Мастоўскага карэспандэнта “Газеты Слонімскай” Язэпа Палубятку выклікаюць у міліцыю на допыт
У пятніцу, 19 сакавіка, на кватэру ўласнага карэспандэнта “ГС” у Мастах Язэпа Палубяткі прышлі двое супрацоўнікаў Мастоўскага РАУС. Капітан міліцыі Павел Сівец уручыў Палубятку позву з патрабаванем з’явіцца ў міліцыю на допыт у панядзелак, 22 сакавіка, аб 11-ай гадзіне.
У позве не ўказана, у якасці каго і па якой справе Язэпа Палубятку выклікаюць у міліцыю. Вусна капітан Сівец патлумачыў, што гэта звязана з публікацыямі Палубяткі ў тэлеграм-каналах.
Як патлумачыў сам Палубятка, ён ніколі нічога не пісаў ні ў якія тэлеграм-каналы, а на яго камп’ютары і тэлефоне нават не ўсталяваны месенджар Telegram .
— Я, канечне, не адмаўляюся ісці ў панядзелак у міліцыю. Але паколькі нават гэтая позва складзеная з парушэннем заканадаўства, то спачатку я наведаюся ў пракуратуру з заявай, а потым ужо пайду ў міліцыю, — распавёў службе маніторынгу ГА «БАЖ» Язэп Палубятка.
У сваёў заяве на імя начальніка мастоўскай міліцыі і пракурора раёна Палубятка просіць патлумачыць яму яго прававы статус да таго, як пайсці на допыт, каб ведаць, як будаваць працу са сваім адвакатам.