Міліцыянты – вечна невінаватыя? Як журналісты «Белсату» спрабуюць дамагчыся праўды
Берасцейскія журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава звярнуліся да кіраўніцтва МУС і ў пракуратуру Кобрынскага раёну. Яны патрабуюць даць ацэнку дзеянням шасці міліцыянтаў, які затрымлівалі карэспандэнтаў у Кобрыне.
Белсатаўцаў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву брутальна затрымлівалі міліцыянты ў цывільным. Інцыдэнт адбыўся ў Кобрыне 18 сакавіка, калі ў райцэнтры мелася адбыцца акцыя пратэсту супраць Дэкрэту №3. Акрамя грубага затрымання ў журналістаў была канфіскавана прафесійная тэхніка. Дзякуючы прафесійнай працы адваката журналістаў амаль усю тэхніку ўдалося вярнуць.
13 сакавіка суд Кобрынскага раёну пакараў журналістаў штрафамі памерам амаль 2 тысячы рублёў. Гэта рашэнне Ляўчук і Харытонава плануюць абскардзіць у Берасцейскім абласным судзе. Працэс адбудзецца 22 чэрвеня ў 10.00.
«Міліцыянты, якія нас затрымалі па надуманых прычынах, ужылі супраць нас фізічную сілу, перашкаджалі выконваць прафесійныя абавязкі, а потым яшчэ і далі хлуслівыя сведчанні ў судзе, павінны адказаць за гэта. Мы лічым, што то ў дзеяннях працаўнікоў міліцыі маецца склад злачынстваў прадугледжаных артыкулам 198 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Чыненне перашкодаў законнай прафесійнай дзейнасці журналіста» і часткай 3 артыкула 126 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, спалучанае з гвалтам або абразай пацярпелага». Працаўніка ДАІ, які не спыніў супрацьпраўныя дзеянні невядомых у цывільным адзенні, могуць прыцягнуць да адказнасці паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу «Бяздзейнасць службовай асобы». Мы будзем ісці далей і дамагацца справядлівасці. Хачу прынамсі, каб ведалі прозвішчы гэтых людзей: Вячаслаў Клімчук, Андрэй Дзегель, Ігар Карповіч, Мікалай Салей, Андрэй Ралло, Мікалай Сурма – усе супрацоўнікі кобрынскай міліцыі». – кажа Алесь Ляўчук
«Адразу пасля затрымання я звярнулася ва ўпраўленне следчага камітэту па берасцейскай вобласці. Там маю заяву прынялі, накіравалі на экспертызу, даручылі кобрынскаму СК правесці праверку. Тыя ж накіравалі матэрыялы ва ўпраўленне ўласная бяспекі МУС. І замест таго, каб выконваць свае функцыі і прыцягнуць да адказнасці гэтую кобрынскую шайку, што чыніць беззаконне, перанакіравалі матэрыялы ў суд, а праверку нават праводзіць не сталі. Не далі мне нават уцямнага адказу чаму так адбылося, цяпер я звяртаюся да кіраўніцтва МУС і ў пракуратуру». – дадала Мілана Харытонава.