«Мастакі і дызайнеры нейкі час працавалі з бомбасховішчаў»: як станавілася на крылле медыя «Сойка»
«Дзейнічаць на карысць альбо рабіць штосьці цікавае магчыма ў любых абставінах»: менавіта так лічаць стваральнікі «Сойкі» — новага беларускага медыя, якое з'явілася напрыканцы 2021 года. Разнастайныя тэксты на гэтым сайце аб'яднаныя галоўнай ідэяй: распавесці пра тое, што трэба перастаць ўжо адчайвацца і пачаць дзейнічаць у межах сваіх магчымасцяў. Беларуская асацыяцыя журналістаў пагутарыла з галоўнай рэдактаркай «Сойкі» Адэляй Дубавец пра тое, як у эміграцыі, па сутнасці з нуля, вырасціць самавіты беларускі праект.
«Беларусь у кожнага беларуса свая, у нас ва ўсіх ёсць адрозненні, і мы іх шануем»
— Чаму вы вырашылі запусціць праект у час, калі так усе складана з незалежнымі СМІ ў Беларусі?
— Менавіта таму, што складана. З’явілася мноства пытанняў у новай рэчаіснасці, і было адчуванне, што замест таго, каб шукаць адказы па тэлеграм-суполках і збіраць па кавалачку нейкія веды па ўсім інтэрнэце і ў знаёмых, людзі маглі б проста заходзіць на адну старонку, дзе адказы на самыя розныя пытанні (як карыстацца інтэрнэтам, што рабіць з хатнімі жывёламі ў новых абставінах, як нам усім не рассварыцца, як заставацца беларусамі і вывучаць беларускую мову, як дапамагаць палітвязням і яшчэ вельмі-вельмі шмат іншых) сабраныя ў даведнікі.
Самае першае, асноўнае і найважнейшае для нашай каманды «соек» — гэта рабіць карысныя гайды па новым беларускім жыцці і ў Беларусі, і на выездзе. Дапамагаць працягваць жыць — і сабе, і іншым беларусам. Нашая ідэя базуецца на ўзаемадапамозе, беларускасці і яднанні. Для кожнага з рэдакцыі Беларусь гэта першае і галоўнае, і мы цудоўна ўсведамляем, што гэтая дарагая Беларусь у кожнага беларуса свая, у нас ва ўсіх ёсць адрозненні, і мы іх шануем.
— Чым канцэпцыя «Сойкі» адрозніваецца ад іншых незалежных медыяў?
— Перадусім “Сойка” — гэта не навінавы сайт.
Мы працуем не з навінамі, а, калі можна так сказаць, з наступствамі гэтых навінаў.
Мы адказваем на новыя патрэбы, якія ўзнікаюць у беларусаў. Да таго нам важная і сама канцэпцыя быцця беларусамі, наша самасвядомасць, ідэнтычнасць. У гэтым ужо нам дапамагаюць героі нашых гутарак.
«Сойка» — гэта набор дапаможнікаў, гідаў па беларускім жыцці, такая энцыклапедыя, дзе можаш прыйсці і пачытаць, што табе рабіць у розных сітуацыях. Мы публікуем і практычныя рэчы, звязаныя з выжываннем, бяспекай, і ідэі, што беларусам паглядзець, што пачытаць, нават што прыгатаваць (я маю на ўвазе наш апошні, летні гід па беларускай кухні — ад старажытных страваў да аўтарскіх рэцэптаў).
Мы вельмі ганарымся візуалам нашага сайта: кожны матэрыял адмалёўваюць сапраўдныя беларускія ды ўкраінскія мастакі, ілюстратары.
Гэта ад пачатку было істотна: мы ствараем нешта карыснае і прыгожае адначасова, адшліфоўваем не толькі змест, але і яго візуальную частку.
Усе нашыя ілюстрацыі, малюнкі, калажы, партрэты арыгінальныя. У вялікай ступені агульны стыль задае кіеўская мастачка Ave, з якой мы супрацоўнічаем з самага пачатку нашага існавання.
«Журналісты і мастакі раскіданыя па свеце, але ўвесь час у каманду далучаюцца новыя людзі»
— Адкуль узнікла такая нетыповая назва?
— Сойка — класная птушка! Разумная, птушка-партызан, сімвал паўстання, бо яна ўсіх папярэджвае. Ніякіх аналогій з «Галоднымі гульнямі» і сойкай-перасмешніцай мы не задумвалі, але, безумоўна, невыпадкова ў гэтай птушцы столькі сімвалізму.
Быў такі момант, калі мы з калегай стаялі на балконе, размаўлялі пра будучыню нашага выдання і адчулі, што над намі, на лініях электраперадач, калышуцца адразу некалькі дзясяткаў птушак. Гэта, вядома ж, былі сойкі.
— Наколькі складана зараз сабраць каманду, калі ўсе па розных краінах альбо сышлі з прафесіі?
— Складана. Але з гэтым жывуць абсалютна ўсе рэдакцыі цяпер, і нічога новага я тут не распавяду. І журналісты, і мастакі нашыя раскіданыя па свеце. На гэта вельмі моцна паўплывала вайна, «Сойка» нарадзілася ў Кіеве, а вясной нам давялося ехаць ва ўсе бакі. Пры гэтым частка людзей засталася ва Украіне. Напрыклад, мастакі і дызайнеры нейкі час працавалі з бомбасховішчаў, дзе, зразумела, не мелі патрэбнай тэхнікі.
Пра колькасць людзей у камандзе я ніяк не магу адказаць, да нас увесь час далучаюцца людзі. “Сойка” — гэта крыху місія, пра што мы нядрэнна, здаецца, тлумачым у нашым маніфесце.
— Якой вы бачыце сваю аўдыторыю? Ці атрымалася дасягнуць мэтавых паказчыкаў па ўнікальных юзерах?
— Нашая аўдыторыя — гэта беларусы. Унутры краіны, і па-за ейнымі межамі, вельмі важна не дзяліць, хоць гэта і складана. Суайчыннікі, якія даўно ўсведамляюць сябе беларусамі, і тыя, хто адчуў гонар за краіну, за сябе ў 2020‑м. Для іх мы і робім рускамоўную версію, каб быў пэўны камфорт: можна пачытаць па-руску, потым па-беларуску.
Таму, як пачынаць чытаць і гаварыць па-беларуску, мы ўжо прысвяцілі ды яшчэ не раз прысвецім свае матэрыялы. Але ўсё памалу, паступова, ва ўласным тэмпе, у прыязнай атмасферы. Беларусы — гэта мудрая, спакойная нацыя. Мне здаецца, ні гвалт, ні істэрыя ні ў чым нам не ўласцівыя. Таму людзі і паўсталі супраць гэтых чужых нам з’яваў.
Мы яшчэ нядоўга існуем, таму мы ў працэсе дасягнення ўсіх сваіх мэтаў. Спадзяюся, нашая самая-самая галоўная мэта таксама па выніку будзе дасягнутая, і аднойчы рэдакцыя пераедзе ў Менск.
— Куды вы рухаецеся?
— Да перамогі, вядома ж. Насамрэч, хацелася б, каб як мага больш людзей, пры ўзнікненні розных пытанняў і патрэбаў, проста дзяліліся лінкамі на нашыя гіды, каб дапаможнікі сапраўды дапамагалі. Гэта асноўная мэта.
Ну і ёсць безліч планаў развіцця: выйсці па-за межы толькі тэкставага фармату, нарасціць аўдыторыю, прывабіць новыя таленавітыя імёны да супольнай творчасці. Спадзяюся, у новым сезоне вы будзеце за намі сачыць і ўсё ўбачыце самі.
Чытайце яшчэ:
Главред «Медиазоны»: Чем больше к человеку репутационных вопросов, тем громче он кричит про коллективную ответственность
Марш-кідок да каханай. Дзень з Ігарам Ільяшом у падарожжы ў гомельскі СІЗА, дзе трымаюць яго жонку Кацярыну Андрэеву
Яўген Атцецкі: «Мы – антытэзіс Лукашэнкі пра тое, што трэба перавярнуць старонку»