«Марым пра нармальнае FM-вяшчанне ў Беларусі» — «Еўрарадыё» споўнілася 10 гадоў
26 лютага 2006 года адбыўся першы эфір “Еўрапейскага радыё для Беларусі”. Напярэдадні юбілею прэс-служба ГА “БАЖ” распытала галоўнага рэдактара ЕРБ Віталя Зыблюка пра назапашаны за дзесяцігоддзе досвед, вынесеныя ўрокі і светлыя мары.
– Як пачалося “Еўрарадыё”?
– Усё пачалося з таго, што адзін з былых кіраўнікоў “Радыё 101.2”, адзін з заснавальнікаў першай “Рацыі” Дзмітрый Новікаў вырашыў стварыць новае СМІ. Такім чынам у 2005 годзе ў Польшчы паўстала новае радыё. У склад заснавальнікаў тады ўвайшлі розныя структуры, у тым ліку і «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Праз колькі месяцаў нарэшце адбыўся першы эфір. Першапачаткова “Еўрарадыё” пачало вяшчаць праз спадарожнік. Тады ж стартаваў і наш сайт.
Зараз на спадарожніку і праз сайт мы вяшчаем круглыя суткі, а таксама ў нас ёсць набор хваляў, якія пакрываюць розныя рэгіёны Беларусі. Мы арандуем перадатчыкі ў Польшчы, з якіх вяшчаем на Брэсцкую вобласць; ёсць перадатчыкі ва Украіне, якія пакрываюць Піншчыну; на ўльтракароткіх хвалях мы кругласуткава вяшчаем на поўнач Беларусі. Але ў марах у нас – усё ж атрымаць нармальнае FM-вяшчанне ў самой Беларусі.
– Якім быў першапачатковы канцэпт радыё і ці змяніўся ён з гадамі?
– Ад самага пачатку мы імкнуліся працаваць як сучаснае моладзевае FM-радыё з сучасным фарматам: 70% музыкі і 30% інфармацыі. Спачатку было толькі радыё, потым дадаўся сайт, і пачалося пэўнае балансаванне паміж імі. Цяпер можна сказаць, што мы – мультымедыйная пляцоўка: сайт, радыё, сацыяльныя сеткі, Youtube.
Прынцыпы нашай працы – аператыўнасць, аб’ектыўнасць і дакладнасць інфармацыі. “Еўрарадыё” – не апазіцыйны СМІ. Мы апазіцыйныя да ўладаў, апазіцыйныя да апазіцыі, мы наогул на любую падзею глядзім крытычна. Усю інфармацыю мы стараемся разглядаць з пазіцыі звычайнага чалавека – наколькі добра ці кепска яму ад таго ці іншага рашэння.
– Пра калектыў радыё ты падрабязна распавядаў “Абажуру” два месяцы таму. А хто прайшоў праз ЕРБ за гэтыя дзесяць год?
– Вельмі шмат цікавых і творчых людзей прайшло праз “Еўрарадыё”. Напрыклад, Алёна Андрэева, якая працуе цяпер на TUT.BY, Павел Свярдлоў, які з’яўляецца рэдактарам Kyky.org, вельмі шмат нашых былых супрацоўнікаў сёння на “Белсаце”. Касцяк жа тых людзей, якія стваралі радыё, па-ранейшаму з намі: Слава Корань, Дзмітрый Новікаў, Сяргей Ахрамовіч.
Мы не падзяляем офісы ў Варшаве і Мінску – для нас гэта адна рэдакцыя. Тым больш што інтэрнэт зараз дазваляе без праблем камунікаваць на адлегласці. Мы нібыта проста сядзім па розных кабінетах: Варшава адказвае за вяшчанне, Мінск – за падрыхтоўку большасці матэрыялаў.
– У 2009 годзе ЕРБ атрымала акрэдытацыю ў Беларусі. Як гэтага ўдалося дамагчыся?
– У 2009 годзе была пэўная хваля пацяплення паміж Беларуссю і Захадам. І дакладнага адказу, чаму менавіта нам і чаму наогул далі акрэдытацыю, у нас няма. Адказаць на гэта пытанне, мабыць, могуць толькі тыя, хто яе даваў.
Зараз, дарэчы, чарговае пацяпленне стасункаў. Таму я не выключаю, што акрэдытацыю могуць атрымаць і прадстаўнікі “Белсата” ці “Радыё Рацыя”.
– А былі перасцярогі, што ў пэўны момант не працягнуць акрэдытацыю?
– Страхі былі, калі мы падавалі дакументы на працяг у першы раз. Гэта быў акурат лістапад 2010 года, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Тады мы вельмі непакоіліся, але акрэдытацыю нам працягнулі.
Наступны раз мы хваляваліся ўжо пасля выбараў, у 2011 годзе. Бо пацяпленне стасункаў з Еўропай змянілася пахаладаннем. Але цяпер ніхто ўжо асабліва за гэта не перажывае, бо пераакрэдытацыя стала звычайнай справай.
– Што лічыце галоўнымі перамогамі “Еўрарадыё” за дзесяцігоддзе?
– Самае галоўнае для журналіста – гэта калі ён пачынае не проста нешта пісаць ці гаварыць у паветра, а калі ад яго матэрыялаў пачынае змяняцца рэчаіснасць. Нашы матэрыялы сапраўды мелі рэальны ўплыў – напрыклад, выклікалі змены ў законах. Дастаткова ўзгадаць сітуацыю з распаўсюдам макавых бубак, якую даследаваў Яўген Валошын.
Таксама да перамог можна далучыць вялізную колькасць проста шыкоўных матэрыялаў, рэпартажаў, інтэрв’ю. Напрыклад, інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам ці Міхаілам Гарбачовым.
Мы практычна не бачым для сябе невыканальных задач. Калі на планёрцы нараджаецца нейкая ідэя, нейкі сюжэт, мы прыкладаем усе намаганні, каб яго рэалізаваць. Таму я вельмі рады за нашых журналістаў: калі яны ставяць мэту, то абавязкова дамагаюцца выніку. Фактычна любога чалавека мы даставалі “з‑пад зямлі”, калі нам трэба было паразмаўляць з ім.
Дасягненнем можна назваць і нашу сацыяльную актыўнасць. Напрыклад, у нас сумесна з еўрапейскімі амбасадамі быў праект “Тэлепорт”, у межах якога многія людзі атрымалі магчымасць падарожнічаць у Заходнюю Еўропу.
У нас ёсць уласная музычная прэмія, якая ўручаецца штогод. Чацвёрты год запар, нягледзячы на крызіс, мы адзначаем лепшых у нашай краіне. Хоць, як банальна гэта ні прагучыць, – усе самыя лепшыя дасягненні яшчэ наперадзе.
– А што можна залічыць у паразы?
– Паразаў было няшмат. Самай вялікай я лічу тое, што ў 2012 годзе мы не змаглі адстаяць нашага журналіста Паўла Свярдлова, і ён на 15 сутак трапіў за краты. Тады была праведзена вялікая праца: і адвакаты, і нейкія юрыдычныя захады, і апеляцыі. Мы дайшлі нават да Вярхоўнага суда, але ўсё ж наш калега адсядзеў гэты арышт. І праз гэта Павел Свярдлоў цэлы год у нас не мог працаваць, бо адміністрацыйнае пакаранне пазбаўляе чалавека акрэдытацыі аўтаматычна.
– Вось мы ўжо чуем першыя акорды святочнага канцэрта “Даём рады”, што адбудзецца ў суботу ў клубе Re:Public. Вы абяцалі нейкія сюрпрызы слухачам. Можа, падзеліцеся некаторымі?
– Не, ніякімі сюрпрызамі загадзя дзяліцца не буду. Няхай гэта застанецца сапраўды сюрпрызам для тых, хто прыйдзе. А падтрымку беларускіх музыкаў я б таксама залічыў да нашых перамог. Нам удалося адстаяць беларускіх музыкаў у часы забароны. Мы гэтай тэме надалі шмат увагі, нават задавалі пытанне на прэс-канферэнцыі Лукашэнку, вялі перапіску з Адміністрацыяй прэзідэнта.
І мяне вельмі радуе, што мы супольна з Аляксандрам Кулінковічам дабіліся таго, што гурты “Крама” і “Нейра Дзюбель”, якія доўгі час да гэтага не маглі выступаць, узялі ўдзел у канцэрце “Дзень радыё”, арганізаваным адмыслова дзеля праверкі – ці сапраўды ім дазволяць выступаць. Пасля таго, як мы бачым, і “Крама”, і “Нейра Дзюбель” паспяхова выступаюць і не маюць больш праблем з канцэртамі. Вось так мы працавалі і збіраемся працягваць!