Марыне Золатавай прысудзілі міжнародную прэмію Ёхана-Філіпа Палма
На прэмію галоўную рэдактарку Tut.by намінавала праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў». Разам з Марынай Золатавай яе таксама атрымае афганская рэдакцыя Zan Times. Уручэнне пройдзе ў снежні 2024 года ў нямецкім горадзе Шорндорф, піша Deutsche Welle.
«Перад тварам велізарных перашкод і рэпрэсіўных мер Марына Золатава паказала сябе як чалавек незвычайнай мужнасці і сумленнасці», – лічаць «Рэпарцёры без межаў» і апякунскі савет фонду Palm.
Марыну Золатаву затрымалі тры гады таму — 18 траўня 2021 года. У сакавіку 2023-га суд у Мінску прыгаварыў яе да 12 гадоў пазбаўлення волі. Прызначаны тэрмін яна адбывае ў калоніі ў Гомелі.
Паводле інфармацыі «Рэпарцёраў без межаў», Беларусь займае трэцяе месца ў свеце па колькасці зняволеных журналістаў. У сусветным рэйтынгу свабоды прэсы краіна займае 167 пазіцыю — са 180 магчымых.