Мілана Харытонава: Адпіскі міліцыі мяжуюць са здзекам
Незалежная журналістка Мілана Харытонава звярнулася да кіраўніцтва МУС і ў пракуратуру Кобрынскага раёну. Яна патрабавала даць ацэнку дзеянням шасці міліцыянтаў, які затрымлівалі яе і Алеся Ляўчука у Кобрыне.
«Замест таго, каб правесці незалежную праверку і выявіць сапраўдных вінаватых, міліцыя займаецца адпіскамі, якія мяжуюць са здекам», — кажуць журналісты.
З Мінскага УУС ліст спачатку аддалі ў Брэсцскую абласную міліцыю, а тыя ва ўпраўленне ўнутраных спраў кобрынскага райвыканкаму. Фактычна на пытанне законнасці ўжывання фізічнай сілы супраць журналістаў будуць адказваць міліцыянты, якія іх жорстка затрымлівалі.
Журналістаў «Белсату» Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву затрымлівалі міліцыянты ў цывільным. Інцыдэнт здарыўся ў Кобрыне 18 сакавіка, калі ў райцэнтры мелася адбыцца акцыя пратэсту супраць Дэкрэту №3.
Акрамя жорсткага затрымання ў журналістаў сканфіскавалі прафесійную тэхніку. Дзякуючы прафесійнай працы адваката журналістаў, амаль усю тэхніку ўдалося вярнуць.
Раней журналісты па пытаннях свайго затрымання звярталіся ў СК па Брэсцкай вобласці, тыя таксама перадалі справу ў Кобрын, а там журналістам адмовілі ў правядзенні праверкі. Фактычна сілавыя структуры прыкрываюць адзін аднаго.
«Гэта вельмі круты ход, прымусіць на маю скаргу адказваць таго, хто і кіраваў незаконным затрыманнем ды аддаваў загад ужываць супраць нас з журналістам фізічную сілу і знішчаць доказы. Мо гэта такі здзек, і міліцэйскае кіраўніцтва хоча адбіць у мяне жаданне скардзіцца? Але гэта мяне не спыніць, я буду абскарджваць такі адказ, як і адказ што прыйдзе з кобрынскага РАУСу, іх хлуслівыя паказанні мы ўжо пачулі ў судзе. Сумняваюся, што яны самі змогуць аб’ектыўна ацаніць свае дзеянні», — распавяла «Белсату» Мілана Харытонава.
Нагадаем, што 13 сакавіка суд Кобрынскага раёну пакараў журналістаў штрафамі памерам амаль 2 тысячы рублёў. Гэта рашэнне Ляўчук і Харытонава плануюць абскардзіць у Брэсцкім абласным судзе. Працэс адбудзецца 22 чэрвеня ў 10.00.