Міліцыя: Нам можна называць злачынцаў «цыганамі», бо наш сайт — ня СМІ
Магілёўскі праваабаронца Аляксандар Буракоў вінаваціць міліцыю ў распальваньні міжнацыянальнай варажнечы. Актывіст даслаў скаргу ў абласную пракуратуру, каб тая дала прававую ацэнку публікацыі на афіцыйным сайце Ўпраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму. У публікацыі згадваецца этнічная прыналежнасьць аднаго з затрыманых — некалькі разоў ужыты выраз «прадстаўнік этнічнай дыяспары цыганоў».
Праваабаронца: сёньня злачынцы цыганы, заўтра — беларусы
На думку праваабаронцы, прадстаўнікам улады недапушчальна акцэнтаваць увагу на этнічнай прыналежнасьці грамадзян, якія падазраюцца ў зьдзяйсьненьні правапарушэньняў:
«Я лічу, што падыход павінен быць да ўсіх аднолькавы. У адваротным выпадку сёньня злачынцамі назвалі цыганоў, заўтра беларусаў, і гэтак далей».
Аляксандар Буракоў лічыць, што сваёй публікацыяй міліцэйскае ведамства праігнаравала адну з рэкамэндацый Сьледчага камітэту для мас-мэдыя: «Каб пазьбегнуць распальваньня нацыянальнай нянавісьці ці варожасьці, ня варта фіксаваць увагу чытачоў і гледачоў на нацыянальнай прыналежнасьці асобаў, якія ўчынілі злачынства».
Міліцыя: Згадалі цыганоў, каб грамадзяне былі пільнымі
Пазыцыю пракуратуры праваабаронцу высьветліць не ўдалося. У лісьце, які падпісаў выканаўца абавязкаў кіраўніка абласнога міліцэйскага ведамства Аляксандар Васільеў, адмаўляюцца абвінавачаньні ў распальваньні міжнацыянальнай варажнечы. У допісе сьцьвярджаецца, што згадка ў публікацыі пра этнічную прыналежнасьць затрыманага выкліканая службовай неабходнасьцю «дзеля апэратыўнага апазнаньня зламысьнікаў і выкрыцьця злачынстваў зь іх удзелам, абароны грамадзян і павышэньня іх пільнасьці, а таксама прафіляктыкі правапарушэньняў».
Што да рэкамэндацый Сьледчага камітэту, то праваабаронцу паведамілі, што сайт Упраўленьня не зьяўляецца сродкам масавай інфармацыі, таму парады на яго не распаўсюджваюцца.
Праваабаронца: Блогер — СМІ. Міліцэйскі сайт — не
Аляксандар Буракоў кажа, што будзе дамагацца, каб пракуратура ўсё ж выказалася наконт публікацыі, якую падпісаў афіцыйны прадстаўнік МУС Дзьмітры Ігнатовіч.
«Пракуратура проста сьпіхнула непрыемную для сябе скаргу на ведамства, на якое я скардзіўся. А міліцыя, зразумела, нічога кепскага пра сябе пісаць ня будзе. Таму гэта праблема. Буду скардзіцца, каб пачуць меркаваньне нагляднага органа», — камэнтуе сытуацыю Аляксандар Буракоў.
Тое, што міліцэйскі сайт — ня сродак масавай інфармацыі, зьдзіўляе праваабаронцу.
«Як вядома, цяпер у Беларусі вядзецца паляваньне на блогераў, якіх прылічаюць да СМІ. І тое, што сайт МУС — ня СМІ, на гэтым тле выглядае прынамсі дзіўна. Давядзецца высьвятляць з калегамі, які ж статус мае міліцэйскі сайт. Будзем зьвяртацца ў Міністэрства інфармацыі. Пашлю скаргу ў Генэральную пракуратуру і Міністэрства ўнутраных спраў».