Міхась Янчук: “Беларусі патрэбныя не касметычныя змены, а сістэмныя рэформы медыязаканадаўства”
Намеснік старшыні ГА “БАЖ” вярнуўся з Бруселю, дзе днямі ў Еўрапарламенце адбыўся форум «Стан інфармацыйных медыя ў Расіі і краінах Усходняга партнёрства». “Відавочна, што сёння Усходняе партнёрства знаходзіцца на раздарожжы. Менавіта змены ў рэгіёне і сталі асноўнай нагодай для сустрэчы”, – кажа Міхась Янчук. Пра што ішла гаворка на форуме, ён распавёў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Хтосьці “вучыў ўрокі”, а хтосьці “кінуў школу”
– Калі праграма Усходняга партнёрства пачыналася, было зразумела, што краіны – розныя. Але яны не былі так далёка адна ад адной у сваёй пазіцыі на лініі Расія – Еўрасаюз. Сёння заўважна, што тры краіны добра «вучылі ўрокі», а тры цалкам адмаўляліся гэта рабіць і нават “кінулі школу”. Беларусь акурат знаходзіцца ў той групе краін, якія адмаўляюцца «вучыць урокі», і гэта, на жаль, не дае нам надзеяў на хуткія змены.
У Еўрасаюзе ёсць людзі, якія ўсведамляюць, што агульныя механізмы Усходняга партнёрства ў гэтай групе вельмі цяжка будзе прымяняць, бо краіны разыходзяцца па розных “арбітах”. Таму ў ЕС пачалі думаць, як выпрацаваць нейкія новыя механізмы супрацы ў рэгіёне.
“На жаль, пакуль ключавую ролю ў рэгіёне адыгрывае Расія”
Па словах намесніка старшыні ГА “БАЖ”, арганізатары запрасілі на форум вельмі шырокае кола ўдзельнікаў.
– Еўрапарламент – тое месца, дзе можна казаць крыху болей, чым на перамовах з Еўракамісіяй ці Службай знешніх дзеянняў ЕС. Арганізатары выкарысталі гэтую магчымасць, і таму абмен думкамі наконт будучыні супрацоўніцтва з медыямі ў рэгіёне быў дастаткова актыўным.
З Расіі, напрыклад, былі як прадстаўнікі афіцыйнага саюза журналістаў, так і супрацоўнікі медыя, якія знаходзяцца пад моцным ціскам у пуцінскай Расіі. Безумоўна, у іх былі зусім адрозныя ад саюза журналістаў пазіцыі…
Відавочна, што Еўрасаюз зараз прыслухоўваецца да таго, што адбываецца ў рэгіёне. На жаль, пакуль ключавую ролю тут адыгрывае Расія. І мяне вельмі засмучае, што пасля тэрактаў у Парыжы перамоўныя пазіцыі Расіі ў дачыненнях з Захадам вельмі ўзмацніліся. Частка нашых еўрапейскіх партнёраў гатовая заплюшчыць вочы на ўціск журналісцкай супольнасці ў Расіі дзеля таго, каб Расія магла быць саюзнікам ЕС у барацьбе з ісламскай тэрарыстычнай пагрозай.
Тая група еўрадэпутатаў, якая з намі размаўляла, падзялілася прыкладна на дзве роўныя часткі ў гэтым пытанні. Адна частка схілялася да таго, каб дазволіць Расіі больш уціскаць сваю грамадзянскую супольнасць, але мець Расію ў якасці партнёра ў барацьбе з так званай Ісламскай дзяржавай. Другая частка, якую прадстаўлялі ў асноўным “паўночнікі” – брытанцы, скандынавы, – лічыць, што давяраць Пуціну нельга, як нельга і адмаўляцца ад галоўных прынцыпаў дзеля сённяшніх выгадаў.
“Беларусі патрэбныя не касметычныя змены, а сістэмныя рэформы”
Па словах Міхася Янчука, Беларусь на форуме прэзентавалі, акрамя яго, Святлана Калінкіна (намесніца старшыні ГА “БАЖ”, шэф-рэдактар “Народнай волі”), галоўны рэдактар “Медыкрытыкі” Яніна Мельнікава, журналіст газеты “Беларусы и рынок” Аляксандр Герасіменка.
– Еўрапарламентарыі вельмі цікавіліся, ці сапраўды нешта мяняецца ў Беларусі, ці сапраўды тыя словы, якія гучалі перад выбарамі, могуць прывесці да нейкіх кардынальных рэформ, у тым ліку ў медыясферы.
Я казаў, што любыя змены варта адзначаць толькі тады, калі яны сапраўды адбудуцца. У Беларусі ж змены заўсёды адбываюцца па прынцыпе “адзін крок наперад – два назад”. Казаў пра тое, што вызваленне палітычных вязняў абсалютна не гарантуе, што ў хуткім часе не з’явяцца новыя. Таму, на мой погляд, нельга весці гаворкі пра сур’ёзны прагрэс.
Я намагаўся выкарыстаць і публічныя дыскусіі на форуме, і кулуарныя размовы для таго, каб пераканаць еўрапарламентарыяў не спыняць ціску на беларускія ўлады, бо нам патрэбныя не касметычныя змены, а сістэмныя рэформы беларускага медыязаканадаўства. І гэта быў адзін з галоўных пунктаў майго выступу.