• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Марына Золатава: Бессэнсоўна супраціўляцца таму, што людзі пачынаюць дзень з фрэндстужкі

    Як змяніліся медыя за 5 год і як выданням адказваць на найноўшыя выклікі? Разважаюць Марына Золатава, Сяргей Сахараў, Аляксандр Старыкевіч, Сяргей Сверкуноў, Іна Максімчык.

    “Крызіс на медыярынку як крызіс менеджменту”, — ток-шоў пад такой назвай прайшло ў межах Медыяменеджмент форуму. Удзел у ім узялі галоўныя рэдактары TUT.BY Марына Золатава, гарадскога сайта City­dog Сяргей Сахараў, “Вечерний Гродно” Іна Максімчык, намеснік старшыні ГА «Беларускай асацыяцыі журналістаў» і галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” Аляксандр Старыкевіч, намеснік старшыні ГА «Беларускага саюза журналістаў» Сяргей Сверкуноў.

     

    Што змянілася ў медыя за апошні час? Ці паўплывала гэта на стратэгію і рэдакцыйны парадак дня?

    Сяргей Сахараў: За апошнія 5 год з’явілася вельмі шмат новых выклікаў для медыя. Самы асноўны з іх нават не інтэрнэт, а новая карціна свету, якая фармуецца ў інтэрнэце. Самы вялікі выклік у тым, што мы — і выдаўцы і чытачы — спрабуем нейкія матрыцы з афлайн-журналістыкі (як распаўсюджваецца выданне, на што чытачы звяртаюць увагу і г. д.) накласці на працу ў сеціве. І часцей за ўсё гэтыя матрыцы адразу ж ламаюцца. Вельмі часта ў анлайн-выданнях, з‑за таго, што гэты феномен для планеты Зямля новы, не ведаеш, пакаціць тая ці іншая фішка, той ці іншы падыход альбо не. Мы глядзім на поспехі тэм, гісторый, праектаў, але мне падаецца, што сёння ў любым поспеху ёсць вялізная доля пападання пальцам у неба.

    Сёння мы ўвесь час павінны аналізаваць і думаць пра тое, якім інтэрнэт будзе заўтра, і як мы будзем у ім працаваць. Але гэта толькі нашыя думкі — няма ніякай гарантыі, што будзе менавіта так. Вырасла новае пакаленне dig­i­tal native, якое мы ўсё спрабуем зразумець.

    Сяргей Сверкуноў: Галоўная праблема газетчыкаў сёння — псіхалагічная. Я кантактую з многімі рэгіянальнымі выданнямі, там палова супрацоўнікаў такога ўзросту, калі новае даецца не проста. Таму самая галоўная праблема —псіхалагічная. У многіх рэгіянальных выданняў сёння ёсць Twit­ter, Face­book і ўсё такое. Але, калі матэрыялы раённых газет проста закінуць у сацыяльныя сеткі, там яны проста «граць» не будуць.

    Да таго ж я не вельмі ўпэўнены, што людзі ў нашых вёсках і пасёлках маюць жаданне працаваць у гэтых сацыяльных сетках.

    Таму пакуль рэдакцыйныя калектывы не знойдуць сугучча са сваімі чытачамі, вялікага толку ад сацыяльных сетак для іх не будзе. Затраты на гэта атрымліваюцца вялікімі, а аддача — не вельмі. І вось прыклад, партал “Советской Белоруссии” вядзе каталог сайтаў рэгіянальных выданняў. Але самі рэгіянальныя рэдакцыі зацікаўленасці да гэтага не праяўляюць. Таму добра было б, каб мы знайшлі тую формулу, як рэгіянальнай газеце варта сёння працаваць у інтэрнэце.

    Іна Максімчык: 5 гадоў таму ў газеты “Вечерний Гродно” быў наклад 30 тысяч асобнікаў. Вельмі добры наклад. Цяпер наклад у нас 13 тысяч асобнікаў + 20 тысяч падпісчыкаў на нашы сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце. Таму адназначна можна сказаць, што нават у рэгіянальных выданнях журналістыка значна змянілася і стала не толькі штодзённай, але кругласуткавай.

    Сёння ўжо не працуюць формы падачы інфармацыі, якія дазвалялі зацікавіць чытача раней. Газета, якая выходзіць з навінамі раз на тыдзень, ужо нікому не патрэбная. Наша выданне вымушанае было перафарматавацца і цяпер мы арыентаваныя не на навіны, а на падрабязнасці падзеяў. Бо навіны адбываюцца кожны дзень і размяшчаць іх у штотыднёвіку проста бессэнсоўна. Рэдакцыя кожны дзень працуе для сайта, а потым ужо выдаецца друкаваная версія з падрабязнасцямі.

    Марына Золатава: Беларускія медыя сёння сутыкаюцца з двума тыпамі выклікаў. Першы з іх — выклікі, звязаныя з тэхналогіямі і медыяспажываннем. Але больш істотны для нас акурат другі — лакальныя выклікі. Тое, што адрознівае нас ад Захаду, Расіі, Украіны.

    Галоўная асаблівасць у нас —  празмернае рэгуляванне сферы СМІ з боку дзяржавы, што ставіць пад пытанне капіталаўкладанні ў медыя, бо мала хто рызыкуе працаваць на такім рынку. Адсюль адразу ж вынікае адсутнасць грошай у рэдакцыі, адсутнасць кваліфікаваных кадраў, нізкая якасць працы. На мой погляд, менавіта гэта цяпер ёсць галоўная праблема.

    Што тычыцца тэхналогій, то пэўны досвед калег, якія працуюць за мяжой, у нас ёсць. Ужо ўсе даўно разумеюць, што няма сэнсу наганяць трафік на галоўную старонку рэсурсу, зразумелі многія тэхналагічныя рэчы. Няма сэнсу скардзіцца, што аўдыторыя пачала спажываць інфармацыю па-іншаму. З гэтым трэба жыць.

    Аляксандр Старыкевіч: Галоўная праблема, з якой мы сёння мала што можам зрабіць, — гэта жорсткі недахоп рэсурсаў праз палітычныя, эканамічныя і грамадскія чыннікі. Калі б не было гэтай праблемы, можны было б адказаць на ўсе выклікі. Але зараз нам прыходзіцца ўвесь час на хуткасці латаць дзіркі. Павялічыліся і паскорыліся інфармацыйныя плыні. Рэдакцыі складаюць тую ж колькасць людзей, што і пяць год таму, а інфармацыі стала значна болей. Таму, калі казаць пра газету “Салідарнасць”, то мы ідзем не ў бок павелічэння колькасці канктэнту на сайце, бо няма сэнсу канкураваць з TUT.BY. Для нас шанец бачыцца ў тым, каб заняць пэўную нішу, займець сталага разумнага чытача і паспрабаваць такім чынам адказаць на выклік інфармацыйнага часу. Маленькі рынак, зарэгуляванае поле — выклікі, якія накладаюцца на глабальныя.

     

    Як змяняюцца самі рэдакцыі? Ідуць па шляху ўніверсалізацыі журналіста, альбо наадварот?

    Сяргей Сверкуноў: Я ў газеце ўжо не працую, але трэнды СМІ ведаю. Неяк мы папрасілі маладых журналістаў адказаць на пытанне аб праблемах для іх. І вось адна журналістка напісала, што маладыя калегі сёння становяцца ўсяяднымі, універсальнымі журналістамі. Яна ж мяркуе, што ў рэдакцыях усё ж павінны быць эксперты ў нейкіх тэмах. У рэдакцыі павінны быць людзі, якія разбіраюцца ў канкрэтных пытаннях. Структура рэдакцый змянілася, з’явіліся адміністратары сайтаў. Але ў многіх друкаваных выданнях пакуль гэта яшчэ самадзейнасць. Сайты былі калісьці створаныя з дапамогай Інстытута журналістыкі БДУ, але яны гадамі не змяняюцца. А змены павінны быць.

    Сяргей Сахараў: Калі мы кажам пра журналістаў узросту 35+, я думаю, патрэбна ўніверсалізацыя такіх журналістаў. Усё нашае пакаленне вырасла на пэўных прыкладах і мае добрыя веды. Маладыя ж людзі — dig­i­tal nativ, для іх няма паняцця ўніверсальны ці не ўніверсальны, бо яны ад самага пачатку ведаюць ўсё гэта. Пытанне, на чым рабіць акцэнт, стаіць па ўсім свеце: на хуткую інфармацыю з вялікай колькасцю навінаў, альбо на аналітыку, якая забірае невядома колькі часу. Але цяпер паўсюль дыктуюць сацыяльныя сеткі, унікальнасць і хуткасць. Глабальна ж універсалізацыя павінна быць.

    Іна Максімчык: Супрацоўнікі рэгіянальнай газеты — гэта журналісты, якія адначасова працуюць і на сайце, і ў друкаванай газеце. Як я ўжо казала, дзякуючы інтэрнэту, мы сталі штодзённай газетай. Што тычыцца спецыялізацыі, то звычайна ў нас няма часу і магчымасцяў рыхтаваць сур’ёзных экспертаў, таму ў выпадку неабходнасці хутчэй мы звернемся да аўтсорсінгавых экспертаў. Якога б журналіста мы б хацелі бачыць у рэдакцыі? Журналіста, які хоча вучыцца і ўмее пісаць навіны.

    Марына Золатава: Быць рэгіянальным журналістам напэўна самы вялікі выклік і ў плане грошай, і з‑за вялікай колькасці тэм. У нас у кожным абласным цэнтры ёсць карэспандэнт. Дык вось ён павінен адначасова адсочваць усе навіны свайго рэгіёна, а таксама паспяваць ездзіць у камандзіроўкі і рабіць эксклюзіўныя матэрыялы. Гэта найперш павінен быць чалавек з палаючымі вачыма. І важна, каб людзі хацелі вучыцца. Таксама важна пісьменнасць і дакладнасць журналіста. Нават калі мы гаворым пра новыя фарматы працы, банальных абдруковак не павінна быць. Непрымальна, калі чалавек робіць нейкую інтэрактыўную прэзентацыю ці інфаграфіку, а я вяртаю яе некалькі разоў з‑за абдруковак. Таксама для журналіста важная стрэсаўстойлівасць — журналістыка забірае вельмі шмат сіл.

    Аляксандр Старыкевіч: Крызіс кадраў, які існуе ў беларускіх медыя, — гэта крызіс рэсурсаў. Калі б у СМІ былі грошы, у СМІ быў бы свой пул праграмістаў, дызайнераў, журналістаў, рэдактараў і г. д. Але гэтага няма з‑за банальнай адсутнасці сродкаў.

    Што тычыцца ўзросту журналістаў, тут варта прыгадаць “Медузу”, якая з’яўляецца рэдакцыяй “35–”. Старэйшых людзей там проста няма. Для мяне сур’ёзным паказчыкам стала тое, што заснавальніца “Медузы” Галіна Цімчанка праз пэўны час усё ж сышла з пасады галоўнага рэдактара і засталася толькі генеральным дырэктарам выдання. Яна зрабіла так, бо зразумела, што  нават са сваім агромністым досведам «Ленты.ру» не зусім паспявае за развіццём тэхналогій.

     

    Як медыя могуць адказваць на імклівую змену інтэрактыўнай прасторы? Сацыяльныя сеткі задаюць правілы распаўсюду інфармацыі, як на гэта адказваць?

    Аляксандр Старыкевіч: Відавочна, што сёння для ўсіх без выключэння рэдакцый стаіць пытанне не толькі стварыць кантэнт, але і прыгожа “запакаваць” яго, а таксама данесці чытачу. Калі б медыя не рабілі гэтага, то можна было б правесці аналогію, калі б завод “Крышталь” прадаваў сваю прадукцыю толькі ў фірмовых крамах.

    Напрыклад, калі ідзе размова пра польскую Gaze­tu Wybor­czu, то аддзел прамоцыі яшчэ 2 гады таму там складаўся з 12 чалавек. Але ў Беларусі і сёння мала хто можа сабе дазволіць такую раскошу. Менавіта таму я лічу, што рэдакцыі трэба дэверсіфікаваць крыніцы трафіку: працаваць на многіх платформах, а таксама мець сваю сталую аўдыторыю, якая ў любым выпадку прыходзіць на галоўную старонку. Бо ў кожнага грунтоўнага рэсурсу ёсць наведвальнікі, якія хочуць чытаць не толькі асобныя матэрыялы, але ўсю карціну дня.

    Марына Золатава: Бессэнсоўна супраціўляцца таму, што людзі пачынаюць свой дзень не з навінавых сайтаў, а з фрэндстужкі ў сацыяльных сетках. Таму ў TUT.BY ёсць два рэдактары, якія кругласуткава працуюць у сацыяльных сетках. Таксама ў нас ёсць публічны чат у Viber, дзе нядаўна ў TUT.BY з’явіўся свой чат-бот. За прыклад працы ў сацыяльных сетках таксама можна браць часопіс “Имена”, дзе галоўная крыніца трафіку — акурат сацыяльныя сеткі.

     

    Што рабіць з верыфікацыяй інфармацыі, якасцю журналістыкі, этыкай на форумах?

    Аляксандр Старыкевіч: Скажу так: не трэба гаварыць пра этыку, трэба яе практыкаваць. Я не памятаю, каб за 10 год у нашым канкрэтным выданні ўзнікала патрэба абмяркоўваць нейкае этычнае пытанне — для нашага калектыву ўсё заўсёды было на 100 % зразумела.

    Марына Золатава: Я б не сказала, што мы знайшлі рашэнне. У нас форум знаходзіцца на асобнай пляцоўцы ад сайта, але гэта не рашэнне. У нас адназначна няма культуры дыскусіі. Ёсць канешне цывілізаванае рашэнне спрэчкі — заява ў міліцыю. Бывалі і такія выпадкі, але нават пасля судовых спраў людзі як паводзілі сябе, так і паводзяць.

    Часам, калі заходзіш на форум, думаеш: «Фу, якая брыдота!» Але гэтак форум выглядае ўжо пасля мадэрацыі. Уявіце, які ён да яе! 

    Што тычыцца якасці журналістыкі, то я сёння ў Беларусі заўважаю пэўную яе маргіналізацыю. Калі медыя чапляюцца за пасты на Face­book, якія пішуцца для сяброў, гэта проста становіцца нецікава чытаць. Ну і, канешне, інфармацыйная вайна сюды ж дадаецца.

    Сяргей Сверкуноў: Тры гады Беларускі саюз журналістаў і Беларуская асацыяцыя журналістаў у межах праграмы медыяінстытута Fojo абмяркоўвалі пытанне этыкі на форумах, і павінен сказаць, што нашы меркаванні раздзяляліся. Часам дзіву даешся таму, які бруд выплёхваецца на старонкі выданняў. Таму я адназначна за прэмадэрацыю!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці