• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Медыяменеджар Юрый Пургін: Чалавек эфектыўны тады, калі яго любяць

    Днямі ў Мінску пабываў генеральны дырэктар расійскага выдавецкага дома «Алтапресс» Юрый Пургін, які кансультаваў групу беларускіх выданняў у межах праграмы шведскага інстытута FOJO “Канвергентныя СМІ”. Менавіта канвергенцыя – удалае зрошчванне тэхналогій і журналістыкі – дазволіла “Алтапресс” стаць адным з лідараў інфармацыйнага рынку.       

    Сярод удзельнікаў доўгатэрміновай праграмы – рэдакцыі “Рэгіянальнай газеты” (Маладзечна), “Інфа-кур’ера” (Слуцк), “Intex-Press” (Баранавічы), “Информ-прогулки” (Лунінец), сайта Белрынок (Мінск), Ганцавіцкага часу. Першая сесія адбылася ў Мінску ў лістападзе 2015 года, гэтая была другой па ліку, а наступную прануецца зладзіць на Алтаі праз некалькі месяцаў.

    Прэс-служба ГА “БАЖ” распытала Юрыя Пургіна пра яго ўражанні ад праграмы, пра маркеры паспяховасці сайтаў, пра тое, чаму “чалавек-аркестр” – гэта дрэнна, і пра тое, што трэба добраму медыяменеджару.    

    У вас тут такая “Белавежская пушча”…”

    – Тое, што адбываецца ў Расіі, значна больш драматычна за тое, што адбываецца ў Беларусі ў дадзены момант. У вас тут такая “Белавежская пушча” ў пэўным сэнсе – адбылося замаруджванне рынкавых стасункаў на нейкім этапе. З аднаго боку, гэта не вельмі добра. Але з іншага – у вас яшчэ працягваецца век друкаваных газет. І гэта мяне радуе як выдаўца, для якога друк раней быў усім, а цяпер ужо зусім не ўсё…

    Магу сказаць, што мы з удзельнікамі праграмы вельмі сур’ёзна за гэты час прасунуліся. Мне падаецца, адбыўся пералом у свядомасці многіх выдаўцоў. Яны перайшлі не мультымедыйныя “рэйкі”, пачынаюць думаць пра размяшчэнне кантэнту на розных носьбітах, што само па сабе ўжо вялікі прагрэс. Яны разумеюць, што газета ўжо не першасная сёння, што трэба думаць зусім пра іншыя сродкі камунікацыі. Яны пачынаюць бачыць і думаць па-новаму, і мне падаецца, у гэтым ёсць наш сціплы ўнёсак.

    Ёсць, канешне, “выдатнікі”, лідары свайго рынку. Я маю на ўвазе “Intex-Press” з Баранавічаў – там усё вельмі дакладна, ёсць выразная стратэгія. У мяне толькі стварылася ўражанне, што яны хочуць рухацца хутчэй, чым могуць. Але з таго, як яны працуюць і што робяць, у мяне склалася адчуванне, што яны на правільным шляху.  

    Вельмі парадавала на гэтай сесіі тое, з чым прыехала маладзечанская “Рэгіянальная газета”. Яны прывезлі шмат ідэй, і галоўнае – у іх з’яўвілася добрая каманда, і іх лідар (галоўны рэдактар Аляксандр Манцэвіч – заўв. БАЖ) гэтыя перамены падхоплівае і натхняецца імі. Яны атрымалі вельмі цікавыя вынікі. Можа, нават цікавей, чым Баранавічы, хаця Баранавічы рушаць да мэты больш “фундаментальна”…  

    “Я бачу тут машыны з пецярбургскімі і маскоўскімі нумарамі і разумею, што Расія ўжо ў вас”

    Ці можа рэдакцыя ўзяць нейкую гатовую схему развіцця, маштабаваць яе пад свае патрэбы і карыстацца? Ці без распрацоўкі ўласнай доўгатэрміновай стратэгіі нічога не атрымаецца?

    – Праблема ў тым, што разавы поспех, разавая гісторыя не з’яўляецца “вялікай” гісторыяй. Гэта ўсё такія дробныя крокі, ці, як казалі класікі марксізма-ленінізма – “крок наперад і два – назад”. Калі ў чалавека няма бачання перспектыў, асэнсавання таго, што менавіта трэба мяняць, то ніякія поспехі не прывядуць да значных вынікаў. Прасцей проста не займацца нічым і ісці сваім шляхам да тупіка. Альбо, па тэрміналогіі Іцхака Адзізэса, быць “мёртвым пнём” і не радаваць лес.

    Ці ёсць у вас нейкі “набор маркераў”, якія з’яўляюцца прыкметамі безнадзейнасці ці перспектыўнасці сайта, выдання?

    – Канешне, даволі шмат такіх маркераў. Напрыклад, калі я бачу, што людзі працягваюць пісаць на сайце, што яны – газета, альбо што сайт з’яўляецца дадаткам да газеты, тут усё ясна. І далей можна не працягваць. Калі я бачу, што сайт абсалюта не любіць сваіх чытачоў і рэкламадаўцаў, а проста з’яўляецца пляцоўкай для творчасці асобных яркіх (ці не яркіх) асобаў, то гэта мёртвая зона, з якой лепш не звязвацца, бо эфекту не будзе. Я маю на ўвазе тое, што назывецца “многа букаф”. Мяне заўсёды забівае, калі я бачу, што людзі працягваюць плыць старым курсам, думаючы, што яны проста памянялі вокладку.

    Беларускую незалежную прэсу раз-пораз крытыкуюць, звінавачваючы ў схільнасці спісваць свае праблемы на вонкавыя цяжкасці. Вы заўважылі нешта такое?

    – Былі спробы “паплакацца ў камізэльку”, але мы іх спынілі на карню, таму што як такі ж выдавец у Расіі я цудоўна разумею, што такое незалежнасць і як яна цяжка даецца. Ёсць свой вагон гісторый, з якімі я магу паплакацца ў адказ. Таму, абменваючыся плачам, мы не даможамся выніку.

    А калі чалавек хоча чагосьці дамагчыся, ніякія цяжкасці яго не спыняць. Пытанне ў тым, што кожны павінен стварыць інструмент “пад сваю руку”, які можна выкарыстоўваць. А магчымасці ёсць заўсёды, іх трэба знайсці. І асабліва на такім “пяшчотным”, пустым беларускім рынку, які ёсць сёння. Не выпадкова ж у вас тут сёння там шмат фірм спрабуе працаваць. Я бачу ўсе гэтыя машыны з пецярбургскімі і маскоўскімі нумарамі і разумею – усё, Расія ўжо тут, у вас. І думаю, што вы таксама павінныя адэкватныя адказы рыхтаваць. Рынак – ён прыходзіць, будуй межы, не будуй…

    “Чалавек-аркестр – гэта абсурд”   

    – Нельга таленавіта граць на ўсіх інструментах. А калі мы гаворым пра журналістыку будучага, мы павінныя разумець, што гэта не “хутка бегаць”, а ўдумліва і якасна пісаць. Таму што ўсю астатнююю працу ўжо робіць за нас наш спажывец. Ён бегае, здымае, паказвае, распаўсюджвае – адным словам, робіць усё, акрамя напісання якасных тэкстаў. Вось гэты прывілей застаецца за журналістыкай, і сапраўдны журналіст гэта дэманструе сёння. Захапляльныя прыклады ёсць і ў Расіі, і за мяжой. New York Times, якая набрала мільён лічбавых падпісчыкаў, – апошні таму прыклад.  

    “Добры менеджар любіць сваіх людзей”

    – Па стане душы я – абсалютны гуманітарый. Менеджмент – гэта найперш праца з людзьмі, і я не думаю, што гэта не гуманітарная прафесія. Добры менеджар робіць усё, каб яго людзі былі эфектыўнымі. А чалавек можа быць эфектыўным толькі тады, калі яго любяць. У нянавісці людзі не працуюць.

    Абмяркоўвайце ў каментах! ↓ ↓ ↓

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці