Медыя патрэбны “дэменцыя” і “канструктывізм”?
Якія міфы пра трансплантацыю культывуюцца ў беларускіх медыя? Як прапушчаныя словы ў загалоўках прыцягнуць увагу да хваробы Альцгеймера? Чым дапамогуць прыёмным бацькам пасты ў сацыяльных сетках? Адказы на гэтыя пытанні і новыя выклікі айчынным СМІ прагучалі падчас першага беларускага медыяхакатону IdeaLab, які прайшоў у Мінску.
Першапачаткова хакатонамі называлі форумы, якія аб’ядноўвалі спецыялістаў з розных галін распрацоўкі праграмнага забеспячэння. Паступова свята праграмавання, калі за кароткі тэрмін не звязаныя паміж сабою спецыялісты разам стваралі новы прадукт, прывабіла людзей далёкіх ад IT-сферы. У тым ліку і журналістаў.
Першы беларускі медыяхакатон IdeaLab стаў агульным праектам Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Йаханаса Раў, Deutsche Welle Academie і Цэнтра дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый”. Беларускія журналісты і прадстаўнікі НДА ўпершыню паспрабавалі новы фармат супрацы. Прадстаўнікі медыя змаглі пазнаёміцца з трынаццаццю сацыяльнымі, культурніцкімі і экалагічнымі праектамі, якія пакуль не занялі заслужанае месца на старонках СМІ. Назіралі за працэсам, дзяліліся вопытам і парадамі медыяэксперты з Беларусі і Украіны: рэдактар партала citydog.by Сяргей Сахараў, журналіст і прадзюсер Арцём Галусцян, арт-дырэктар і фатограф праекта Go to Belarus Кася Сырамалот, спецыяліст у галіне візуалізацыі дадзеных Вадзім Шмыгаў, кіраўнік праекта platfor.ma Марыя Франашчук, выкладчык і журналіст Міхаіл Кальцоў, журналіст і блогер Андрэй Газін, рэдактар 34mag.net Антон Кашлікаў.
Спрошчана можна сказаць, што падчас медыяхакатону пад пільным вокам экспертаў журналісты дапамагалі актывістам стварыць медыяплан для кожнага з праектаў. Як высветлілася, без увагі СМІ, а значыць і грамадства, застаюцца дзясяткі ўнікальных тэм і ідэй. Цікава, што большую актыўнасць праявілі прадстаўнікі рэгіянальных СМІ.
“З пункту гледзішча медыя, кожны з гэтых праектаў — магчымасць распавесці ўнікальную гісторыю, — разважае адна з арганізатараў медыяхакатону IdeaLab Яніна Мельнікава. — Калі не чалавека, на якога накіравана дзейнасць НДА (напрыклад, прадстаўлены праект прысвечаны праблемам транспланталогіі), то гісторыя валанцёраў, актывістаў, прадстаўнікоў НДА, якія займаюцца такімі важнымі справамі”.
Да ўдзелу ў медыяхакатоне былі дапушчаны не ўсе НДА-праекты, якія падавалі заяўкі. Адныя не здолелі аформіць прэзентацыю, іншыя не змаглі паўдзельнічаць у стварэнні медыяплану.
“Мы вельмі доўга адбіралі праекты, давалі час на падрыхтоўку прэзентацый і ўсё роўна выявілася, што з гэтым ёсць праблемы,— зазначыла Мельнікава. — У многіх НДА няма выпрацаванай камунікатыўнай стратэгіі супрацы з медыя. Яны хочуць адразу і шмат і вельмі часта ёсць праблемы з вызначэннем мэтавай аўдыторыі, мовы, на якой можна размаўляць з аўдыторыяй і адпаведна з выбарам медыя. Умоўна кажучы, усе жадаюць патрапіць на tut.by, але пры гэтым не разумеюць ні чаму, ні навошта”.
Нягледзечы на тое, што першы медыяхакатон IdeaLab вызначыў толькі трох пераможцаў (прычым эксперты вырашылі адзначыць два першых і адно другое месца), для беларускіх медыя адкрыўся сапраўдны клёндайк тэм. Варта адзначыць, што журы ацэньвала не вартасць праектаў, а тое, як каманды адгукнуліся на выклікі медыяхакатону. Кожны з ніжэйзгаданых праектаў адкрыты для супрацоўніцтва, іх куратары будуць радыя прапановам са СМІ.
Першыя месцы
Брэсцкі канструктывізм
Каманда маладзёнаў-аднадумцаў прасоўвае ідэю захавання і папулярызацыі будынкаў, якія былі ўзведзены ў Брэсце у стылі канструктывізму ў 1930-ыя гады. На медыяхакатон каманда прыехала з гатовым праектам, які ўжо ажыццяўляецца. Пры гэтым, маладыя людзі вельмі жыва адгукаліся на прапановы ментараў і заўвагі журналістаў, таму, напрыклад, знешні выгляд сайта каманда перарабіла ўсяго за адну ноч перад выступам.
У планах берасцейцаў наладзіць рэгулярныя экскурсіі, стварыць аўдыёгід, інтэрактыўную мапу, каб пра брэсцкія будынкі ў стылі канструктывізму даведалася як мага больш людзей.
Праблемы ўзроставай дэменцыі
Яскравым і запамінальным стаў праект, які заклікае скіраваць увагу на праблемы людзей з узроставай дэменцыяй і хваробай Альцгеймера. Каманда распрацавала дэталёвы план узаемадзеяння з грамадствам і СМІ, у тым ліку прапанавала некалькі нетыповых крокаў. Напрыклад, знаёміць людзей з дэменцыяй праз гульні з тэлеграм-ботам: карыстальнік мусіць вырашыць, як дапамагчы ўмоўнаму персанажу патрапіць дахаты, хоць апошні і праяўляе ўсе прыкметы страты розуму. Яшчэ адна прапанова каманды — у сусветны Дзень барацьбы з хваробай Альцгеймера змясціць на сайтах СМІ тэксты з загалоўкамі, у якіх прапушчаны словы. Такім чынам, чытачам патлумачаць, як часам простыя рэчы могуць быць незразумелымі і недасяжнымі людзям з Альцгеймерам.
Другое месца
Горад прыязны для пажылых
Студыя карысных кампетэнцый, Гродна
Праект каманды з Гродна будуецца на тым, што сёння пажылыя людзі не адчуваюць сябе камфортна ў родным горадзе. Прадстаўнікі НДА жадаюць палепшыць якасць жыцця пажылых людзей Гродна. Каманда пры падтрымцы журналіста распрацавала план дапамогі гарадскім уладам. Актывісты гатовыя вызначыць праблемы і нават падлічыць колькасць рэсурсаў, неабходных для іх ліквідацыі.
Для папулярызацыі ідэі актывісты прапануюць эксперымент «стары на дзень», калі на пэўны час маладыя юдзі могуць апрануць “скуру” пажылога гараджаніна і пагуляць па вуліцах Гродна з пагоршаным зрокам, з хадункамі.
Праекты, якія не былі адзначаны журы
“Будь вконтакте”, Гродна
Праект ад педагогаў, які хочуць асвоіць сацыяльную сетку “ВКонтакте” — новую платформу для ўзаемадзеяння з вучнямі. Настаўніцы мяркуюць, што выкарыстоўваючы сродкі і мову, зразумелую дзецям, яны змогуць знайсці сродак камунікацыі на складаныя і сур’ёзныя тэмы.
“Медыяцыя без межаў”
Прадстаўнікі НДА хочуць дапамагчы школьнікам, якія патрапілі ў канфліктную сітуацыю, вырашыць яе без прыцягнення дарослых, настаўнікаў ці адміністрацыі. Для гэтага актывісты прапануюць пачаць валанцёрскі рух сярод падлеткаў, якія б сталі выступаць у ролі медыятараў — трэцяга боку, які дапаможа разысціся з мірам. Стваральнікі праекту лічаць, што распаўсюд пазітыўных прыкладаў у СМІ, публікацыя на ўласным сайце гісторый паспяховага вырашэння канфліктаў дапаможа прыцягнуць у справу валанцёраў і папулярызаваць ідэю медыятарства.
“Хатнія роды ў роддоме”
Ініцыятыва пачалася з сайта radziny.by і ўжо стала заўважнай крыніцай інфармацыйных нагод, экспертных меркаванняў у беларускіх СМІ. Прадстаўніцы ініцыятывы выступаюць за гуманны падыход да цяжарнасці і родаў, хочуць распавесці пра правы жанчыны падчас цяжарнасці і родаў, каб даць рычагі ўплыву і магчымасць жанчынам абараняць сябе. Многае зроблена і сёння задача актывістак у тым, каб абагульніць і аб’яднаць вопыт для пазітыўных змен. Для гэтага жанчыны плануюць пашыраць сваю інфармацыйную дзейнасць у тым ліку праз супрацу са СМІ.
Праект міжнароднага цэнтра “Донарства. Дыяліз. Трансплантацыя”
Прадстаўнікі міжнароднага цэнтра жадаюць разбурыць міфы, якія культывуюцца ў грамадстве, аб трансплантацыі і донарстве. Актывістам неабходна дапамога СМІ, каб патлумачыць, што для перасадкі падыходзіць не кожны орган, урачы не могуць уплываць на тое, калі чалавек адправіцца на аперацыю і тым больш не існуе нелегальнага рынку органаў. Прадстаўнікі ініцыятывы гатовыя супрацоўнічаць са СМІ і распавядаць свае гісторыі.
“Навуковая лаўка”
Прадстаўнікі гэтай ініцыятывы імкнуцца стаць пасярэднікамі паміж грамадзянскай супольнасцю і навукоўцамі. Што гэта значыць? “Навуковая лаўка” адказвае на запыт грамадства. Напрыклад, пра тое, ці ўплывае гарадская фабрыка на рост анкалагічных захворванняў у населеным пункце. Грамадства фармулюе запыт, а валанцёры “Навуковай лаўкі” даследуюць яго і распаўсюджваюць вынікі.
Студэнцкае этнаграфічнае таварыства “Этнаўсё”
Маладыя людзі ствараюць унікальную базу этнаграфічных ведаў пра Беларусь. На адным сайце валанцёры плануюць сабраць усе матэр’ялы на этнаграфічную тэматыку — ад навуковых дадзеных да музычных кліпаў. База складаецца з дзвюх частак — тое што могуць бачыць усе, і закрытай часткі для падпісантаў праекта. Апошнія змогуць вольна карыстацца ўсімі дадзенымі. Стваральнікі лічаць, што вялікая база будзе карыснай і для аматараў, і для прафесіяналаў.
Школа працаўладкавання для людзей з інваліднасцю ў горадзе Бабруйск
Ініцыятары гэтага праекта плануюць стварыць сапраўднае рэаліці-шоў на базе вядучых бабруйскіх выданняў. Першасная задача — навучаць неабходным навыкам і ведам маладых людзей з інваліднасцю. Для таго, каб маладыя людзі ахвотней адгукаліся на прапанову і, магчыма, змаглі хутчэй знайсці сабе працу, стваральнікі праекту плануюць прыцягнуць журналістаў, якія ўжо публікавалі гісторыі людзей з інваліднасцю і асвятляць увесь працэс навучання і пошукаў працы ў СМІ.
Рэспубліканская кампанія па адмене адстрэлу бяздомых жывёл
Цэнтр па абароне жывёл “Анімалекс” хоча прыцягнуць увагу да праблем адлову і адстрэлу бяздомных сабак у Беларусі. Найвялікшым поспехам прадстаўнікі ініцыятывы будуць лічыць поўную забарону на адстрэл у краіне. Для гэтага абаронцы жывёл плануюць прыцягнуць увагу грамадскасці кароткаметражным дакументальным фільмам аб адстрэле сабак, які ўжо здымаецца. Яшчэ адзін цікавы план — зняць кароткі відэаролік на 30–40 секундаў ад асобы сабакі, у канцы якога глядач зможа выбраць адзін з двух варыянтаў канцовак. У першым сабака патрапіць у адстрэл, у другім — знойдзе дом.
Цэнтр псіхалагічнай падтрымкі прыёмных бацькоў
Прадстаўнікі цэнтру жадаюць публікаваць серыі матэрыялаў, прысвечаных паспяховым вопытам усынаўлення. Акрамя гэтага ў планах знайсці маму ці тату, які былі б гатовыя весці старонкі ў соцсетках і распавядаць пра свій досвед усынаўлення. Пачынаць плануюць з публікацыі фотаздымкаў і невеялікіх гісторый у сацсетках. Вялікім поспехам будзе, калі актывісты змогуць зняць дакументальны фільм, у якім разбурылі б асноўныя стэрэатыпы пра ўсынаўленне ў Беларусі. Першыя крокі зробленыя. Створаны цэнтр псіхалагічнай падтрымкі ўсынавіцеляў «Родныя людзі», раз у месяц там праводзяць сустрэчы бацькоў і арганізуюць выступленні спецыялістаў.
Roma integration
Гэтая ініцыятыва накіравана на тое, каб разбурыць шматлікія стэрэатыпы пра прадстаўнікоў народнасці рома. Стагоддзямі рома жывуць побач з беларусамі, але пры гэтым застаюцца даволі закрытай групай. Цыганамі дагэтуль пужаюць дзяцей і само гэта слова цяпер належыць да мовы варожасці. Ініцыятары праекта Roma integration гатовыя дапамагчы беларускім СМІ наладзіць кантакт з супольнасцю рома, прадставіць відэа і фотаматэр’ялы для стварэння сюжэтаў пра жыццё беларускіх рома.