Міліцыянты з Жабінкі і Берасця пераследуюць журналістаў Белсату Ляўчука і Харытонаву
На журналістаў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву працягваюць складаць пратаколы супрацоўнікі міліцыі з раённых аддзелаў унутраных справаў Берасцейшчыны. Гэтым разам з позвамі да дому журналістаў наведаліся адразу ж некалькі экіпажаў з розных РАУСаў.
Супрацоўнікі Жабінкоўскага аддзелу ўнутраных справаў чакалі журналістаў каля пад’езду. Міліцыянты ўручылі Ляўчуку і Харытонавай позвы з патрабаваннем 9 кастрычніка з’явіцца ў міліцыю Жабінкі, паколькі супраць іх вядзецца адміністрацыйны працэс.
У гэты ж час у самым пад’ездзе журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», чакалі таксама Берасцейскія міліцыянты. Апошнія ўручылі журналістам позвы на 8 кастрычніка з патрабаваннем з’явіцца ў Камянецкі РАУС.
Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава не ведаюць за што іх выклікаюць у Камянецкі РАУС. А вось выклік у Жабінку яны звязваюць з інфармацыя пра эпідэмію свіней у Жабінкоўскім раёне.
Раней 13 верасня міліцыянты ўжо спрабавалі ўручыць позву Алесю Ляўчуку, але журналіст адмовіўся ад наведвання РАУС і дачы паказанняў.
«Улада праз участковых імкнецца давесці нам, што не варта ездзіць па рэгіёне і адлюстроўваць праблемы якія ёсць у маленькіх гарадах і вёсках. Супрацоўнікі міліцыя кажуць, што толькі выконваюць загад свайго кіраўніцтва і дзейнічаюць згодна з законам. Але мы разглядаем гэта як ціск і рэпрэсіі», – кажа Алесь Ляўчук.