• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Марына Золатава: “З вялікім скепсісам стаўлюся да халівараў у Фэйсбуку”. Тэкст анлайн-канферэнцыі

    Тэкст анлайн-канферэнцыі baj.by з галоўным рэдактарам партала TUT.by.

    Барыс Гарэцкі, прэс-сакратар ГА “БАЖ”: Спадарыня Марына, як працуе TUT.by – гэтая вялікая махіна? Які шлях праходзіць інфармацыя, як выглядаюць планёркі?

    Марына Золатава: Усім добры дзень, дзякуй БАЖ, што запрасілі. Сапраўды, цікава падзяліцца з калегамі тым, што адбываецца ўнутры рэдакцыі, пачуць нейкае меркаванне збоку… Калі наша рэдакцыя імкліва вырасла за даволі кароткі прамежак часу, самым складаным аказалася арганізаваць працу ўсёй гэтай вялікай каманды. І мы прыйшлі да высновы, што для нармальнай працы не трэба прыдумляць чагосьці новага – рэгулярныя планёркі сапраўды здорава дапамагаюць. Безумоўна, важна, каб у кожнага была свая зона адказнасці, і гэты вялікі механізм павінен працаваць па дакладных правілах… Не магу сказаць, што ў нас проста ўсё працуе ідэальна, але самыя важныя крокі мы зрабілі.

    Ёсць планёркі штотыднёвыя, для ўсёй рэдакцыі. Абмяркоўваем, што было на мінулым тыдні, што будзем рабіць на гэтым, карэктуем дзеянні, глядзім статыстыку мінулага тыдня… А ёсць планёркі штодзённыя, для рэдактараў аддзелаў. Яны хуценька расказваюць, што ў іх адбываецца, – каб у нас не перасякаліся планы. Калі нешта здараецца выбітнае – натуральна, мы хутка абмяркоўваем у скайпе, што з гэтай тэмай рабіць…

    Самыя эфектыўныя дачыненні ў скайпе ў нас, напэўна, з рэгіянальным аддзелам. Рэдактар “Рэгіёнаў” знаходзіцца ў Мінску, а карэспандэнты – кожны ў сваім абласным цэнтры, таму іх планёркі адбываюцца ў асноўным аддалена. Праца з рэгіянальнымі карэспандэнтамі – самая складаная і самая цікавая. З рэгіёнаў прыходзіць вельмі шмат навінаў, таму гэтай працы трэба надаваць вялікую ўвагу. Ну і за кошт рэгіёнаў расце інтэрнэт-аўдыторыя… 

    Б. Г.: А як наладзіць эфектыўную працу з вялікай колькасцю фрылансераў? Мабыць, шмат людзей хочуць апублікаваць свае матэрыялы на TUT.by. І падазраю, што вашыя паштовыя скрыні перагружаныя вялікай колькасцю, у тым ліку цікавых матэрыялаў, і з кожным з іх трэба працаваць…

    М.З.: Як правіла, ёсць пастаянныя пазаштанікі, з якімі мы супрацоўнічаем на рэгулярнай аснове. Няма патрэбы браць такога чалавека ў штат. Але ты разумееш, што раз на тыдзень ці раз на два тыдні нам яго матэрыялы будуць цікавыя. Часам мы замаўляем матэрыялы, часам ён сам прапануе. Калі гэты чалавек, напрыклад, мае доступ да архіўных матэрыялаў альбо здорава арыентуецца ў гісторыі, то ён, хутчэй, сам прапануе нейкі план, чым мы будзем яму нешта “спускаць”… Альбо ён звернецца да рэдактара таго аддзела, які ім бліжэй, – “Грамадства”, “Мінск” і г. д. Нейкія матэрыялы я і сама чытаю. Але звычайна я раблю гэта, калі патрэбен дадатковы кантроль – калі складаная тэма, калі патрэбная дадатковая праверка.

    Б.Г.: Ці ёсць лісты, на якія вы наогул не адказваеце? Калі адразу бачна, што гэта – не для “эфіру”?

    М.З.: Такое бывае. Напэўна, у такіх выпадках самае правільнае – праігнараваць ліст. Таму што, калі ты адкажаш “нам гэта не падыдзе”, патлумачыш, чаму – прыйдзе наступны ліст, значна больш агрэсіўны… А наогул я ў дзень атрымліваю вельмі шмат лістоў, за сотні. Таму я магу шчыра нешта прапусціць. Мне людзі пішуць і на Фэйсбук. Калі мяне нешта зацікавіць, я не праігнарую. Але часам магу проста чагосьці не заўважыць.

    Б.Г.: Як выглядае ваш працоўны дзень? Прачынаецеся ў 6.00, у 23.00 з цяжкасцю адрываецеся ад манітора і накіроўваецеся дахаты? Як гэта – быць рэдактарам такога вялікага выдання?   

    М.З.: Нейкія рэчы я раблю яшчэ дома, раніцай. Праглядаю навіны, гляджу, што выходзіла ў газетах сёння. Калі прыязджаю на працу, пачынаецца планёрка, мы абмяркоўваем, што будзе адбывацца далей, потым ідзе праца з тэкстамі, пытанні па тэмах… Дома, у больш спакойнай абстаноўцы, эфектыўней ідзе праца з тэкстамі. А на працы – больш працы з людзьмі.

    Наогул, у маленькай рэдакцыі працуеш больш з тэкстамі, а ў вялікай – больш з людзьмі.

    Б.Г.: А ўвогуле – якія журналісты патрэбныя TUT.by? Па якіх крытэрах вы вызначаеце, якога чалавека браць у штат? Я думаю, гэтае пытанне хвалюе многіх – як стаць часткай вашага калектыва?

    М.З.: Я тут моцна арыгінальнай не буду і паўтару тую фразу, якую кажу многім студэнтам: галоўнае – каб гарэлі вочы. За гэтай фразай стаіць вельмі многа. Калі людзі прыходзяць на практыку ці спрабуюць уладкавацца на працу, ты часта бачыш у маладога чалавека згаслыя вочы. Гэта можа быць з розных прычын, але з такім чалавекам далей працаваць няма сэнсу. Калі яму цікавыя падзеі, людзі, калі ён нараўнадушны – з ім можна і трэба працаваць. Астатняму можна навучыцца.

    Яшчэ важны момант – пісьменнасць. Мы працуем у анлайне. Многія медыя наогул працуюць без карэктара. У нас карэктары ёсць, але навіны яны чытаюць пасля таго, як тыя выйшлі. Вялікія матэрыялы – да публікацыі, а навіны – пасля.

    Ты бачыш па маладых журналістах, што з пісьменнасцю бяда, – верагодна, яны чытаюць значна менш, чым чыталі калісьці мы. Людзі не адрозніваюць дзеяслоў трэцяй асобы адзіночнага ліку і дзеяслоў у форме інфінітыва – “тся” і “ться”. Гэта адна з самых распаўсюджаных з’яваў.

    Б.Г.: Як караеце журналістаў за памылкі?

    М.З.: Як правіла, проста размаўляем – абмяркоўваем альбо нейкую канкрэтную памылку, альбо што можна было па тэксце зрабіць лепш. Звычайна гэта робіць рэдактар. Часам гэта індывідуальна адбываецца, часам – публічна… Ніякага “разносу” ў нас, канешне, няма, але памылкі “прагаворваем”. Гэта ўсё адно калектыўная адказнасць. Калі матэрыял выйшаў з памылкай – вінаватыя ўсе. У журналіста ёсць рэдактар, у рэдактара ёсць галоўны рэдактар. За такія рэчы мы павінныя несці адказнасць усе разам.

    Б.Г.: Яшчэ адно пытанне ад нашых чытачоў: раней TUT.by казаў, што не рэгіструецца як СМІ. Зараз нібыта ў гэтым накірунку можна дзейнічаць. Ці не думалі зарэгістравацца?

    М.З.: Мы думалі на гэтую тэму, але не прынялі рашэння. Ва ўмовах новага закона “Аб СМІ” мы існуем 1,5 года, і я не магу сказаць, што за гэты час адбылося нешта, што падштурхнула б нас зарэгістравацца. Мы бачым, што новы закон накладвае на інтэрнэт-рэсурсы новыя абавязкі, а не правы. На прыкладзе КУКУ мы бачылі, што абмежаваць доступ да рэсурса можна нават без 2 папярэджанняў на працягу года. Таму нейкіх прычын для рэгістрацыі мы не бачым. І я не магу сказаць, што адсутнасць рэгістрацыі ў Міністэрстве інфармацыі неяк нам перашкаджае працаваць. Калі гаворка ідзе пра мерапрыемствы з удзелам кіраўніка дзяржавы ці пра міжнародныя падзеі – мы з такім жа поспехам можам прэтэндаваць на акрэдытацыю для ўдзелу ці асвятлення гэтых мерапрыемстваў. Іншая рэч, што на мерапрыемствах з удзелам прэзідэнта нас не заўсёды хочуць бачыць… Але гэта не залежыць ад наяўнасці рэгістрацыі.

    Б.Г.: Яшчэ было пытанне ад чытачоў: чаму знік раздзел “Культура”?

    М.З.: Гэта адбылося пры рэдызайне, 2 гады таму. Былі тэхнічныя, “матэматычныя” нюансы. У нас сярэдняя частка партала – “рэдакцыйная зона”, дзе ў нас навіны размешчаныя ў адпаведных рубрыках, і гэтых рубрык павінна было быць 6. На старой версіі сайта было 2 рубрыкі – “Калейдаскоп” і “Культура”, а цяпер іх абядналі ў рубрыку з агульнай назвай “Кругагляд”. Я перакананая, што падзел па рубрыках носіць, хутчэй, тэхнічны характар, гэта “зачэпка для вока”. І, натуральна, культурных падзеяў мы не ігнаруем. Слова “культура” знікла з тытульнай старонкі партала, але гэта не азначае, што ў нас зніклі навіны па тэме “Культура”.

    Б.Г.: Як падзяляецца праца журналістаў, як вы вырашаеце, хто сядзіць у офісе, а хто ідзе “ў поле”?

    М.З.: Журналісты, як правіла, працуюць “у полі”. У офісе збольшага застаюцца  рэдактары. Хаця, канешне, ад працы ў офісе журналістаў ніхто не выбавіць. Насамрэч, у розных раздзелах дамаўляюцца па-рознаму. Напрыклад, сёння нехта ідзе на суд над Ганнай Шарэйка, а другі ў рубрыцы “Эканоміка” адказвае за навіны. А на наступны дзень у іх іншыя планы, і гэтыя іпастасі могуць змяняцца… Рэгіянальныя карэспандэнты наогул павінныя ўмець вельмі шмат чаго. І сачыць за стужкай навінаў у сваім рэгіёне, і быць гатовымі ў любы момант сарвацца і кудысьці паехаць…

    Б.Г.: Наступны вялікі раздзел пытанняў – рэдакцыйная палітыка і этыка. Як фармуецца рэдакцыйная палітыка TUT.by? Ці ўносяцца ў яе карэктывы? Як вы вызначаеце, што можна, а чаго нельга?

    М.З.: У нас ёсць дакумент, які называецца “Догмы і правілы”. Там 7 старонак, і там разглядаюцца нашы асноўныя каштоўнасці, прыярытэты, прынцыпы – як мы выбіраем навіны, што нас цікавіць, якія тэхнічныя патрабаванні, як працаваць з крыніцамі і г. д.  

    Б.Г.: Вось чаго дакладна TUT.by ніколі пісаць не будзе?

    М.З.: Мы па самым мінімуме надаем увагі жыццю “celebri­ties” (знакамітасцяў). Гэта нас цікавіць у найменшай ступені. Але, калі Вадзянава нарадзіла пятае дзіця – гэта ўжо цікава… Што тычыцца нейкіх крымінальных падзеяў – тут у нас падыход такі: гэта павінна быць грамадска значная падзея альбо гэтыя падзеі характарузуюць наша грамадства. Тады мы не станем міма праходзіць. Але, калі гаворка ідзе пра суіцыды (гэта ў нас у “Догмах і правілах”, дарэчы, прапісана), – у Беларусі іх адбываецца даволі шмат, і, натуральна, мы не будзем асвятляць кожную такую падзею. Навіны пра іх з’яўляюцца, але мы ўважліва да іх ставімся. 

    Б.Г.: Які адбітак накладае на вашу рэдакцыйную палітыку тое, што TUT.by – гэта не толькі СМІ, але і бізнес? Ці ёсць забароненыя тэмы, альбо, наадварот, – тэмы, на якія вы пішаце больш? Тэхналогіі, стартапы…

    М.З.: Мы асвятляем падзеі, да якіх маем дачыненне. Нядаўна была канферэнцыя па інтэрнэце – натуральна, мы ёй прысвячалі матэрыялы. А стартапы… Людзі да іх настолькі прызвычаіліся, што інтарэс да іх зніжаецца. І, праўду кажучы, тут нават Юрый Анатольевіч (Ю.А. Зісер, заснавальнік TUT.by – заўв. БАЖ) крыўдуе, што мы не пішам пра іх так часта, як яму б хацелася. У такіх сітуацыях мы тлумачым: няма інтарэсу аўдыторыі, нам трэба пра тое і тое пісаць, а пра гэта мы пісалі ў тым месяцы, і з таго часу нічога не змянілася… Ён з разуменнем ставіцца да гэтага. Насамрэч, Зісер – вялікі малайчына, і здорава, што ў Беларусі ёсць такія людзі. Таму што дзякуючы іх энтузіязму і пазітыўнаму настрою ў гэтай краіне нешта рушыць наперад.

    Б.Г.: Яго вельмі часта крытыкуюць – бывае, хтосьці з палітыкаў, актывістаў нешта закідвае Юрыю Анатольевічу. TUT.by пра такое пісаць не будзе?

    М.З.: Калі прэзідэнт выказаўся на гэтую тэму – канешне, мы давалі пра гэта навіну… Па-першае, Юрый Анатольевіч заўсёды сам можа выступіць са сваёй калонкай у нас у навінах. Мы заўсёды прадастаўляем яму магчымасць выказаць сваё меркаванне. Я часта яму нават прапаную, каб ён выказаўся на цікавую тэму ў бізнесе ці эканоміцы. Тут жа ўсе роўна самае галоўнае – грамадскі інтарэс да пэўнай тэмы. Што тычыцца Фэйсбука – у Фэйсбука і медыя крыху розныя аўдыторыі.

    Я, шчыра кажучы, з вялікім скепсісам стаўлюся да халівараў у ФБ. І заклікаю людзей, якіх паважаю, не ставіцца так сур’ёзна да гэтых халівараў. Гэта неканструктыўна.

    Калі ёсць неабходнасць выказаць сваю асабістую пазіцыю ці пазіцыю партала – я выказваю. Але я не прыхільніца таго, каб асабіста ўдзельнічаць у грамадскіх працэсах. Калі гэта абмеркаванне ў ФБ – гэта не абмеркаванне журналіста і рэдактара. Журналіст павінен перадаваць інфармацыю, а не ствараць нагоду. Мяне такая сітуацыя не задавальняе. Альбо ты – журналіст, альбо ты – удзельнік працэсу. Таму, калі ёсць канкрэтнае пытанне па рэдакцыі ці спрэчная сітуацыя – я адказваю. А казаць пра тое, хто правы ці вінаваты… У мяне ёсць меркаванне, але я не лічу патрэбным ні пераконваць кагосьці, ні навязваць яго камусьці.

    Б.Г.: Ці здараюцца канфлікты ў рэдакцыі з чытачамі, каментатарамі, героямі?

    М.З.: Бываюць людзі, якія тэлефануюць рэгулярна, з імі цяжка размаўляць… Ёсць шэраг людзей, якія хочуць падзяліцца мекаваннем і расказаць, як кепска яны думаюць пра TUT.by. І лічаць, што мы павінныя гэта слухаць. Гэта можна паслухаць адзін раз. Але слухаць гэта кожны дзень ад аднаго і таго ж чалавека – не вельмі правільна. Урэшце гэты чалавек кажа, што ён будзе скардзіцца ў “Камітэт па друку”, не ведаючы, што ў нас гэтае ведамства ўжо даўно інакш называецца…    

    Б.Г.: А ці бывае так, што вы з‑за крытыкі здымаеце той ці іншы матэрыял?

    М.З.: Здымаць матэрыял – не. Для гэтага патрэбныя вельмі сур’ёзныя падставы. Гэта значыць, што ўсё ад пачатку да канца ў матэрыяле павінна быць няправільна. А такое я з цяжкасцю ўяўляю. Што тычыцца ўнясення зменаў – так, такое бывае, па розных прычынах. Калі гэта матэрыял не наш, а іншай крыніцы, нам можа патэлефанаваць спікер і патлумачыць нейкія моманты. А бывае, наш журналіст мог нешта не так зразумець. Найчасцей гэта бывае ў матэрыялах пра падзеі, якія мы не асвятлялі самастойна, калі ў нас няма запісу. Бывае, даводзіцца ўносіць змены дзеля бяспекі альбо з‑за нейкіх асабістых абставінаў чалавека, які з намі гаварыў… Не ўзважыў да канца ўсю адказнасць, усе наступствы, а калі матэрыял выходзіць – у яго пачынаюцца сур’ёзныя праблемы. І мы мусім мінімізаваць гэтыя непрыемныя наступствы.

    Б.Г.: Яшчэ два пытанні адразу пра рэдакцыйную палітыку. Як выпрацоўваецца рэдакцыйная палітыка ў дачыненні да сітуацыі ва Украіне?  І цытую другое пытанне: А вы правда не будет больше на РБК тырить статьи, менять в них ополченцев на сепаратистов и преподносить как свои?” 

    М.З.: Мы не падаем іх як свае. Калі казаць пра РБК – у нас даўняя дамоўленасць пра тое, на якіх умовах мы выкарыстоўваем іх матэрыялы. Там стаяць спасылкі пад іх матэрыяламі.

    Мы гэтую тэму (тэму асвятлення падзей ва Украіне – заўв. БАЖ) вельмі шмат абмяркоўвалі публічна. Год таму ў нас была сустрэча, прыходзілі прадстаўнікі БАЖ, медыяэксперты, ваенныя эксперты. Тады мы вызначаліся з тэрмінамі, якія будзем выкарыстоўваць, і з тым, як наогул працуем па гэтай тэме. Мы выкарыстоўваем самыя розныя рэсурсы – і расійскія, і ўкраінскія. Магу сказаць, што і тыя, і тыя – ангажаваныя. Але трэба проста вельмі ўважліва працаваць з гэтай інфармацыяй. Нейкая інфармацыя РИА Новости і ТАСС можа быць абсалютна аб’ектыўнай, а ў другой ідзе нейкі незразумелы “ўкід”, нейкі “эксперт” робіць нейкую няўцямную заяву. Тое ж можна сказаць і пра ўкраінскі бок.

    Калі ідзе вайна – яна ідзе і ў інфармацыйнай прасторы. І расійскія, і ўкраінскія СМІ – удзельнікі гэтай вайны, таму пра аб’ектыўнае асвятленне ні там, ні там не можа быць гаворкі.

    Трэба прадзірацца, шукаць першакрыніцу, параўноўваць інфармацыю з розных крыніц. Тут і пытанне кампетэнцый: хто робіць заяву? Ці быў гэты чалавек удзельнікам працэсу? Трэба аналізаваць крыніцу.

    Б.Г.: Ці ёсць журналіст альбо група журналістаў, якая спецыялізуюцца на ўкраінскай тэме?

    М.З: У нас няма спецыяльнага чалавека, які піша на тэму ўкраінскіх падзеяў, але ёсць група людзей, якая сочыць за тэмай больш уважліва. Гэта і рэдактар навінаў, і рэдактар аддзела “Палітыка”, і рэдакар рубрыкі “У свеце”. Тут важна любыя сумневы заўсёды прагаворваць, раіцца з калегамі. Памыліцца вельмі лёгка, а памылкі абыходзяцца вельмі дорага.

    Б.Г.: Ці плаціце вы партнёрам за агрэгацыю іх навінаў і ці ёсць у вас эксклюзіўныя пастаўшчыкі кантэнту?

    М.З: На нейкія агенцтвы мы падпісаныя і, натуральна, плацім ім грошы за гэта. А эксклюзіўныя пастаўшыкі… У кожнага свае крыніцы. Ёсць журналісты, яны кантактуюць з нейкімі ведамствамі, з нейкімі людзьмі. І кожны напрацоўвае сваю базу кантактаў, сваю базу крыніцаў. Гэта нармальная журналісцкая праца.  

    Б.Г.: Пытанне: “БАЖ рэгулярна праводзіць маніторынг сітуацыі з правамі чалавека, з правамі журналістаў у тым ліку. А на TUT.by такія навіны з’яўляюцца бессістэмна. І незразумела, якія навіны ўяўляюць інтарэс для партала. Чаму, напрыклад, не асвятляецца тэма Матолькі?”

    М.З.: Справа Матолькі асвятляецца. Прычым там жа фігуруе і TUT.by – ішла гаворка пра тое, каб запрасіць нашага супрацоўніка, які займаецца сацсеткамі. Так што за гэтай справай мы сочым. У цэлым – я б не сказала, што “бессістэмна”. Натуральна, выпадак, калі быў збіты наш журналіст у будынку суда (Павел Дабравольскі — заўв. БАЖ), мы асвятлялі.

    Б.Г.: А калі не з вашым, а з іншымі журналістамі нешта здараецца? Напрыклад, за гэты год мы маем ужо 7 выпадкаў затрыманняў журналістаў падчас выканання прафесійных абавязкаў і 10 выпадкаў, калі жуналістаў судзілі за працу без акрэдытацыі. Але не заўсёды гэтыя навіны цікавыя TUT.by. Таму што няма нейкай тэндэнцыі ці таму што не “гарачы выпадак”?         

    М.З.: Без канкрэтных прыкладаў цяжка арыентавацца.

    Выпадкі, калі журналістаў штрафуюць, мне падаецца, важныя для “цэха”, для саміх журналістаў. Для шырокай аўдыторыі гэта, напэўна, ужо не падзея.

    Калі арыентавацца на нормы заканадаўства – ну так, напэўна, чалавек працуе без акрэдытацыі. Але што да рэйтынгаў і індэксаў датычна свабоды прэсы – гэта мы рэгулярна асвятляем.

    Б. Г.: Як вы лічыце, беларуская журналісцкая супольнасць салідарная?

    М.З.: Я думаю, салідарная. Хаця ў нас выразнае супрацьпастаўленне ідзе дзяржаўных і недзяржаўных медыя. Але мяне парадавала, калі быў выпадак з нашым Паўлам Дабравольскім, што журналісты з многіх выданняў і фрылансеры падпісалі зварот у Мінінфармацыі.

    Б.Г.: Двух чалавек ледзь не выгналі з аднаго дзяржаўнага СМІ, якое не буду называць…

    М.З.: Але пры гэтым жа ёсць і падзел на два лагеры. І гэта наша нацыянальная рыса.

    Б.Г.: Падзяліцеся ўражаннямі ад удзелу ў “Клубе рэдактараў”. Чаму не ўдалося абмеркаваць справу Дабравольскага, хоць перад вашым удзелам там пра гэта ішла размова. Увогуле – як вам “Клуб”?  

    М.З.: Насамрэч, у праграме быў цікавы момант. Праграма тады выходзіла без удзелу Генадзя Давыдзькі, вёў яе Павел Якубовіч, і запіс скончыўся яго словамі: “Мы дамовіліся з Марынай абмеркаваць тэму Паўла Дабравольскага, калі будуць навіны па тэме”. Але, калі праграма выйшла ў эфір, гэтай фразы там не было.

    Б.Г.: Значыць, і чакаць не даводзіцца?

    М.З.: Я насамрэч не стала б так казаць. Калі б я вельмі хацела абмеркаваць гэтую тэму і патэлефанавала на БТ – я ж не ведаю, што б яны мне адказалі.

    Б.Г.: А як з імі сядзець за адным сталом – дыскусія атрымліваецца? Ці гэта, як кажа Андрэй Дынько, перадача, дзе паміж удзельнікамі сцяна ментальная, і кожны стаіць на сваім меркаванні?

    М.З.: Я б не казала, што там ёсць “сцяна”, што мне “спадабалася” ці “не спадабалася”. Гэта звычайная тэлепраграма, якая робіцца для гледачоў, а не для таго, каб спадабацца ўдзельнікам. Усё абумоўлена тэлевізійным фарматам, і ясна, што ўдзельнікі клуба застануцца пры сваіх меркаваннях. Ніхто ні ў чым нікога не пераканае. У мяне няма ніякіх асаблівых чаканняў ад праграмы. Але калі ты хочаш і можаш прыйсці і выказаць сваю пазіцыю – гэта важна. Іншая справа – застаўся момант незадаволенасці ад таго, што ў той момант, калі тэма была зімой актуальная, атрымалася, што ў гэтым “Клубе” сабраліся ўсе хто мог, але не прадстаўнікі TUT.by. Вырашылі абмеркаваць гэтую тэму “за вочы”. Вось гэта зачапіла.  

    Б.Г.: Калі на беларускім партале з’явіцца беларускамоўная версія?

    М.З: У нас ёсць беларускамоўны інтэрфейс. Чалавек можа выбраць вонкавае афармленне галоўнай старонкі. І ён усталяваны прыкладна ў 1,5 ‑2% нашай аўдыторыі. Але навіны ў асноўным на рускай мове, хаця ёсць выключэнні.

    У цэлым мы, натуральна, самі вельмі перажываем за беларускую мову, для нас тэма развіцця беларускай мовы – вельмі важная. Але дублявць усе навіны на беларускай мове… Якой мэты мы хочам дасягнуць? Мы атрымаем тыя ж самыя навіны на беларускай мове, але значна пазней.

    Навіна патрэбная ў той момант, калі яна выйшла. А чытаць навіну на беларускай мове праз гадзіну пасля таго, як яна выйшла па-руску толькі таму, што яна выйшла па-беларуску – няма сэнсу.   

    Мы выбіраем іншы шлях. Мы ў першую чаргу – рэсурс, які жыве за кошт рэкламы. Мы працуем на шырокую аўдыторыю і не можам сабе дазволіць губляць трафік. Хутчэй, мы ў рускамоўных тэкстах будзем рабіць устаўкі на беларускай мове. Мы не будзем эксперта перакладаць на рускую мову, калі ён гаворыць па-беларуску. Наша асноўная аўдыторыя – беларусы, больш за 80%. І тыя, хто чытае нас за мяжой, – як правіла, таксама беларусы. Я лічу, што мы прынясем больш карысці, калі будзем пашыраць лаяльную да беларускай мовы аўдыторыю, не прапануючы тэксты і навіны на беларускай мове тым, хто пакуль да гэтага не гатовы. Паводле статыстыкі, тэксты, якія выходзяць на абедзьвюх моўных версіях, па-беларуску чытае ў 10 разоў менш людзей.

    Таму правільна пашыраць лаяльную аўдыторыю найменш агрэсіўным спосабавм – праз гарманічнае спалучэнне дзвюх моваў у адным тэксце. 

    Б.Г.: Пытанне: “Апошнім часам на TUT.by усе матэрыялы сталі нібыта ўласнымі. Бярэцца артыкул з “Еўрарадыё” ці “Нашай Нівы”, дадаецца адзін абзац, робіцца лёгкі рэрайт – і нібыта атрымліваецца ўласны матэрыял. Ці лічыце вы такую практыку карэктнай і этычнай?” 

    М.З.: Хацелася б пагутарыць пра канкрэтныя прыклады, было б цікава абмеркаваць. Што тычыцца “дадаць адзін абзац”… Абзацы могуць мець розную каштоўнасць. Можа, гэты абзац мае важную “дададзеную вартасць” і таму падпісваецца як TUT.by? Але, калі ёсць канкрэтныя прэтэнзіі, – давайце разам абмяркоўваць. Мы стараемся даваць усё больш уласных матэрыялаў. Гэта важна, бо мы хочам самі несці адказнасць за тое, што ў нас апублікавана.

    Б.Г.: Ці плануе TUT.by зрабіць платны доступ да часткі свайго кантэнту?

    М.З.:.У Беларусі я пакуль да гэтай з’явы скептычна стаўлюся. Калі гэта нейкі вельмі важны эксклюзіў альбо вельмі спецыялізаваны кантэнт, спецыяльнае даследаванне – можа, у гэтым і ёсць сэнс. Што тычыцца TUT.by — у нас такіх планаў няма. Мы пакуль не бачым у гэтым неабходнасці.

    Б.Г.: Многія СМІ сутыкаюцца з праблемамі ў доступе да інфармацыі. Як у вас з гэтым?  

    М.З.: Па-рознаму вельмі бывае. Ёсць два найбольш закрытыя ведамствы – Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства адукацыі. Але ў цэлым, калі гаварыць пра дзяржаўныя ўстановы, ёсць заўважныя зрухі. Яны і ў сацсетках з’явіліся ўжо даўно, сілавыя ведамствы там даволі актыўна сябе паводзяць… Хаця па-ранейшаму ёсць праблемы. Пасля выпадку з Паўлам Дабавольскім, напрыклад,  былі праблемы з доступам да інфармацыі з МУС, ГУУС.

    Б.Г: Як вы змагаецеся з гэтым?

    М.З.: Размаўляем, страемся пераканаць.

    Тут важныя настойлівасць і добразычлівасць. Самае галоўнае – не спрабаваць шукаць навокал ворагаў, а разумець, якая перад табой мэта і што ты павінен зрабіць дзеля яе дасягнення.

    Калі табе не далі інфармацыі для паўнавартаснага асвятлення пэўнай тэмы – тваё права і абавязак напісаць пра гэта ў артыкуле. У нас былі такія выпадкі. І адразу пасля выхаду артыкула нам тэлефанавалі і давалі свой каментар. Гэта таксама працуе вельмі добра. Ад закрытасці яны ў першую чаргу самі і прайграюць.

    Б.Г.: “Як вы лічыце – ці пагражае Беларусі “рускі мір”?” – вось такое пытанне прыйшло аж двойчы…

    М.З: Я думаю, што “рускі мір” – гэта такая ж пагроза, як “украфашызм” і “абама”. Беларусь, у адрозненне ад Украіны, знаходзіцца ў крыху іншай пазіцыі. У 1990‑я гады яшчэ можна было б абмяркоўваць такое развіццё падзеяў… А калі казаць пра Крым, пра ўсход Украіны – я думаю, што ўсе гэтыя падзеі не былі б магчымыя без перадумоваў у самой Украіне. Таму казаць, што ва ўсім навокал вінаваты “рускі мір”, Пуцін і г. д. – гэта пазіцыя людзей, якія не прызвычаіліся крытычна мысліць, крытычна ставіцца да інфармацыі. Я лічу, што ў Беларусі такіх перадумоваў няма, і ў большай ступені пагроза існуе ў галовах, чым у рэальнасці.

    Калі казаць пра тое, што нам паказваюць па расійскім ТБ, – ступень уплыву расійскага ТБ заўважна зніжаецца. Я б не перабольшвала, не дэманізавала пагрозу. Хаця трэба ўважліва сачыць за тым, што да нас ідзе з боку Расіі. І мы ўважліва сочым за гэтым.

    Б.Г.: Прафесійнае выгаранне: як вы з ім змагаецеся? Што трэба рабіць, каб не выгараць?

    М.З.: Гэта вельмі сур’ёзнае пытанне. Па-першае, трэба даваць людзям адпачываць. Змяняць сферу дзейнасці ў журналістыцы. Калі нехта займаўся адным і тым жа некалькі гадоў і стаміўся – трэба знайсці нейкі іншы занятак. І пастаянна гаварыць з чалавекам. Калі ёсць нейкія сімптомы – трэба ўсё гэта прагаворваць.

    Б.Г.: Заўважаеце за калегамі?

    М.З.: Бываюць такія выпадкі. Калі ты пастаянна павінен сачыць за інфармацыйнай плынню – сапраўды ад гэтага стамляешся. Трэба проста ўмець пераключацца. Я вось люблю пераключацца не нейкія фізічныя заняткі. Насамрэч вельмі здорава дапамагае: ты там цалкам адключаешся ад раздражняльнікаў і займаешся іншай справай. Я вось на роліках люблю пакатацца, на веліку. Натуральна, з дзецьмі бавіць час, кудысьці выехаць.

    Б.Г.: Як вы лічыце – наколькі прафесійныя сёння выпускнікі журфака?

    М.З.: Усё вельмі індывідуальна. Ты хочаш гэтага ці не? Хочаш працаваць у журналістыцы ці не? На практыку да нас прыходзіць вельмі шмат людзей, а пасля кожнага года затрымліваюцца 1–2 чалавекі пасля журфака. Гэта проста прыклад… А вось адна дзяўчынка прыйшла на практыку пасля 3 курса, прачытаўшы шмат нашых матэрыялаў. Яна ведала, у якім фармаце нам трэба пісаць, якія могуць быць загалоўкі, нават не чытаючы ўнутраных правіл. І гэта вельмі крута.

    Журналіст – гэта вельмі цікаўны, уважлівы чалавек, якому рэальна нешта трэба. А многія людзі ідуць на журфак пад уплывам нейкага настрою альбо думаючы, што даб’юцца славы.

    Б.Г.: Апошняе пытанне: калі б у вас была магчымасць нешта змяніць у Беларусі – што б гэта было?

    М.З.: Нашай краіне вельмі неабходныя змены, але яны не могуць быць кропкавымі. Іх мае быць шмат, бо многія сферы трэба рэфармаваць… Для гэтага патрэбныя воля і гатовасць нешта змяняць на страту сваёй папулярнасці. Тое, што адбывалася ў Польшчы… А мы разумеем, што гэта сёння немагчыма ў нашай краіне. Мой найбольшы боль – гэта чалавечы рэсурс, будучым якога мы ахвяруем дзеля сённяшніх патрэбаў. Калі мы датуем нават стратнае прадпрыемства, каб даць працу людзям. Наша здароўе, наша адукацыя. І лёс маладых спецылістаў, якім лягчэй з’ехаць і рэалізаваць сябе за мяжой, чым застацца і нешта тут спрабаваць цікавае і карыснае рабіць. Нейкія рэформы я б стала праводзіць менавіта ў гэтых сферах. Але без зменаў у іншых сферах яны немагчымыя.

    ГЛЯДЗЕЦЬ ВІДЭА

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці