Марафон галоўнага рэдактара «Бобруйского курьера»
Галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка ў цяперашні час знаходзіцца ў двухмесяцовым марафоне («бяжыць» з 17 верасня). Але да спорту гэта мае ўскоснае дачыненне. Таму што марафон – літаратурны.
Прысвечаны ён «беларуска-літвінскаму» класіку французскай літаратуры Гіёму Апалінэру, сто гадоў з дня смерці якога спаўняецца 9 лістапада.
Штодзень Анатоль Санаценка размяшчае ў сваім блогу ў «Бобруйском курьере», са спасылкай на Facebook, па адным вершы Апалінэра, перакладзеным з французскай на беларускую мову.
Пачаўся гэты «літаратурны марафон» з першай кнігі Апалінэра «Бестыярыюм, або Картэж Арфея», выдадзенай паэтам ў 1911 годзе. Кніга складаецца з 30 невялікіх вершаў, гэта своеасаблівыя паэтычныя подпісы пад гравюрамі французскага мастака таго часу Рауля Дзюфі. На гравюрах намаляваныя розныя звяры, насякомыя і міфічныя істоты. Гэта значыць – трыццаць істот, 30 вершаў – своеасаблівы «бестыярыюм» або «картэж» Арфея, які, паводле старажытнагрэчаскага міфа, сваім спевам мог уціхамірваць звяроў і весці іх за сабой.
Усяго перакладчыкам плануецца апублікаваць каля 80 вершаў. У тым ліку тыя, што ніколі не перакладаліся ні на беларускую, ні на рускую мовы.
Як кажа Анатоль Санаценка, «Літаратурны марафон» будзе доўжыцца як мінімум да 9 лістапада.
Галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка з’яўляецца сябрам ГА «БАЖ», Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтра. Ім выпушчана сем кніг вершаў і прозы.
Славуты французскі паэт Гіём Апалінэр (Вільгельм Альберт Уладзімір Аляксандр Апалінарый Вонж-Кастравіцкі), гады жыцця: 1880–1918, паходзіў з беларускага шляхетнага роду. Яго маці, Анжаліка Кастравіцкая, была дачкой штабс-капітана расійскага войска Міхала-Апалінарыя Кастравіцкага, які ўдзельнічаў у паўстанні 1863 года. Родавы маёнтак Кастравіцкіх Дарожкавічы (Дзісненшчына) быў канфіскаваны пасля паўстання расійскім урадам. Дзед Апалінэра з сям’ёй эміграваў у Італію, дзе і нарадзіўся Апалінэр, і дзе прайшло яго дзяцінства.