Мігранты і бежанцы. Як пісаць без мовы варожасці
“Асвятленне праблемы мігрантаў і бежанцаў у СМІ. Пазбяганне мовы варожасці" – у Глыбокім адбыўся трэнінг для журналістаў, які арганізаваў "Цэнтр падтрымкі бежанцаў" пры падтрымцы ініцыятывы "Журналісты за талерантнасць".
У якасці экспертаў выступілі намеснік дырэктара «Цэнтра падтрымкі бежанцаў» Андрусь Клікуноў, сябра Рады ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Барыс Гарэцкі і сябра ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць» Раман Стэфаненка.
Напачатку мерапрыемства Андрусь Клікуноў распавёў прысутным, хто такі бежанец паводле міжнародных пактаў і пра статус бежанца. А таксама ўдакладніў, што панятак “бежанец” не звязаны з грамадзянствам, нацыянальнасцю, як такімі. Ён вызначаецца перспектыўнымі пагрозамі. Далей эксперт пазнаёміў з артыкулам 21 закона РБ “Аб наданні замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства статусу бежанца, дадатковай і часовай абароны ў Рэспубліцы Беларусь”.
Андрусь Клікуноў распавёў, што сёлета ў першым паўгоддзі статус бежанца ў Беларусі атрымала пакуль толькі адна асоба, сірыец. Але Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі вызначыла квоту на прадастаўленне статусу бежанца або дадатковай абароны ў 2017 годзе на 800 чалавек.
Па словах Андруся Клікунова, калі бежанцы трапляюць у іншую краіну, у іх узнікае шмат розных праблемаў: ім патрабуецца і юрыдычная дапамога, і псіхалагічная, і патрабуецца ўвага да іх праблемаў з боку СМІ. Менавіта сродкі масавай інфармацыі фармуюць грамадскую думку, і журналістам трэба быць вельмі асцярожнымі з лексікай пры напісанні матэрыялаў на тэму бежанцаў:
- У сувязі з актуальнасцю праблемаў бежанцаў вельмі важна звяртаць увагу на этычныя стандарты асвятлення праблематыкі бежанцаў, мігрантаў, каб пазбегнуць іх другаснай віктымізацыі. Бо на самой справе бежанцы з’яўляюцца адной з уразлівых сацыяльных груп. Яны і так зазнаюць не вельмі прыхільнае стаўленне прымаючага боку.І грамадскае меркаванне, на вялікі жаль, пад уплывам медыя не зусім прыязнае да бежанцаў і мігрантаў. Таму вельмі важна быць карэктнымі і пазбягаць мовы варожасці. Калі журналісты асвятляюць пытанні бежанцаў, не абражаць гэтых людзей, бо яны, сапраўды, бягуць ад нядолі і просяць падтрымкі і дапамогі, а не абразлівага стаўлення.
Пасля абмеркавання праблемаў мігрантаў і бежанцаў, пачаўся другі блок сустрэчы на тэму: «Пазбяганне мовы варожасці ў дачыненні да мігрантаў і іншых уразлівых сацыяльных групаў». Раман Стэфаненка даў азначэнне мовы варожасці, а таксама прывёў канкрэтныя прыклады рыторыкі беларускіх СМІ, дзе яна ўжывалася. Таксама эксперт зазначыў, што талерантная журналістыка ўсведамляе ролю і адказнасць, не распальвае і не хавае канфліктаў, а дапамагае іх вырашаць мірным шляхам і знаходзіць дыялог.
Для Глыбоцкага раёна гэтая тэматыка даволі актуальная, бо сюды прыехалі мігранты з Украіны, якія працавалі ў асноўным у калгасах. Але большасць мігрантаў так і не інтэграваліся ў эканамічным плане. Атрымаўшы невялікія заробкі ў калгасах, людзі з’ехалі ў іншыя раёны або вярнуліся на сваю радзіму.
Некаторых з прысутных цікавілі таксама і пытанні ўмоваў атрымання статусу бежанца ў іншых еўрапейскіх краінах, дапамогі і інтэгравання мігрантаў у такіх краінах, як Польшча, Германія ды Швецыя.