• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Марціновіч: Беларуская журналістыка больш этычная за заходнюю

    Сайт БАЖ працягвае летнюю серыю публікацый "Медыйныя асобы пра журналістаў". Людзі, з якімі рэгулярна працуюць нашы калегі, распавядаюць пра свой досвед кантактавання з журналістамі. Сённяшні герой — пісьменнік і журналіст Віктар Марціновіч пра дзве стадыі публічнага аватара, негатыўны досвед камунікацыі з вядомым еўрапейскім журналістам і свой погляд на тое, якога медыя бракуе Беларусі.

    — Праз вочы, рукі і допісы журналістаў мы сёння спазнаем свет. Свет сёння ёсць такім, як пра яго пішуць. Журналісты стаяць на самым пярэднім краі фармавання нашай рэчаіснасці. Канешне, я да іх стаўлюся прыязна, з павагай, нават невялічкай перасцярогай. Таму што хто ж жадае пакрыўдзіць багоў-стваральнікаў?

    Дзве стадыі публічнага аватара

    Любая публічная асоба ў сваім медыйным аватары перажывае дзве стадыі. Першая: калі ўсе навокал табе дапамагаюць. Сябры з медыяў бачаць, што ты нікому невядомы, быць можа, таленавіты хлапчук, якога трэба праціскаць, неяк дапамагаць. І другая: як толькі ты атрымліваеш першыя відавочныя парасткі поспеху, стаўленне крышачку змяняецца. Змяняюцца пытанні, якія табе задаюць падчас інтэрв’ю, змяняецца сам фокус цікаўнасці да цябе. Я бачыў шмат калегаў па пісьменніцкім цэху, якіх гэты пералом пачынаў вельмі раздражняць.

    Я разумею, што адбываецца: з сябра, якому хочацца дапамагчы, ты робішся проста героем публікацый. Вядомым. А таму з табою можна звяртаць увагу ўжо не на дапамогу, а на праўду пра цябе. Любы герой публікацый гэта на сабе адчуваў. Галоўнае — захаваць стрыжань павагі і ва ўсім вінаваціць сябе. Калі ты ляпнуў нейкую дурату, дык крыўдаваць трэба толькі на сябе. А не што «журналіст справакаваў і задаў нязручнае пытанне». Усе пытанні ад моманту, калі ты робішся вядомым, будуць нязручнымі. У гэтым сутнасць. 

    Цікаўнасць да цябе як медыйнай асобы заўсёды спараджаецца хвалямі, і я ніяк не магу гэта патлумачыць. Месяц нікому не патрэбны, ніхто пра цябе не ўзгадвае, а потым раптам пачынаюць тэлефанаваць і днём, і ўначы. Як чалавек, каторы сам працяглы час быў журналістам, я стараюся ніколі не адмаўляць у размове. Бо сам некалі быў па той бок дыктафона і ведаю, што часам бывае пільная патрэба.

    Пра негатыўны досвед камунікацыі

    Я не магу сказаць, што у мяне былі агідныя, балючыя сустрэчы з журналістамі. Але ведаеце, у беларускіх журналістаў ёсць свае хітрыкі па тым, як здабываць «нешта такое» падчас інтэрв’ю. А ў еўрапейскіх журналістаў ёсць свае.

    Аднойчы я вельмі моцна «папаў». Гэта здарылася, калі затрымалі супрацоўніка майго кніжнага выдавецтва ў Беларусі і я мусіў рабіць вялікую шчырую гутарку з буйным еўрапейскім медыя. Журналіст адчуваў, што я перасцярагаюся, усведамляючы, што мае словы могуць парушыць лёс затрыманага. І ён сказаў: «Давайце мы з вамі паразмаўляем пакуль не пад запіс. То бок, пад запіс, але гэта будзе папярэдняя размова дзеля ўвядзення мяне ў курс справаў. А вось у сераду мы з вамі сустрэнемся, я падрыхтую пытанні і будзем ужо размаўляць па-сур’ёзцы». Я шчыра распавёў у першы дзень усё, як ёсць. А пасля… Наступная сустрэча проста не адбываецца! І я разумею, што «папярэдняе» інтэрв’ю з’яўляецца асноўным.

    Гэты хітрык вядомага еўрапейскага журналіста, працуючага для сур’ёзнага медыя, мне падаўся не надта этычным. Я быў агаломшаны тэхналогіяй. Калі б быў больш дурны і менш пераборлівы ў выразах на папярэдняй размове, я б стварыў небяспеку. А так усведамляў, што ёсць уключаны дыктафон і трэба асцярожна выказвацца па жорсткіх пытаннях.

    У Беларусі так не робяць. У нас ёсць больш этычнага ў працы журналіста.

    Пра прыемны прыклад

    Не так даўно я даў вялікае інтэрв’ю газеце «Культура». Там сядзела ўся рэдакцыя, мы размаўлялі на абедзьвюх мовах, пытанні задавалі вельмі вузкія, гаварылі мабыць тры гадзіны. Я проста бачыў, што гэта ўзровень! Узровень Colta.ru, узровень буйных англійскіх праектаў, прысвечаных культуры. 

    Былі рэзкія моманты, задаваліся і пытанні, на якія цяжка было ветліва адказаць. Але гэта было прыемна. Было бачна, што людзі, якія задаюць гэтыя пытанні, чыталі мае і шмат іншых кніг. І што яны маюць цікаўнасць да культуры, літаратуры, гісторыі мастацтваў. Калі ты сустракаешся з такімі журналістамі, якія пытаюцца не проста «Пра што ваш новы раман?», а пра нейкія нюансы з прачытаных папярэдніх раманаў, гэта надае адчуванне, што ты некаму патрэбны, што цябе чытаюць заўсёды вельмі занятыя працаўнікі СМІ. Тое, што ты робіш — важкая справа.

    Якіх медыяў не хапае

    Сёння ў Беларусі мне бракуе медыяў, якія б размаўлялі са мной пра грамадска-палітычныя з’явы ці нават пра культуру той інтанацыяй, якая б мне пасавала. У нас ёсць шмат гарадскіх часопісаў, якія патрэбнай інтанацыяй распавядаюць пра рэстарацыі і вулічную ежу. Але каб такой жа інтанацыяй хто-небудзь распавёў бы мне пра перамогу перамоваў па Данбасе ў Минску ці пра тунеядцаў, мне было б прыемна. То бок, у нас адсутнічае вялікі блок грамадска-палітычнай якаснай журналістыкі, скіраванай на чалавека разумнага.

    Мне падаецца, папулярнасць «Медузы» ў Беларусі выклікана тым, што людзі, якія не бачаць такога медыя ў нас, пачынаюць зазіраць ў Рассію. І гэта дрэнна. Бо там я магу прачытаць пра Навальнага, а пра Дзмітрыева ці Гайдукевіча я магу нешта паглядзець толькі па АНТ. Ці пачытаць сайты, скіраваныя, відавочна, не на чалавека з вышэйшай гуманітарнай адукацыяй, які мае здольнасць да крытычнага мыслення, якім не трэба спрабаваць маніпуляваць.

    Дзякуй богу, ёсць «Беларусский журнал» и Naviny.by, куды час ад часу пішуць сур’ёзныя паважаныя калумністы. Але агулам не хапае разумнай размовы адукаваных людзей, якія б распавядалі мне ўсё як ёсць.

    Пра давер да медыяў

    Я не заўсёды маю абсалютны давер да таго, пра што чытаю. Але адзіная крыніца нешта праверыць у большасці выпадкаў — іншыя медыя. Уся рэальнасць звузілася да памеру медыяў. Сёння праз тое, што вакол віруе шмат тэмаў, свет стаў вельмі блізкім, а каналы нашых стасункаў са светам зменшыліся, адзіны шанец нешта пераправерыць — Google. У гэтай сітуацыі нават слова «медыя» перастала важыць хоць штосьці. Яшчэ 20 год таму гэтаму слову можна было даць азначэнне, а што сёння апісваецца гэтым словам — цяжка сказаць. Канешне, я маю давер да медыяў,  таму што іншых каналаў сувязі з рэальнасцю ў сучаснага чалавека не засталося. Нават твая камунікацыя з бармэнам у кавярні, тое, што ён кажа — толькі што было прачытана ім на тэлефоне.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці