Мікола Дзядок: аўтар «Новага часу» 1420 дзён за кратамі
Аўтар «Новага часу» публіцыст, блогер і анархіст Мікола Дзядок знаходзіцца за кратамі з лістапада 2020 года.
12 лістапада 2020 года Мікола Дзядок быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіКа. Падчас затрымання і потым у аддзяленні ГУБАЗіКа Міколу жудасна катавалі.
10 лістапада 2021 года анархіста пакаралі 5 гадамі зняволення.
Спачатку палітвязень адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі ў Горках, потым яму ўзмацнілі рэжым і перавялі ў гродзенскую турму. 25 красавіка 2025 года ён павінен быў выйсці з турмы, але рэжым, відаць, не збіраецца выпускаць Міколу з турмы — на яго завялі новую крымінальную справу.
Крымінальная справа заведзеная па арт.411 Крымінальнага кодэкса — «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Па гэтым арыткуле прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да трох гадоў.
«Нядаўна падлічыў, што ў мяне набегла сумарна ўжо 6,5 гадоў у няволі. Гэта 1/5 усяго жыцця.
Многія чамусьці лічаць, што гады ў турме — гэта «страчаныя гады», «упушчаны час» і г. д. Паклаўшы руку на сэрца, я наогул не лічу гэтыя гады для сябе страчанымі. Яшчэ на першым тэрміне я вырашыў ніводнага дня ў няволі не праводзіць марна. І гэта не абавязкова вучоба і трэніроўкі. Разважанні, медытацыі, мары — усё гэта таксама ідзе на карысць, калі жывеш свядома.
Хай не заўсёды маё жыццё камфортнае, але яно заўсёды напоўненае сэнсам», — напісаў Мікола Дзядок у лісце з‑за кратаў у ліпені 2022 года.
Мікола Дзядок быў прызнаны праваабаронцамі палітычным зняволеным.