфарм не перадаў іх у БелДІЭ, ці ўласна БелДІЭ не ўнесла іх у базу.

    Еўрарадыё паспрабавала даведацца ў Міністэрстве інфармацыі, чаму спасылкі са спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў працуюць. У міністэрстве пра дзеючыя спасылкі даведваюцца ад нас, пагаджаюцца адказаць праз некалькі гадзін і знікаюць. У выніку за восем дзён з моманту, як Еўрарадыё агучыла пытанне, доступ да экстрэмісцкіх матэрыялаў са спісу так і не закрываюць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці