Мінінфарм дадаў у «экстрэмісцкі спіс» YouTube-канал «БелДиаспораТВ» і Telegram-канал «Речица LIVE»
Міністэрства інфармацыі ўнесла ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы: YouTube-канал «БелДиаспораТВ» і Telegram-канал «Речица LIVE».
Як паведамляе сайт ведамства, YouTube-канал «БелДиаспораТВ» (youtube.com/@BelDiasporaTV) прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 22 траўня.
Стваральнікі канала прэзентуюць яго як «тэлебачанне беларускай дыяспары на рускай, англійскай, беларускай мовах». Канал мае каля шасці тысяч падпісчыкаў.
Telegram-канал «Речица LIVE» (t.me/rechitsa_live) унесены ў пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле адпаведнага рашэння суда Рэчыцкага раёна 21 траўня.
Гэты канал мае крыху больш за дзве тысячы падпісчыкаў, там публікуюцца рэгіянальныя навіны, у тым ліку перадрукі з дзяржаўных медыяў.