• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Месяц фатаграфіі ў Менску: «Вырашаць пытанні без танкаў і вайны»

    Сёлетні фестываль прысвечаны тэме гісторыі і гісторыі супраціву. Балтыйскі шлях, студэнцкі бунт, развітанне з Фідэлем Кастра і сакрэтныя архівы «Штазі».

    10 верасня у сталічнай галерэі «Ў» адкрыўся месяц фатаграфіі. Мерапрыемства адбываецца шосты раз і сёлета акрамя выставаў можна будзе наведаць кінапаказы, лекцыі і партфоліа-рэвю – сустрэча фатографаў з экспертамі (арт-крыткамі, куратарамі фестываляў, вядомымі мастакамі) для абмеркавання сваіх працаў.

    «Ланцуг Свабоды»

    Фестываль адкрыўся адразу некалькімі выставамі, размешчанымі ў галерэі так, быццам бы глядач знаходзіцца не ў галерэі, а на плошчы. Каб выйсці на плошчу, быццам выходзім з метро. Тут беларускі мастак Максім Ясінскі паказвае недарэчнасць існавання станцыі метро «Плошча Леніна», якая вядзе на плошчу Незалежнасці.

    Усе фотаздымкі не суправаджаюцца тэкстам, як звычайна, а толькі QR-кодамі. Пад гукі музыкі ад сучаснай беларускай кампазітаркі Вольгі Падгальскай на экране змяняюцца здымкі з акцыі «Ланцуг Свабоды» 1989 году, калі больш за 2 мільёны жыхароў Літвы, Латвіі і Эстоніі ўзяліся за рукі і ўтварылі жывы ланцуг, выказваючы свае спадзевы на незалежнасць.

    «У сёлетнім месяцы фатаграфіі мы прыйшлі да такіх сацыяльна-палітычных формаў, бо і час такі, і нам хочацца выказвацца пра важныя пытанні незалежнасці краіны. І вось таму, напрыклад, мы і бачым фота балтыйскага шляху – ілюстрацыю таго, як можна выказваць пазіцыю і вырашаць пытанні без танкаў і вайны», – кажа кіраўнік месяца фатаграфіі Андрэй Лянкевіч.

    Адразу ля ўваходу – знакамітае фота «Штурм зімовага палацу», якое насамрэч не мае дакументацыйнай каштоўнасці. Бо зроблена фота ў 1920 годзе падчас вялікай тэатральнай пастаноўкі.

    «Гэта пра тое, як нам прапаноўваюць чытаць гісторыю. Пра тое, як гісторыя змяняе фатаграфію», – кажа Андрэй Лянкевіч пра адзін з галоўных здымкаў выставы.

    «Вялікі брат» назірае

    12 верасня адбудзецца прэзентацыя вынікаў воркшопу Максіма Сарычава і Зімона Мэнера. Знакаміты нямецкі фотамастак прывёз за сабой таксама выставу пра агентаў «Штазі» і пра іх працу: як пераапранацца, каб быць незаўважным у натоўпе ды як даваць сакрэтныя знакі. Папрацаваўшы з тэмай аб тым, як назірае за людзьмі «Вялікі брат», Зымон у першы ж дзень у Беларусі сам сутыкнуўся з міліцыяй у штацкім.

    «Вяртаючыся ў кватэру, [да мяне. – Belsat.eu] падышлі двое мужчынаў у штацкім і сказалі: «Міліцыя». Я спыніўся і паказаў, што я не размаўляю па-расейску і яны мяне адпусцілі. І я тут падумаў: «Ну вось, вітаем у Беларусі». У Нямеччыне я такога ніколі не бачыў, каб з пад’езду на мяне выскачылі двое міліцыянтаў у штацкім», – дзеліцца ўражаннямі нямецкі фатограф.

    Зімон два гады працаваў з архівамі службы дзяржаўнай бяспекі ГДР і дзеліцца досведам з маладымі фатографамі, як працаваць з архівамі.

    «Майстар-клас быў проста шыкоўным, столькі крэатыўных беларускіх аўтараў стварылі 10 унікальных праектаў. Проста немагчымы ўзровень крэатыўнасці, адзін удзельнік быў крэатыўней за другога », – кажа Зімон Мэнер.

    Прэзентацыя вынікаў ворк-шопу адбудзецца 12 верасня ў галерэі «Ў» а 19:00. Падрабязную праграму месяцу фатаграфіі ў Менску можна знайсці тут.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці